На русском языке:
Вертолёты ВВС РБ залетели в Польшу, а Лукашенко уже 3 дня в Вискулях: что происходит на польской границе?
З вечара 30 ліпеня Лукашэнка знаходзіцца ў рэзідэнцыі «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай. Для яго аховы ў прыграніччы з Польшчай яшчэ 29 ліпеня з Мачулішчаў былі перакінуты 2 верталёты ВПС РБ, а трэці прыляцеў у прыгранічча на наступны дзень.
Сёння з самай раніцы ў СМІ распаўсюджваецца вялікая колькасць інфармацыі, якую мы праверылі, і прыводзім ніжэй толькі верыфікаваныя намі факты.
Перакідка двух верталётаў ВПС РБ у прымежжа 29 ліпеня
Перамяшчэнне Лукашэнкі і верталётаў ВПС РБ у Брэсцкую вобласць (29.07 - 30.07.2023) / Беларускі Гаюн
29 ліпеня ў раёне 17:00 з «Мачулішчаў» у раён В/Ч каля в. Каменюкі вылецелі два верталёты ВПС РБ: Мі-8 і Мі-24 (з бартавым нумарам 14). У Камянюкі яны прыбылі ў раёне 18:30. Верталёты прыбылі туды для аховы паветранай прасторы РБ падчас візіту Лукашэнкі ў рэзідэнцыю «Віскулі».
Адзначым, што гэта частка стандартнай працэдуры апошніх гадоў, роўна тое самае было і ў красавіку гэтага года.
Лукашэнка знаходзіцца ў Віскулях з 30 ліпеня
Палёт Лукашэнкі і верталётаў ВПС РБ у Брэсцкай вобласці (01.08.2023) / Беларускі Гаюн
30 ліпеня ў раёне 17:00 Лукашэнка вылецеў са сваёй рэзідэнцыі пад Мінскам на верталёце Мі-8, яго суправаджаў другі Мі-8 ВПС РБ.
Прыкладна праз 1,5 гадзіны Лукашэнка прыляцеў у рэзідэнцыю «Віскулі», што за 7,5 км ад мяжы з Польшчай, а верталёт суправаджэння адправіўся да двух іншых верталётаў у раён в. Каменюкі. Увесь дзень 31 ліпеня Лукашэнка знаходзіўся ў Віскулях.
Раніца 1 жніўня
Каля 9:40 з В/Ч у в.Каменюкі ўзляцелі два верталёты ВПС РБ: Мі-24 (борт. нумар 14) і Мі-8, якія паляцелі патруляваць мяжу ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.
Верталёт Лукашэнкі ўзляцеў з Віскулёў каля 10.00 і адправіўся ў аг. Белавежскі, куды яго суправаджаў Мі-8 ВПС РБ. У раёне 12.30 Лукашэнка вярнуўся ў Віскулі, і ўсе 3 верталёты ВПС РБ селі ў Камянюках.
Верталёты ВПС РБ, якія патрулявалі мяжу, цалкам маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы
Мі-24 ВПС РБ / Фота: wyborcza.pl
Першыя паведамленні, што два верталёты ВПС РБ перасеклі мяжу з Польшчай пачалі паступаць ~10:30 па менскім часе.
У гэты час Мі-8 і Мі-24 якраз патрулявалі мяжу. Па паведамленнях у сацсетках і СМІ, два верталёты былі заўважаныя над польскай вёскай Белавежа, якая знаходзіцца ў 2-х км ад мяжы.
Пазней зʼявіліся фота, дзе бачна, што гэта менавіта тыя верталёты, якія ўдзельнічалі ў патруляванні мяжы з Польшчай. На Мі-24 ВПС РБ можна заўважыць бартавы нумар 14. Нам удалося праверыць адно з фота і пацвердзіць, што яно было зроблена ў адным у в. Белавежа за 2,3 км ад мяжы. Гэта ж пацвярджаюць і карыстачы ў Twitter.
Таксама адзначым, што ў СМІ распаўсюджваецца відэа верталёта Мі-2, які не мае дачынення да ВПС РБ, верагодна, гэта польскі верталёт.
Ці былі нейкія вучэнні ў прымежжы з Польшчай пра якія пішуць у СМІ?
Фота Мі-24 і Мі-8 ВПС РБ над Польшчай / Фота: @SluzbyObyvatel
Не, у тым раёне ніякіх вучэнняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэнняў дачынення не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі.
Навошта верталёты маглі заляцець у Польшчу?
Мы лічым, што пілоты верталётаў ВПС РБ маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы, аднак усё паказвае на тое, што гэта было зроблена выпадкова.
Мэтанакіраваная правакацыя з перасячэннем мяжы двума баявымі верталётамі – гэта быў бы надзвычай небяспечны крок, улічваючы, што ўсяго ў +- 10 км знаходзіцца Лукашэнка, а ў 7,5 км ад мяжы ён начуе ўжо некалькі дзён, у тым ліку і прама цяпер.