На русском языке:
Военные ВС РБ закупили курсы английского языка для радиоразведчиков
Воінская часць 03587, якая дыслакуецца ў Гродне, 20 кастрычніка размясціла тэндар на закупку «навучальных курсаў па тэме «Англійская мова, ваенная тэрміналогія».
У запыце цэнавых прапаноў было ўказана, што курс павінен быць на 70 навучальных гадзін і праводзіцца ў межах Брэста, а дакладней у в/ч 97061 у ваенным гарадку Чырвоны Двор, прычым без адрыву вайскоўцаў ад праграмы баявой падрыхтоўкі. На навучанне 10 вайскоўцаў гатовы былі выдаткаваць 1 350 беларускіх рублёў (~$535).
Цікава, што в/ч 97061 – гэта 48-ы асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) з наземнымі сродкамі Заходняга аператыўнага камандавання. Яго задача – своечасовая радыёразведка і прыгнечанне ліній сувязі суперніка з адначасовай абаронай уласных сетак ад дзеянняў радыёэлектронных сродкаў супрацьлеглага боку.
Можна толькі павітаць цягу вайскоўцаў да вывучэння англійскай мовы. Аднак не выключана, што мэтай курсаў з’яўляецца зусім не «Лондан із зэ кэпітал оф Грэйт Брытан», а лепшае разуменне, што там кажуць па рацыях НАТАўцы, якія (па словах прапаганды) «24/7 ляскаюць гусеніцамі ля заходніх межаў».