На русском языке:
Из Беларуси в Мали улетел борт, связанный с ЧВК «Вагнер»?
Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у 1:55 ноччу 12 кастрычніка на ваенны аэрадром «Бабруйск» з Масквы прыляцеў транспартны Іл-76 (RA-76370) расійскай грузавой авіякампаніі «Абакан Эйр».
Па-першае, варта сказаць, што дадзены аэрадром вельмі рэдка выкарыстоўваецца расійскай авіяцыяй, як факт – гэта першы прылёт борта з РФ за ўвесь 2023 год, не кажучы ўжо пра тое, што борт прыбыў з Масквы ноччу. Па-другое, гэты аэрадром зʼяўляецца найбліжэйшым да лагера ПВК «Вагнер» у в. Цэль – 58 км па прамой.
І нарэшце, па-трэцяе, карыстачы ў сацсетках звязваюць гэты борт з наймітамі ПВК «Вагнер». Яшчэ летам ён быў заўважаны ў Джыбуці і Энтэбе.
Аднак вернемся ў Беларусь. Тут дадзены Іл-76 прабыў больш за суткі і паляцеў раніцай 13 кастрычніка, але самае цікавае – гэта яго далейшы маршрут:
Мінеральныя Воды (РФ) → Джерба (Туніс) (прамежкавая пасадка) → Бамака (Малі).
І гэта важна, бо вядома, што ў Малі дыслакуюцца найміты ПВК «Вагнер». Напрыклад, у канцы лета Reuters пісалі, што ў Малі знаходзяцца каля 1000 вагнераўцаў, якія там дапамагаюць мясцовай хунце. У апошні ж час, правагнераўскія каналы публікуюць нямала відэа і фота аб удзеле вагнераўцаў у баях на тэрыторыі гэтай заходнеафрыканскай краіны.
Акрамя таго, адзначым, што гэта першы рэйс, які сапраўды мог вывезці нейкую колькасць наймітаў з Беларусі, нягледзячы на тое, што чуткі пра магчымую перадыслакацыю вагнераўцаў з Беларусі ў Афрыку зʼявіліся ўжо некалькі месяцаў таму.