Журналіст Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч, які прысутнічаў на Нобэлеўскай цырымоніі ў Осла, паспрабаваў паглядзець на ўсё адбываючаяся там з боку і, падаецца, прыйшоў да шэрага меркаваньняў, якія могуць быць карыснымі для разуменьня беларусам.
Свае думкі журналіст расьпісаў у адмысловай калёнцы, прыводзім частку з іх:
Замежнікі не да канца разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, нават журналісты і тэма Беларусі для іх не на парадку дня
«Можа здацца, што беларускае пытаньне ў цэнтры сусьветнага парадку дня або, прынамсі, блізка. Гэта ілюзія. Найлепш гэта было відаць на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў за дзень да цырымоніі. Замежных журналістаў Беларусь цікавіла настолькі, што першае пытаньне Натальлі Пінчук быў вымушаны задаць прадстаўнік Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту, адчуўшы, відаць, няёмкасьць моманту. […] Для іх Беларусь — экзатычная краіна, дзе адбываюцца вельмі цікавыя, але не да канца зразумелыя ім рэчы. Пераважна праз стэрэатыпы на Беларусь глядзяць і замежныя журналісты.
Расповеды пра турму за перапосты ў сацсетках або колеры нацыянальнага сьцяга яны слухалі хаця і з адкрытымі ратамі, але ў недзе ў глыбіні, здаецца, з думкай, што суразмоўца перабольшвае і дадумвае. Але нават такія сэнсацыі для іх жывуць лічаныя хвіліны, бо праблемаў у сьвеце мноства і самыя крывавыя — не ў Беларусі»;
Беларусь атрымала некалькі хвілінаў увагі і павінна змагацца за наступныя
На нобэлеўскае шэсьце ў цэнтры Осла прыйшла Іранская дыяспара, якая прыцягвала на сябе ўсю ўвагу і магло падацца, што Нобеля выйграў не беларус, з украінскай і расейскай арганізацыямі, а нейкі Іранскі палітык.
«Толькі калі яны спыніліся празь некалькі хвілінаў, я пачуў, што побач група беларусаў сьпявае апошнія радкі «Пагоні».
Сутыкненьне з гэтай рэальнасьцю нецікавасьці да Беларусі найлепш вылечвае ад неразуменьня замежнага кірунку палітыкі дэмакратычных сілаў Беларусі і «бясконцых» ваяжаў Ціханоўскай. Бо як інакш у сусьветных сталіцах зразумеюць сутнасьць сытуацыі Беларусі, калі нават журналісты яе там не разумеюць. Пасьля пачутага мяне ўсьцешыла нават тое, што вядоўца нарвэскага каналу NRK падчас жывых уключэньняў казаў Belarus, а не Hviterussland (Белая Расея)».
Замежныя журналісты бачаць беларускія праблемы праз прызму сваіх, але гэта не тое
«Беларускія праблемы яны [замежныя журналісты] часта бачаць праз оптыку палітычных праблемаў ва ўласных краінах, не разумеючы маштабу і дэталяў. Глядач у Парыжы можа паспачуваць менчуку, бо таксама выходзіць на мітынгі і часам вымушаны ўцякаць ад паліцыі, можа нават назваць Макрона антыдэмакратам. Але ён можа не ўлавіць нюансу, што ў Францыі ўлада мяняецца на выбарах, за гэтай уладай сочаць парлямэнт і іншыя дзяржаўныя інстытуты».
Нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму і цырымонія ўручэньня мала цікавілі нават беларусаў
«Пры ўсёй узьнёсласьці і важнасьці моманту я і мае калегі зь Беларусі пагадзіліся ў думцы, што саміх беларусаў гэты момант усё ж мала зацікавіў. Гаворка не пра тую аўдыторыю, якая чытае гэты тэкст. Але аб’ектыўна Нобэлеўская прэмія для беларуса Алеся Бяляцкага ня выклікала ажыятажу сярод чытачоў і гледачоў. Тут ня трэба цытаваць нейкую ўнутраную статыстыку, дастаткова паглядзець, колькі людзей паглядзелі выступ Натальлі Пінчук на розных беларускіх каналах у YouTube.
Можна колькі заўгодна наракаць на сьвет, які не цікавіцца лёсам Беларусі, але ён і не пачне цікавіцца, калі беларускія героі ня стануць цікавымі самім беларусам».