На русском языке:
В ПАСЕ призовут устранить юридические препятствия для беларусов в изгнании
На сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы будзе разгледжаны даклад члена Палаты дэпутатаў Люксембурга Палі Галеса – «Вырашэнне канкрэтных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні».
Дадзены дакумент заклікае сябраў Рады Еўропы ліквідаваць адміністрацыйныя і юрыдычныя перашкоды для беларусаў у выгнанні і забяспечыць ім адпаведны ўзровень абароны, дазваляючы інтэгравацца і захоўваць пры гэтым іх нацыянальную ідэнтычнасць.
«Прыбіранне юрыдычных, адміністрацыйных і практычных перашкод, з якімі яны сутыкаюцца, і аказанне падтрымкі беларусам у выгнанні павінна быць прыярытэтам для дзяржаў-членаў Савета Еўропы, паколькі дэмакратычная і бяспечная Беларусь зʼяўляецца часткай вырашэння праблемы бяспекі ў Еўропе», – гаворыцца ў дакуменце.
Праект рэзалюцыі, сярод іншага, рэкамендуе:
- Выдаваць гуманітарныя візы ва ўсіх пасольствах/консульствах, якія прадаўжаюць працаваць у Мінску;
- Пашырыць крытэры выдачы гуманітарных віз на сваякоў палітвязняў;
- Забяспечыць магчымасць выдачы беларусам віз ЕС у краінах з бязвізавым уездам для беларусаў (напрыклад, Грузія);
- Афармляць шматразовыя візы для сваякоў беларусаў у выгнанні.
«Асамблея таксама прапануе дзяржавам-сябрам, зноў жа ў цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй і Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ІКАА), абмеркаваць з адпаведнымі прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл у выгнанні магчымасць выдачы пашпарта для беларусаў у выгнанні, якія будуць прызнаныя сярод дзяржаў-членаў», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Акрамя таго, у рэзалюцыі падкрэсліваецца, што дэмакратычныя сілы імкнуцца стварыць «новую Беларусь» у выгнанні і такія намаганні трэба падтрымліваць.