У Курапатах пашкодзілі крыжы пры спілоўванні дрэў

Фота з сацсетак
6 хв.

На русском языке: В Куропатах повредили кресты при спиливании деревьев

У сацсетках зʼявіліся фатаграфіі крыжоў у Курапатах, якія, як відаць, былі пашкоджаны пры спілоўванні дрэў.

Па словах аўтара, ва ўрочышчы працуюць супрацоўнікі лясгаса, якія там яшчэ і гуляюць у карты, седзячы проста на крыжах. Акрамя таго, на фота можна заўважыць нецэнзурныя надпісы – акты вандалізму.

У мінулым месяцы ў Курапатах невядомыя вандалы апаганілі крыж-помнік беларускаму навукоўцу і аднаму з заснавальнікаў БНР Вацлаву Ластоўскаму, расстралянаму ў канцы 1930-х. Гэта далёка не першыя акты вандалізму ў Курапатах, дзе знаходзяцца помнікі рэпрэсаваным і расстраляным беларусам у часы сталінскага тэрору.

Нагадаем, Курапаты – гэта ўрочышча на паўночна-ўсходняй мяжы Мінска, дзе былі выяўленыя масавыя пахаванні ў канцы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў. Гэтае месца зʼяўлялася месцам масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных органамі НКУС у 1937–1940 гадах.

У другой палове 80-х гадоў археолагі і гісторыкі пачалі раскопкі ва ўрочышчы Курапаты па навядзенні дзяцей, якія там ігралі. Такім чынам было адкрытае месца масавых расстрэлаў палітвязняў 1930-х гадоў. Гэта быў першы выпадак выяўлення пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у СССР.

У Курапатах пашкодзілі крыжы пры спілоўванні дрэў

Па сведчанні відавочцаў, пакарання смерцю ў Курапацкім лесе адбываліся штодня. Дакладнай лічбы, колькі чалавек было расстраляна ў гэтым месцы, няма, паколькі КДБ Беларусі не адчыняе архівы. Паўнавартасныя раскопкі не праводзіліся. На думку гісторыкаў, загінуўшых можа быць ад 30 000 да 250 000.

З 1993 года ўрочышча Курапаты ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў. Курапаты маюць статут гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. Штогод у Курапатах праводзілася «Ноч расстраляных паэтаў», аднак пасля 2020 года гэта стала немагчыма з-за рэпрэсій рэжыму.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі архівы КДБ зноў былі зачыненыя, а ўся праца над увекавечаннем памяці расстраляных у Курапатах спынілася. Драўляныя крыжы ў памяць аб рэпрэсаваных у 2018 годзе ўсталявалі актывісты на чале са Зміцерам Дашкевічам.

У Курапатах пашкодзілі крыжы пры спілоўванні дрэў

Затрыманне Змітра Дашкевіча ў Курапатах, 2019 / Фота: Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У 2019 годзе гэтыя крыжы на загад МУС спрабавалі знесці бульдозерамі. Пратэставалі супраць вандалізму былі затрыманыя, у іх ліку – Зміцер Дашкевіч, Ніна Багінская, Павел Севярынец і Дзяніс Урбановіч, які зараз ваюе ва Украіне.

Папярэдні матэрыял
Сілавікі Лукашэнкі затрымалі ўкраінку, а зараз хочуць дэпартаваць
Наступны матэрыял
«Якія да мяне могуць быць прэтэнзіі?»: адміністрацыя юрфаку і БРСМ пракаментавалі Нашай Ніве «пакаяльнае відэа» са студэнтам факультэта

Iншыя матэрыялы