На русском языке:
В Беларуси объявлена проверка подразделений, способных применять тактическое ядерное оружие
У адпаведнасці з распараджэннем Лукашэнкі ва УС РБ праводзіцца раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі. Пра гэта паведаміла МА РБ.
Да праверкі прыцягваецца эскадрылля штурмавікоў Су-25 116-й штурмавой авіяцыйнай базы і 587-ы асобны ракетны дывізіён 465-й ракетнай брыгады, узброены АТРК «Іскандэр-М». У вучэннях таксама прыме ўдзел падраздзяленне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады, узброенае ракетнымі комплексамі «Паланэз-М».
Адзначалася, што падчас праверкі будзе «правераны ўвесь комплекс мерапрыемстваў ад планавання, падрыхтоўкі і прымянення ўдараў тактычнымі ядзернымі боепрыпасамі». У прыватнасці, будуць адпрацаваны пытанні падачы спецбоепрыпасаў у воінскія часці, і іх загрузка на пускавыя ўстаноўкі (падвеска на самалёты).
У рамках праверкі было ажыццёўлена перабазіраванне часткі сіл і сродкаў авіяцыі на запасны аэрадром. Паводле нашай інфармацыі, сёння па меншай меры 2 штурмавікі Су-25 здзейснілі пералёт з аэрадрома базавання («Ліда») на аэрадром «Мачулішчы». Таксама запланаваны вывад падраздзяленняў, узброеных комплексамі «Іскандэр-М» і «Паланэз-М» у пазіцыйныя раёны.
Праверка пачалася на фоне абʼявы аб падрыхтоўцы да правядзення ў Расіі вучэнняў па прымяненні тактычнай ядзернай зброі. Беларуская праверка «сінхранізаваная» з расійскімі вучэннямі.
Верагодна, для правядзення праверкі будуць задзейнічаны палігоны «Асіповіцкі» і «Нёман».