У армію забяруць усіх? У Беларусі спынілі працу службы дапамогі прызыўнікам

4 хв.

In English: Will everyone be taken to the army? The conscription assistance service in Belarus has stopped its work
На русском языке: В армию заберут всех? В Беларуси прекратили работу службы помощи призывникам

Учора тэлеграм-канал «Паглядзі, брахня?» паведаміў непацверджаную інфармацыю, што ў Беларусі перасталі працаваць сайты службаў юрыдычнай дапамогі прызыўнікам. Гаворка ідзе аб сайтах кампаній: Prizivnik.by, Povestka.by і Armyhelp.by, у апошніх таксама выдалены ўсе сацсеткі.

Пасля публікацыі, прапаганда радасна паведаміла, што «канторкі для ўхілістаў прыхлопнутыя», а нашы калегі з Mediazona.by пастараліся звязацца з прадстаўнікамі кампаній і высветлілі, што як мінімум адзін з іх знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Тут важна падкрэсліць, што ўсе гэтыя кампаніі аказвалі легальныя юрыдычныя і медыцынскія кансультацыі прызыўнікам, прасцей кажучы дапамагалі прайсці поўны медагляд, каб выявіць у чалавека непрызыўнае захворванне, а таксама кансультавалі, што казаць і якія дакументы несці ў ваенкамат. Мяркуючы па водгуках кліентаў, там не ішла гаворка пра нейкую «куплю вайсковага квітка» ці «подкуп лекараў/ваенкамаў». Кошт паслуг кампаній вар’іраваўся ад 460 да 1990 рублёў.

Што з гэтымі кампаніямі на сённяшні дзень?

Журналісты Mediazona.by звязаліся з прадстаўнікамі «Прызыўнік», «Арміхелп» і «Цэнтра правоў прызыўніка». У кампаніі «Прызыўнік Бай» сітуацыю каментаваць адмовіліся, паведаміўшы, што суразмоўца знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Ці ідзе размова аб крымінальнай справе, невядома.

У «Арміхелп» на ўдакладняючае пытанне карэспандэнта аб тым, ці туды ён датэлефанаваўся, суразмоўца адказаў: «Ужо не» і папрасіў «нічога не пісаць».

Па тэлефоне з сайта «Цэнтра правоў прызыўніка» мужчына пацвердзіў, што «некалі» нумар належаў кампаніі, але адмовіўся расказваць штосьці пра тое, што адбываецца, і дадаў, што больш «сайт працаваць не будзе». У той жа час высветлілася, што згодна з выпіскамі з АДР, усе кампаніі, якія былі пазначаны на сайтах па дапамозе прызыўнікам, на дадзены момант існуюць і не знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.

Па нашай інфармацыі, з праблемамі сутыкнуліся не толькі пералічаныя кампаніі, але і іншыя, хто працуе ў гэтай сферы. Адзін з іх кліентаў паведаміў: «іх закрываюць, і ўсе падобныя ім арганізацыі таксама». Па папярэдняй інфармацыі, у некаторых службаў дапамогі два тыдні таму прайшлі праверкі, у рамках якіх правяралі інфармацыю аб дачы хабару. Таксама паведамляюць, што прадстаўнікі адной з кампаній атрымалі суткі адміністрацыйнага арышту.

Папярэдні матэрыял
Рада ICAO прыняла рашэнне апублікаваць справаздачу аб вымушанай пасадцы рэйса Ryanair у Беларусі
Наступны матэрыял
Страты на 15 млн, эканомія на ўсім і пераход на 4-дзёнку: як санкцыі і вайна адбіліся на галоўным аэрапорце Беларусі?

Iншыя матэрыялы