На русском языке:
Светлана Тихановская назначила Татьяну Щитцову представителем по образованию и науке
Прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай паведаміла, што сёння прадстаўніком па адукацыі і навуцы прызначаная Таццяна Шчытцова. Разам з тым Офіс дзякуе Вользе Шпаразе і яе камандзе за супрацоўніцтва на працягу мінулага года.
Паведамляецца, што ў новай пасадзе Таццяна Шчытцова будзе:
- Каардынаваць аказанне дапамогі студэнтам / студэнткам, адлічаным па палітычных матывах, а таксама педагогам сярэдняй і вышэйшай школы і навукоўцам, якія былі звольненыя з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі;
- Удзельнічаць у распрацоўцы новых рашэнняў і рэформаў у сферы адукацыі і навукі;
- Працаваць з беларускімі незалежнымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі адукацыі;
- Развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, каб зрабіць беларускую навуку інтэрнацыянальнай і прасоўваць даследаванні беларускай гісторыі і культуры;
- Займацца маніторынгам і аналізам падзей у сферы адукацыі і навукі ў Беларусі.
Таццяна Шчытцова так пракаментавала сваё прызначэнне: «Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму беларускія школы апынуліся ў палоне абсурдных бюракратычных патрабаванняў, а ўніверсітэты цалкам страцілі аўтаномію. Наша адукацыя і навука – асабліва ў сацыягуманітарных дысцыплінах – крытычна адстаюць ад міжнародных стандартаў. Замест клопату аб якасці адукацыі рэжым адлічвае і звальняе нелаяльных, імкнучыся цалкам падпарадкаваць навучальныя ўстановы сваёй разбуральнай ідэалогіі.
Сёння перад намі стаяць дзве ключавыя задачы:
- Дапамагчы адлічаным студэнтам / студэнткам знайсці магчымасць працягваць адукацыю;
- Падрыхтаваць пакет прапаноў, якія лягуць у падмурак рэформы адукацыі і навукі ў новай Беларусі – і зрабіць [гэта] ва ўзаемадзеянні з экспертнымі супольнасцямі».
Таццяна Шчытцова – доктар філасофскіх навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Атрымала вышэйшую адукацыю і ступень кандыдата навук у Беларусі, доктарскую дысертацыю абараніла ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце (Масква). Стажыравалася ва ўніверсітэтах і каледжах Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША.