У Мінску абвалілася частка моста на Нямізе

motolko.help
5 хв.

In English: Part of the bridge on Nemiga collapsed in Minsk
На русском языке: В Минске обвалилась часть моста на Немиге

А 3-й гадзіне ночы 8 студзеня, у цэнтры Мінска абвалілася частка пуцеправода над вуліцай Няміга. Ніхто не пацярпеў. Паводле інфармацыі чытачоў motolko.help прыблізна ў 02:30 ад маста адваліўся кавалак, пасля чаго праз некаторы час на праезную частку вуліцы Няміга абвалілася пешаходная частка пуцеправода.

Паведамляецца, што супрацоўнікі МНС прыбылі на месца для ліквідацыі наступстваў а 4-й гадзіне ночы і пачалі разбіраць завалы. У Мінгарвыканкаме заявілі, што папярэдняя версія абвальвання часткі моста — «стомленасць канструкцый (у сувязі з работай метро і павышанай нагрузкай з-за скокаў тэмператур)».

Акрамя таго, прычынай таксама магло стаць празмернае выкарыстанне рэагентаў, якія апроч знішчэння лёду, таксама паступова раз’ядаюць жалеза і сталёвыя пруты ў жалезабетоне. У сваю чаргу гэта прыводзіць да таго, што бетон адколваецца і перакрыцці не вытрымоўваюць нагрузкі.

Паводле слоў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра Дараховіча, работы на мосце праз вуліцу Няміга будуць весціся кругласутачна. На працягу дня збіраюцца завяршыць дэмантаж канструкцый, якія абваліліся, а за тыдзень плануюць разабраць увесь пуцеправод. «Будаўніцтва новага будзе распачата аператыўна, але працы зоймуць некалькі месяцаў. Яны будуць весціся кругласутачна», — сказаў Дараховіч.

Характэрна, што апошні раз мост капітальны рамонт моста быў у 2017 годзе і тады на яго было патрачана $1,5 мільёна.

Як абмежавалі рух і як пойдзе грамадскі транспарт?

З-за абвальвання моста часова абмежаваны рух транспарту ў цэнтры Мінска. На дадзены момант закрыты рух усіх відаў транспарту на вул. М. Багдановіча (ад вул. Янкі Купалы да пр. Пераможцаў), вул. Няміга (ад вул. Гарадскі Вал да пр. Пераможцаў), вул. Леніна (ад вул. Інтэрнацыянальнай да вул. Няміга), пр. Пераможцаў (ад вул. Мельнікайтэ да вул. Няміга).

У Мінску абвалілася частка моста на Нямізе

Абмежаванне руху ў цэнтры Мінска / Yandex Maps

Акрамя таго, паводле звестак Мінсктранс, у сувязі з ліквідацыяй наступстваў абвальвання мяняюцца схемы руху аўтобусаў і тралейбусаў. Як пойдзе грамадскі транспарт:

  • Аўтобус № 57 — вул. Я.Купалы, пр. Незалежнасці, вул. Гарадскі Вал, вул. Няміга і далей па маршруце ў абодвух напрамках;
  • Аўтобусы № 1, № 69, № 119с — пр. Незалежнасці, вул. Гарадскі Вал, вул. Раманаўская Слабада, вул. Мельнікайтэ, пр. Пераможцаў у абодвух напрамках;
  • Аўтобус № 73 у напрамку ДС Вяснянка — па вул. Няміга, вул. Раманаўская Слабада, вул. Мельнікайтэ;
  • Аўтобус № 24 — вул. Куйбышава, вул. Я.Купалы, пр. Незалежнасці, вул. Гарадскі Вал, вул. Няміга ў абодвух напрамках;
  • Аўтобус №38 — вул. Багдановіча, вул. Я.Купалы, пр. Незалежнасці, вул. Гарадскі Вал, вул. Няміга ў абодвух напрамках;
  • Аўтобус №91 — вул. М.Багдановіча, вул. Я.Купалы, пр.Незалежнасці, вул. Гарадскі Вал, вул. Раманаўская Слабада, вул. Мельнікайтэ, пр. Пераможцаў у абодвух напрамках;
  • Аўтобус № 163 — у бок Сухарава па вул. Няміга, Раманаўская Слабада, Мельнікайтэ і далей па маршруце;
  • Тралейбус №40 ідзе з боку ДС Паўднёвы Захад да пл.Багушэвіча;
  • Тралейбус № 53 ідзе з боку Зялёнага Луга да пл.Бангалор, з боку Малінаўкі да пл.Багушэвіча;
  • Тралейбусы № 29 і №37 ідуць да ДС Карастаянавай;
  • Тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам на маршрутах № 40, 53 ідуць па вул. Няміга, вул. Гарадскі Вал, пр. Незалежнасці, вул. Я.Купалы і далей па маршруце;
  • Тралейбус №12 адменены.

Таксама паведамляецца, што арганізаваны часовы аўтобусны маршрут 46Т «пл.Бангалор-пл.Багушэвіча», які ідзе па вул.Багдановіча, вул.Я.Купалы, пр. Незалежнасці, вул.Гарадскі Вал, вул.Няміга.

Папярэдні матэрыял
Зняволены Дзмітрый Дудойць здзейсніў суіцыд у Магілёве
Наступны матэрыял
Нарвежская Yara спыніць закупку калійных угнаенняў у Беларусі да 1 красавіка

Iншыя матэрыялы