На русском языке:
В школах и ВУЗах детям всю неделю рассказывали про «прекрасный СССР»
У апошнія дні ў школах і ВНУ значна ўзмацнілася прасавецкая прапаганда. Вядома, што напярэдадні 7 лістапада мерапрыемствы пад лозунгам «як добра ў СССР» прайшлі ў навучальных установах Ляхавіч, Брэста, Лоева, Гродна, Гомеля, Мазыра, Мінска, Магілёва, Жлобіна і г.д.
Напрыклад, у Гомельскім каледжы дызайну прайшоў круглы стол, дзе вучням расказвалі пра біяграфію Леніна, працэдуру прыёму ў акцябраты, піянеры і камсамол, а прадстаўнікі Мазырскага музычнага каледжа наведалі канцэрт, дзе гаварылася, што: «Дзякуючы рэвалюцыі беларускі народ здабыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру».
Яшчэ далей пайшлі ў Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы і БДУ, дзе правялі ўрачыстыя лінейкі ў гонар 7 лістапада. У БДУ, дарэчы, бралі ўдзел і навучэнцы аднайменнага ліцэю, разам з новым дырэктарам Таццянай Мамчыц.
І факт у тым, што ўсе гэтыя мерапрыемствы абʼядноўвае выключная рамантызацыя і падача інфармацыі пра СССР толькі ў станоўчым ключы. Дзецям увогуле нічога не расказваюць пра БНР, і як паўплывала стварэнне першай беларускай рэспублікі на дзяржаўнасць. Інфармацыя падаецца толькі ў фармаце – «СССР цудоўны, там было ўсім добра», і свядома ігнаруюцца рэпрэсіі супраць беларусаў, знішчэнне беларускай культуры, нізкі ўзровень жыцця людзей, ізаляцыя ад усяго свету, абмежаванне правоў і татальны кантроль ва ўсіх сферах жыцця.