На русском языке:
В Беларуси готовятся принять 20 тысяч мобилизованных россиян?
Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Мінабароны Украіны (ГУР МА) сцвярджае, што ў Беларусі рыхтуюць месцы для размяшчэння 20 тысяч мабілізаваных расейцаў.
«У выніку папаўнення, суадносіны «доследных» і «маладых» вайскоўцаў павінны скласці 1 да 5. Для размяшчэння плануецца выкарыстоўваць існуючыя ваенныя фонды, а таксама грамадзянскія памяшканні і будынкі. Пад гэтыя патрэбы перадаюць склады, ангары і іншыя памяшканні закінутых сельскагаспадарчых і фермерскіх гаспадарак. Адпаведныя ўказанні былі дадзеныя ВС РБ і мясцовым радам», – паведамляе ГУР.
Паводле інфармацыі ГУР МА, падраздзяленні плануюць выкарыстоўваць расійскую ваенную тэхніку са складоў на тэрыторыі РБ, тэхніку, знятую з захоўвання ў РФ, а таксама мабілізаваныя грамадзянскія грузавыя і легкавыя аўтамабілі. Украінская выведка таксама сцвярджае, што беларускія сілавікі атрымалі ўказанне садзейнічаць ВС РФ у мабілізацыі расейцаў, якія заехалі на тэрыторыю РБ. Пра гэта раней паведамлялі і беларускія СМІ.
Аналізуючы апублікаваную ГУР МА Украіны інфармацыю, можна зрабіць выснову, што на сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі павінна знаходзіцца не менш за 5 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Гэта дастаткова вялікая колькасць вайскоўцаў, чыё аднамомантнае знаходжанне не засталося б незаўважаным. Адзначым, што на тэрыторыі РБ яшчэ з 1990-х гадоў знаходзяцца два ваенныя аб’екты РФ – радыётэхнічны вузел «Баранавічы» і 43-ці вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка».
Мы неаднаразова публікавалі інфармацыю аб дыслакацыі, напрыклад, на ваенным аэрадроме «Зябраўка» (Гомельскі раён) падраздзяленняў войскаў СПА, сувязі і РЭБ ВС РФ. Служба ў названых родах войскаў спалучана з абслугоўванне складанай ваеннай тэхнікі, для чаго патрабуецца навучаны персанал. Мабілізаваныя з запасу не будуць мець дастатковыя кампетэнцыі для працы з такой тэхнікай. У сувязі з гэтым складана выказаць здагадку, ці ёсць наогул патрэба даўкамплектавання дыслакаваных у РБ згаданых вышэй падраздзяленняў ВС РФ мабілізаванымі з запасу.
Варта таксама адзначыць, што пасля адступлення з Кіеўскай вобласці ў канцы сакавіка – пачатку красавіка ВС РФ вывозілі па чыгунцы ўсю сваю ваенную тэхніку – нават якая знаходзіцца ў непрыдатным тэхнічным стане. У сувязі з гэтым мы не можам пацвердзіць інфармацыю, што ВС РФ пакінулі частку сваёй тэхнікі ў Беларусі для наступнага выкарыстання. Мы не валодаем інфармацыяй аб захоўванні на складах ВС РБ тэхнікі ВС РФ. Нельга таксама не адзначыць, што згодна з заканадаўствам РБ, мабілізацыя грамадзянскіх транспартных сродкаў (ваенна-транспартны абавязак) ажыццяўляецца толькі ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час. Ні першае, ні другое не абʼяўлена ў Беларусі на сённяшні дзень.
Пераважная большасць мабілізаваных грамадзян РФ будуць адпраўляць у пяхотныя (мотастралковыя) падраздзяленні. Іншымі словамі, калі РФ плануе адправіць у РБ 20 тысяч мабілізаваных з запасу, то на месцы павінна праводзіцца фармаванне новых у/ч і іх баявое зладжванне. Для гэтага неабходна завесці вялікую колькасць ваеннай тэхнікі, што не застанецца незаўважаным. Як і не застанецца незаўважаным масавае зняцце ваеннай тэхнікі ВС РБ з захоўвання для перадачы РФ.
На сённяшні дзень усплёску ваеннай актыўнасці ў Беларусі мы не фіксуем. Узровень актыўнасці застаецца такім жа.
Мы працягваем сачыць за ўсёй ваеннай актыўнасцю ў Беларусі і аператыўна інфармаваць аб усіх зменах на нашым канале. Калі вы заўважаеце нешта незвычайнае – просім паведамляць у @HajunBYbot.