На русском языке:
Нашли замену? Двигатели для БелАЗ будет производить Уральский ДМЗ
Рухавікі для кар’ерных самазвалаў БелАЗ будзе вырабляць Уральскі дызельна-маторны завод, расказаў БелТА віцэ-прэм’ер Юрый Назараў. Праз санкцыі еўрапейскія вытворцы перасталі пастаўляць запчасткі для кар’ерных самазвалаў, таму прадпрыемства вымушана шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. З Уральскім ДМЗ падпісаны кантракт на пастаўку 139 маторакамплектаў рухавікоў.
Відаць, гэта не асабліва вырашае праблемы прадпрыемстваў, якія ўзніклі з прычыны санкцый, таму што паралельна прапрацоўваюць пытанне вытворчасці ўласных рухавікоў для тэхнікі БелАЗ, МТЗ, Гомсельмаш. Іх плануюць вырабляць на Мінскім маторным заводзе сумесна з неназванай кітайскай кампаніяй.
Нагадаем, у пачатку верасня амерыканская карпарацыя Cummins, адзін з асноўных пастаўшчыкоў рухавікоў для БелАЗа, спыніла супрацоўніцтва з прадпрыемствам з-за санкцый. Ад супрацоўніцтва адмовілася і нямецкая кампанія MTU Friedrichshafen. Яна пастаўляла рухавікі для самай цяжкай мадэлі сярод самазвалаў, 450-тоннага БелАЗ-75710.
Яшчэ раней з БелАЗам разарвалі адносіны кампаніі Becker Group, Liebherr і Danfoss. Нямецкая Becker Group, якая пастаўляла праз свайго дыстрыб’ютара Geramatic OY прамысловыя фарбы і іншую прадукцыю заявіла:
«Пасля ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да БелАЗа, Beckers Group спыніла ўсе аперацыі з БелАЗам і любымі асобамі, якія належаць або кантралююцца БелАЗам, з 9 ліпеня 2021 года».
Дацкая група Danfoss заявіла, што «спыніла бізнэс, які не адпавядае названым правілам санкцый». Іншая нямецкая кампанія — Liebherr, якая раней пастаўляла зубадолбежныя станкі і іншае абсталяванне для БелАЗа таксама пацвердзіла, што яе «палітыка (заключаецца) у выкананні ўжывальных нормаў і правілаў».
Па нашай інфармацыі, пасля адмовы еўрапейскіх і амерыканскіх пастаўшчыкоў прадаваць БелАЗу рухавікі, прадпрыемства пачало пастаўляць свае машыны ўвогуле без іх.
«Пагаворваюць, што БелАЗ спрытна абыходзіць санкцыі, адпраўляючы заказчыкам машыны без рухавікоў (гаворка ідзе пра cummins), а рухавікі паступаюць напрамую ад Cummins да заказчыка машыны. Ужо на месцы камандзіраваныя працаўнікі БелАЗа вырабляюць фінальную зборку».
«БелАЗ плануе прадаваць тэхніку без рухавікоў. А пасля набыцця замоўцам рухавіка высылаць на ўсталёўку спецыялістам. Ідэя ў тым, што заказчыкі не пад санкцыямі і рухавікі (камінгсы і ролсы) ім прададуць».
Нам паведамлялі, што ў спробе знайсці хоць нейкую замену, прадпрыемства нават збірала людзей у камандзіроўку ў расійскі Тутаеў на Тутаеўскі маторны завод, дзе вырабляюць кітайскія рухавікі, але на колькі нам вядома, камандзіроўка так і не адбылася.