На русском языке:
В июне с территориальной обороной Лунинецкого района пройдут учения
З 8 па 29 чэрвеня пад кіраўніцтвам старшыні Лунінецкага райвыканкама Брэсцкай вобласці пройдзе навучальны збор з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. Пра гэта паведаміла выданне «Лунінецкія навіны».
Падчас збораў з ваеннаабавязанымі пройдуць заняткі па баявой падрыхтоўцы. Будуць адпрацаваны пытанні нясення службы на кантрольна-прапушчальным пунце, аховы абʼекта жыццезабеспячэння і супрацьдзеяння дыверсійна-разведвальным групам. Вынікам збораў стане камандна-штабныя вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны Лунінецкага раёна.
Паведамлялася, што падчас збораў будзе сфарміраваны атрад народнага апалчэння. Усяго на зборы будуць прызваныя з запасу 100 ваеннаабавязаных.
Адзначым, што ў бюджэце Лунінецкага раёна на 2023 год запланаваныя выдаткі на нацыянальную абарону ў памеры 41625 BYN ($ 14 200). Гэта амаль у 2 разы больш, чым у 2022 годзе. Для правядзення вучэння з тэрытарыяльнай абаронай мясцовыя ўлады закупілі:
- 30 чахлоў для сталёвых шлемаў;
- 50 камплектаў ваеннай формы адзення;
- 100 камплектаў ніжняй бялізны;
- 10 індывідуальных аптэчак «лепш за НАТАўскія».
На закупкі было выдаткавана 28337,2 BYN / $ 9684.
Усяго з пачатку года было праведзена ўжо 4 вучэнні з тэрытарыяльнымі войскамі ў розных рэгіёнах РБ. У іх прынялі ўдзел не менш як 530 рэзервістаў.