На русском языке:
Политзаключённый Николай Климович умер в колонии
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. У лютым 2023 года яго асудзілі да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку. Такі прысуд вынес суддзя Пінскага раёна і г. Пінска Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі.
Журналісты «Медыязоны» патэлефанавалі ў ПК-3 – дзяжурны адказаў, што ніякай інфармацыі па тэлефоне прадставіць не можа. Таксама ён сказаў, што сваякі «могуць звярнуцца пісьмова» і тады ім будзе дадзены адказ.
Як піша «БАЖ», увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні мінулага года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам, бо мае інваліднасць у сувязі з хваробай сэрца. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда.
Мікалая нядаўна этапавалі ў калонію, дзе ён неўзабаве памёр. Па словах праваабаронцаў, падрабязнасці смерці на дадзены момант высвятляюцца.
Рэдакцыя «МатолькаДапамажы» выказвае спачуванні родным і блізкім Мікалая.
Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская выказалася наконт смерці палітвязня:
«У мінулым годзе палітвязень Мікалай Клімовіч намаляваў карыкатуру на Лукашэнку. Яго затрымлівалі ў снежні 2022 года, але выпусцілі праз некалькі дзён – бо ў мужчыны інваліднасць II групы па сэрцы і яму было дрэнна з сэрцам за кратамі. Але нягледзячы на такі стан здароўя, у лютым 2023 года суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча вынес прысуд: адзін год калоніі. Задумайцеся – чалавека асудзілі на год калоніі за тое, што ён намаляваў карыкатуру!
Сёння Мікалай Клімовіч памёр. Я хачу выказаць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім. Гэта велізарная трагедыя і велізарны боль для ўсіх нас.
Нельга дапускаць новых смерцяў. Цяпер у турмах утрымліваюцца сотні палітвязняў з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Усе палітвязні павінны выйсці на волю, а яны – першымі. І ўжо зараз трэба дапусціць да людзей у турмах родных і адвакатаў. Трэба вярнуць магчымасць перадаваць у турмы лекі – таму што людзей у калоніях ніхто не лечыць. Ніхто не павінен больш паміраць».