У Мінску праходзіць «суд» над Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і іншымі праваабаронцамі «Вясны»

Весна
5 хв.

На русском языке: В Минске проходит «суд» над Нобелевским лауреатом Алесем Беляцким и другими правозащитниками «Весны»

«Суддзя» Марына Запаснік адмовіла ў хадайніцтве весьці працэс на беларускай мове. З такім хадайніцтвам выступілі праваабаронцы, таксама яны прасілі зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць – гэтае пытанне «суддзя» нават не разглядала.

У пачатку суда Бяляцкі заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову. Таксама Бяляцкі заявіў хадайніцтва – даць перакладчыка з рускай на беларускую мову. Яно таксама было адхілена.

Акрамя таго, Алесь Бяляцкі выказаў недавер «суддзі» Запаснік і заявіў ёй адвод – хадайніцтва было адхілена.

З’явіліся фота, як выглядаюць праваабаронцы «Вясны», якія больш за 1,5 гады знаходзяцца за кратамі. На здымках нобелеўскі ляўрэат праваабаронца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Ўладзімер Лабковіч.

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак – гэта рэкорд па палітычным працэсе. Алесь Бяляцкі заявіў, што больш за 70 тамамі не паспеў азнаёміцца. Бяляцкі прасіў даць яму час на азнаямленне з матэрыяламі справы. Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падстаў для прадастаўлення яму дадатковага часу для азнаямлення, піша «Вясна».

На «суд» таксама прыйшла прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе «праваабаронцай». Цяпер яна піша матэрыялы для лукашэнкаўскай газеты «Советская Белоруссия» («Беларусь Сегодня»). Валянціну Стэфановічу адмовілі ў хадайніцтве аб выдаленні Красоўскай з працэсу, хаця яна давала паказанні супраць праваабаронцаў пад прозвішчам «Карповіч». Суддзя пацвердзіла, што прозвішчы і імёны некаторых сведкаў сапраўды мянялі «з-за іх бяспекі».

Адзначым, што ў адрозненне ад прапагандыстаў, на суд не пусцілі дыпламатаў Еўразвяза, якія прыехалі падтрымаць праваабаронцаў. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх. Супрацоўнікі суда спаслаліся на ковідную рассадку, аднак усе прысутныя сядзелі без масак. Каля 10-12 чалавек не пусцілі, сярод іх прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Усяго на суд прыйшло каля 30 чалавек.

Папярэдні матэрыял
На БЧ праходзяць вучэнні па пагрузцы-выгрузцы воінскай тэхнікі ў любым месцы на перагонах.
Наступны матэрыял
Мінабароны РБ паведаміла пра нарошчванне рэгіянальнай групоўкі войскаў

Iншыя матэрыялы