Ваенны аглядальнік Ягор Лебядок звярнуў увагу на інфармацыю пра закупку Мінабароны РФ паслуг па арганізацыі ваенных гарадкоў на тэрыторыі Беларусі.
Эксперт піша, што яны ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, прычым даўно: паблізу Вілейкі (43-і вузел сувязі ВМФ Расіі) і Баранавічаў (474-ы ОРТУ, РЛС «Волга»). Радыёлакацыйная станцыя«Волга» ўваходзіць у склад сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, а 43-і вузел сувязі ВМФ Расіі забяспечвае сувязь у дыяпазоне звышдоўгіх хваляў Галоўнага штаба ВМФ Расіі з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства у раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў.
Больш за тое, і тэндар такі праводзяць не ўпершыню, такая ж закупка была ў мінулым годзе на суму 119,8 мільёнаў расійскіх рублёў, у бягучым годзе на такія працы запланавана 146,7 мільёнаў расійскіх рублёў (на 22% больш). Ды і Беларусь не адзіная краіна, дзе разбітыя такія мястэчкі. Як прыклад — Кіргізія. І сумы на абслугоўванне там амаль такія ж, як у нас: у мінулым годзе вылучалі 117,9 мільёнаў расійскіх рублёў, а ў гэтым — 147 мільёнаў расійскіх рублёў.
Такім чынам эксперт мяркуе, што запланаваныя закупкі накіраваныя хутчэй за ўсё на абслугоўванне ўжо наяўных ваенных гарадкоў узброных сіл Расіі на тэрыторыі Беларусі.