На русском языке:
Мнение. Артем Проскалович о минюсте, Слижевском и том, видно ли 80%
Арцём Праскаловіч, які 12 гадоў займаўся нарматворчасцю ў Міністэрстве юстыцыі і Адміністрацыі прэзідэнта, у сваім тэлеграм-канале разважае пра дзейнасць Алега Сліжэўскага і тое, дзе ж тыя 80% падтрымкі дзейнай улады. Прыводзім яго словы без зменаў.
Можна па-рознаму ацэньваць дзейнасць Алега Сліжэўскага ў якасці Міністра юстыцыі. І не факт, што не давядзецца ацэньваць яго старанні на больш высокай пасадзе. Хоць звычайна, калі адразу не павысілі, то ўжо наўрад.
Зразумела, што гэта быў вінцік сістэмы. Член ЦВК (якім ён пакуль застаецца і цалкам сабе цягне на месца Ярмошынай). Ніякіх патуранняў адвакатам, грамадскім аб’яднанням.
У той жа час, пры ім Мінюст стаў выглядаць больш значна. На людзей у цэлым працягвалі пляваць, асабліва калі яны з відавочных нязгодных, але ўмовы працы і атмасферу карпаратыўнага духу ў цэлым спрабавалі павышаць, на пасады цягнулі сваіх работнікаў, а не шукалі на баку. Знаходзілі фінансаванне і крыніцы для росту гэтага фінансавання…
У любым выпадку, ён быў даволі «ваенным» грамадзянскім чыноўнікам. Выкананне загадаў беспярэчнае, патрабаванні да работнікаў жорсткія, дысцыпліна найстрогая.
А апошняя зачыстка сферы адвакатуры і няўрадавых арганізацый — найярчэйшая дэманстрацыя адданасці курсу партыі.
Вынік — замена на рэальнага сілавіка.
Выснова — хунта працягвае абкопвацца.
Таму што вельмі цяжка цягам 1,5 года стрымліваць націск 10% нязгоднага насельніцтва.
А народзец пасля ўсіх рэпрэсій яшчэ і да чарговага наступу рыхтуецца. Ніяк яго не пераканаць у светлай будучыні, якая вось-вось наступіць па загадзе сонцалікага. І 80%, якія за цябе, усё ніяк не выходзяць у адзіным парыве на цэнтральныя плошчы аграгарадкоў з акцыямі пратэсту супраць дзеянняў калектыўнага захаду і нахабных айцішнікаў.
Што ж, віншую былых калег з новым кіраўніком. Хутка пачуем пра гатоўнасць судовых выканаўцаў, натарыусаў, адвакатаў, архіварыусаў, нарматворцаў і работнікаў ЗАГСаў ужываць зброю ў дачыненні да сваіх суграмадзян.