На русском языке:
Украина обменяла арестованного за диверсию в Мачулищах Николая Швеца и ещё 4-х политзаключённых украинцев
Украіна абмяняла арыштаванага за дыверсію ў Мачулішчах Мікалая Швеца і яшчэ 4-х палітвязняў.
Пра гэта сёння паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Акрамя Мікалая Швеца ў выніку абмену ва Украіну вярнуліся яшчэ 4 грамадзянскія, якія былі затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя волі: Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Уладзімір Зяленскі таксама адзначыў, што ў абмене прыняў удзел Ватыкан.
Мікалай Швец – украінец, якога затрымалі пасля падрыву расійскага ваеннага самалёта ДРЛА А-50 у Мачулішчах. У кастрычніку 2023 года прапагандысты выпусцілі пакаяннае інтэрвʼю з ім, дзе ён «прызнаўся» ва ўдзеле ў аперацыі і распавёў, як яго нібыта падманулі і кінулі ўкраінскія спецслужбы.
Палітвязня Наталля Захаранка ў чэрвені 2023 года адправілася з Чарнігава ў Мазыр, дзе яе затрымалі сілавікі. Пазней яна была асуджаная Гомельскім абласным судом за «шпіянаж». Яе прыгаварылі да 9 гадоў. Наталля зʼяўлялася валанцёрам, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх бежанцаў, перадавала дакументы і лекі.
Паўла Купрыенку 9 сакавіка 2023 года асудзілі «за агентурную дзейнасць на карысць Украіны» на 7 гадоў калоніі. 30 чэрвеня 2023 г. МУС унесла палітвязня ў «спіс экстрэмістаў».
Кацярына Бруханава, якая нарадзілася ў Херсоне, з 2016 года жыла ў Беларусі. Яе затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. У тэлефоне, які ў яе запатрабавалі на праверку, сілавікі знайшлі адпраўленыя 30 сакавіка 2022 года два відэа ў чат-бот «Зеркала». На гэтых відэа было перамяшчэнне тэхнікі УС РФ пад Мінскам.
Суд над Людмілай Ганчарэнкай праходзіў у закрытым рэжыме. Яе судзілі па артыкуле за «агентурную дзейнасць», прысуд невядомы.