На русском языке:
ВоенТВ не раскрыл «секретные» подробности тренировки ВВС РБ, о которых «Беларускі Гаюн» писал две недели тому
22-23 сакавіка ВПС РБ праводзілі трэніроўку па перабазаванні і вываду з-пад удару ваеннай авіяцыі на запасныя аэрадромы. Раней «Беларускі Гаюн» не толькі звяртаў увагу на гэтую трэніроўку (1, 2), але і паказваў у рэжыме рэальнага часу перамяшчэння самалётаў падчас трэніроўкі. Таксама намі фіксавалася перакідка па дарогах агульнага карыстання спецыяльнай тэхнікі для забеспячэння палётаў ваенных самалётаў.
Але прапагандысты ВаенТБ у сюжэтах на тэму трэніроўкі, паказаных у праграмах «Арсенал» і «Ваенны агляд» заяўлялі пра «сакрэтны» і «імгненны» яе характар. Напрыклад, прапагандыст ВаенТБ Дзмітрый Бандаровіч заявіў:
«Куды канкрэтна і калі ваенная авіяцыя перамяшчалася падчас трэніроўкі ў гэтым сюжэце мы не раскажам. Інфармацыя, мякка кажучы, закрытая».
Што для ВаенТБ закрытая інфармацыя, для нас і нашых чытачоў – адкрытая. Давайце ўспомнім, дзе і як праходзіла сакавіцкая «сакрэтная» трэніроўка ВПС РБ.
Су-30 СМ і МіГ-29 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС РБ прыляцелі ў аэрапорт «Віцебск».
Калі: 22 сакавіка 2023 года (тут і далей указваем мінскі час).
- 2 Су-30СМ ВПС РБ а 10:09 вылецелі з Баранавічаў на Віцебск з пасадкай там а 10:45. Назад узлёт у 12:38 з Віцебска на Баранавічы. Пасадка 13:10.
- 2 МіГ-29 ВПС РБ а 10:10 вылецелі з Баранавічаў на Віцебск з пасадкай там а 10:40. Назад узлёт у 12:44 з Віцебска на Баранавічы. Пасадка а 13:15.
Карта з названай актыўнасцю (тут і далей – час кіеўскі)
2 Ан-26 і Іл-76 50-й змешанай авіяцыйнай базы прыляцелі ў аэрапорт «Магілёў».
Калі: 22 сакавіка 2023 года.
- Іл-76 ВПС РБ у 10.09 вылецеў з Мачулішчаў на Магілёў (пасадка ў 10.45). У 13:45 вылецеў назад. Сеў у 14:15 у Мачулішчах.
- Ан-26 ВПС РБ у 10.14 вылецеў з Мачулішчаў на Магілёў (пасадка ў 10.55). У 13:50 вылецеў назад. Сеў у 14:30 у Мачулішчах.
- Ан-26 ВПС РБ у 10.12 вылецеў з Мачулішчаў на Магілёў (пасадка ў 11.00). У 13:55 вылецеў назад. Сеў у 14:35 у Мачулішчах.
Самалёты Як-130, Су-25 і L-39 116-й штурмавой авіяцыйнай базы прыляцелі ў аэрапорт «Орша» (аэрадром «Балбасава»).
Калі: 23 сакавіка 2023 года.
- 10 Як-130, Су-25 і L-39 ВПС РБ выляталі з Ліды з 11:55 да 12:30. Пасадка ў Оршы з 12:20 да 13:30. Назад узляталі з 15:45 да 17:00.
Іл-76 50-й змешанай авіяцыйнай базы прыляцеў у аэрапорт «Орша» (аэрадром «Балбасава»).
Калі: 23 сакавіка 2023 года.
- Іл-76 ВПС РБ у 12:20 вылецеў з Мачулішчаў на Ліду. У 13:05 узляцеў з Ліды на Оршу (пасадка ў 13:35). У 17:10 вылецеў з Оршы ў Ліду (пасадка ў 17:50).
Як відаць, «сакрэтная» і «імгненная» (па меркаванні ВаенТБ) трэніроўка такой наогул не зʼяўляецца. Інтрыгі не атрымалася.
Дарэчы, гэта ўжо не першы прыклад, калі «раптоўныя» і «сакрэтныя» трэніроўкі УС РБ у рэальнасці такімі не зʼяўляюцца. Ці сістэмная гэта праблема, ці ўменне ствараць толькі паказуху – пытанне рытарычнае. Дадзеная ж трэніроўка праходзіла па-за рамкамі раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці, аб правядзенні якой абвешчана 3 красавіка 2023 года.