На русском языке:
За месяц 6 иностранных бортов залетали в Беларусь вопреки запретам
Учора літоўскае выданне Delfi паведаміла, што самалёт авіякампаніі AirBaltic, які рухаўся рэйсам з Рыгі ў Прышціну (Косава), заляцеў у паветраную прастору Беларусі, дзе прабыў 20 хвілін. Выданне азагаловіла навіну аб гэтым фразай «нечаканая сітуацыя», але насамрэч нечаканага тут нічога няма.
Так, сапраўды, яшчэ ў траўні 2021 г. урад Літвы забараніў самалётам прыбыццё/вылет з літоўскіх аэрапортаў, калі рэйс выконваецца праз паветраную прастору Беларусі, а пазней Еўрасаюз рэкамендаваў еўрапейскім авіяперавозчыкам наогул адмовіцца ад палётаў над Беларуссю, акрамя выпадкаў, калі гэта абумоўлена экстранай неабходнасцю, якая ўплывае на бяспечнае выкананне палёту.
Але, нягледзячы на гэта, замежныя самалёты працягнулі перыядычна залятаць у Беларусь. Вось прыклады з 2022 і 2023 гг. Часам барты той жа Turkish Airlines або Air Montenegro мэтанакіравана ляцелі праз РБ, магчыма скарачалі маршрут, аднак у большасці выпадкаў заходы ў паветраную прастору Беларусі еўрапейскіх самалётаў былі (і будуць) з-за адной галоўнай прычыны – метэаўмовы (лівень, навальніца, снег) на шляхі прытрымлівання.
Ніжэй спіс з 6 такіх выпадкаў, якія адбыліся за апошні месяц. На выявах ярка-зялёным колерам пазначаны межы зон ападкаў і маршрут самалётаў, якія заляталі ў Беларусь, каб банальна не ляцець у навальніцу:
- 16.07 – ужо згаданы рэйс BTI2UE AirBaltic (Рыга-Прышціна);
- 11.07 – THY1SR Turkish Airlines (Вільня-Стамбул);
- 22.06 – RYR77J Ryanair (Рыга-Кракаў);
- 22.06 – THY3RH Turkish Airlines (Стамбул-Вільня);
- 22.06 – SAS7847 SAS (Стакгольм-Сантарыні);
- 22/06 – SAS7313 SAS (Будзе-Ханья).
Акрамя таго, рэдакцыі таксама вядомыя супрацьлеглыя выпадкі, калі кіраўнік паветраным рухам у зоне аэрапорта «Вільня» строга забараняў бартам перасякаць мяжу з Беларуссю, нягледзячы на надворʼе. Да прыкладу, як у сітуацыі з рэйсам RYR72PT а/к Ryanair 25 траўня. Верагодна, што тады гэтая забарона была абумоўлена ўжо вельмі нізкай вышынёй палёту самалёта, які рыхтаваўся да пасадкі.