У палітвязня Івана Красоўскага памёр бацька — сын не зможа трапіць на пахаванне

MaksLongLive
10 хв.

In English: The father of a political prisoner Ivan Krasouski died – the son can’t come to the funeral
На русском языке: У политзаключённого Ивана Красовского умер отец — сын не сможет попасть на похороны

Учора стала вядома, што ад ускладненняў COVID-19 памёр адзін з самых вядомых беларускіх экстрэмалаў — Іван Красоўскі. У 2018 годзе ён атрымаў траўму пляча, наляцеўшы на елку. У яго правым плячы, засела бервяно дыяметрам прыкладна 8-10 см. Тады мужчыну пашанцавала, што бервяно не зачапіла сасуды і нервы.

Выданне «Наша Ніва» паведамляе, што ягоны сын Іван Красоўскі-малодшы — палітвязень, які ў жніўні 2020 года трапіў на Акрэсціна, дзе падвергнуўся катаваннямі і пасля гэтага два тыдні правёў у інвалідным вазку. Ягоную гісторыю падрабязна распавялі праваабаронцы.

«Я вельмі моцна хацеў у прыбіральню. Калі прыехаў на вакзал, я думаў, пакуру і схаджу там. Але мяне затрымалі. Я адразу пачаў заяўляць супрацоўнікам міліцыі, што я хачу ў прыбіральню, але мяне не пускалі. І калі супрацоўнікі ГУБАЗіКу даведаліся, што я хачу ў прыбіральню, яны мне «прабілі» пад мачавік, і я там абасцаўся. Я дакладна не ведаю, ці здымалі яны відэа, але, хутчэй за ўсё, здымалі», — распавядаў Іван.

Хлопец расказваў, што калі яго прывезлі на Акрэсціна, то выкінулі з буса, знялі кайданкі і пачалі збіваць: білі за татуіроўку, білі за бранзалеты, білі за голеныя валасы.

«Прымушалі крычаць «Люблю АМАП». Першапачаткова я такі кажу: «Я не люблю фашыстаў». Пасля гэтага яны ўзлаваліся, мяне білі, мусіць, хвіліну без перапынку. Пасля гэтага я зразумеў, што трэба іх слухацца, усё, што яны прасілі, я рабіў. Я крычаў «Люблю АМАП». Яны ўсё роўна мяне білі. Пакуль у мяне звязкі не рваліся, я крычаў «Люблю АМАП». Пераставалі біць, пачыналі казаць: «Крычы «Жыве Беларусь!» Я не крычаў «Жыве Беларусь!», таму што разумеў, што мяне, хутчэй за ўсё, таксама будуць збіваць. Яны мяне ўсё роўна б’юць. Я крычу: «Жыве Беларусь!» — мяне пачынаюць зноў збіваць. Пасля пачыналі крычаць «Ганьба! Ганьба!» — таксама збівалі», — казаў Іван.

У палітвязня Івана Красоўскага памёр бацька — сын не зможа трапіць на пахаванне

Цела Івана Красоўскага пасля Акрэсціна і бальніцы / Фота: MaksLongLive

З Акрэсціна яго забрала «хуткая» і адвезла ў лякарню ў Бараўляны, дзе дыягнаставалі моцны ўдар тазасцегнавай косткі, шматлікія ўскладненыя гематомы на ягадзіцах і на нагах. Пасля гэтага хлопец правёў каля двух тыдняў у інвалідным вазку.

Другі раз Івана Красоўскага затрымалі ўвечары 24 верасня ў Мінску па дарозе ў метро ад сябра, у якога ён жыў. Днём 25 верасня стала вядома, што на Івана ўзбудзілі крымінальную справу. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Нібыта ён перакрываў дарогу каля ГЦ «Рыга» ноччу з 10 на 11 жніўня 2020 года.

Аднак пазней справу перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Івана асудзілі на 3 гады «хіміі», але яму ўдалося збегчы з краіны. На пахаванні бацькі ён прысутнічаць не зможа.

Папярэдні матэрыял
Святлана Ціханоўская накіравала ліст прэзідэнту Рады ICAO
Наступны матэрыял
АЗС, НПЗ і ўрэзка ў трубаправод: дзе запраўляюцца расійскія войскі ў Беларусі?

Iншыя матэрыялы