На русском языке:
Выборы Лукашенко-2025 пройдут под контролем ВС РФ?
Сёння кіраўнік МА РБ Хрэнін падчас сумеснай калегіі мінабароны РБ і РФ заявіў: «Генеральныя штабы нашых узброеных сіл прыступілі да падрыхтоўкі вучэння «Захад-2025».
Аднак аб правядзенні вучэнняў «Захад-2025» у 2025 г. на тэрыторыі Беларусі «Беларускі Гаюн» паведамляў раней. Падрыхтоўка пачалася не сёння, а яшчэ як мінімум у верасні, калі ў Мінск прылятала дэлегацыя вайскоўцаў УС РФ.
Характэрна, што сёння ж, усяго праз 10 хвілін пасля вышэйзгаданай заявы, таксама была агучаная дата правядзення так званых «прэзідэнцкіх выбараў» — 26 студзеня 2025 г. Аднак даты правядзення вучэнняў «Захад-2025» пакуль не называліся.
Улічваючы храналогію гэтых заяў, нельга выключаць, што ўжо ў студзені расейскія войскі могуць пачаць прыбываць у Беларусь на вучэнні «Захад-2025».
І, адпаведна, высокая верагоднасць, што выбары-2025 адбудуцца ва ўмовах знаходжання буйнога кантынгенту УС РФ у Беларусі. Сучасная гісторыя ведае прыклады, як праходзяць народныя волевыяўленні пры падтрымцы «рускіх штыкоў».