На русском языке:
В Минобороны выдали за проверку боевой готовности репетицию парада
Сёння раніцай МА РБ паведаміла, што ў рамках праверкі баявой гатоўнасці ў 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе «па трывозе ў неба быў узняты экіпаж дзяжурнага авіяцыйнага сродку».
Цытата: «Экіпаж са складу дзяжурнага звяна самалёта Су-30СМ выканаў своечасовы ўзлёт, заняў зону дзяжурства ў паветры, далей падвяргаўся праверцы адной з задач дзяжурных сіл СПА».
Навіна пра «трывожны вылет» маментальна была растыражаваная беларускімі і расійскімі СМІ. Не абы-якая справа! Аднак рэальныя акалічнасці гэтага вылету адрозніваюцца ад прэс-рэлізу МА РБ.
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», 26 чэрвеня на аэрадроме «Баранавічы» палётаў знішчальнікаў Су-30СМ не праводзілася. Таксама згодна з устаноўленым раней графікам сёння рэпетыцыя паветранай часткі парада 3 ліпеня не праводзілася.
Аднак на апублікаваных МА РБ фота можна заўважыць 1 знішчальнік Су-30СМ. Усяго ВПС РБ мае на ўзбраенні 4 такія самалёты.
Мяркуючы па цені, які падае на зямлю ад знішчальніка, фота было зроблена каля 11:00 на аэрадроме «Баранавічы». Пры гэтым самалёт на фота быў без ракетнага ўзбраення на «падвешваннях». Менавіта так знішчальнікі лятаюць на рэпетыцыі парада. Пры гэтым дзяжурны самалёт па трывозе вылятае з камплектам ракетнага ўзбраення.
Такім чынам, МА РБ, верагодна, выдала ўчорашні вылет знішчальніка Су-30СМ (25 чэрвеня ў 11:00) на рэпетыцыю парада за нібыта сённяшні «баявы» вылет па трывозе.
Чаму мы можам гэта сцвярджаць? Праверка баявой гатоўнасці пачалася 21 чэрвеня.
- 21 і 22 чэрвеня на аэрадроме «Баранавічы» фіксаваліся палёты Су-30СМ ВПС РБ толькі ўвечары.
- 23 чэрвеня палётаў знішчальнікаў ВПС РБ на аэрадроме не фіксавалася.
- 24 чэрвеня (з 12:00 да 12:30 і з 16:14 да 16:35) і 25 траўня (з 11:00 да 11:30 і 15:00 да 15:30) усе 4 Су-30СМ ВПС РБ удзельнічалі ў рэпетыцыях парада.
Інфармацыю пра палёты можна паглядзець на нашай анлайн-мапе ваеннай актыўнасці.
Праверка такая глабальная і маштабная, што МА РБ на 6 дзень ужо няма чаго прадэманстраваць грамадскасці? Сапраўды, колькі можна паказваць парачку «Градаў» і дзясятак вайскоўцаў ССА як сурʼёзную актыўнасць у рамках праверкі?
Магчыма таму ўчора было прынятае рашэнне тэрмінова выправіць сітуацыю. Спачатку за «актыўнасць» выдалі палёт аднаго дзяжурнага верталёта ў Лунінец. А сёння – вылет «па трывозе» Су-30СМ без ракетнага ўзбраення (на самай справе – на рэпетыцыю парада).
Не выключана яшчэ, што «ў рамках праверкі» беларускія лётчыкі проста запланавалі адпрацаваць новы элемент – здзяйсненне самалётам Су-30СМ тарана механізаванай калоны ўкраінскіх войскаў. Таму вырашылі не марнаваць каштоўныя ракеты, і вылецець «ўлегцы». Усёй праўды мы, вядома, не даведаемся.
Па выніку маем плюс 1 фэйк, распаўсюджаны МА РБ.