На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о торговле людьми
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост пра гандаль людзьмі. Прыводзім іх словы без зменаў.
Шмат шуму выклікала паездка Юрыя Васкрасенскага на форум у Польшчу. На фоне чутак сустрэчы кіраўнікоў МЗС Польшчы і БССР спарадзіла канспіралогію, маўляў Лукашэнка пачынае гандль закладнікамі, а «Захад нас злівае». Гэта не зусім так.
Пачнём з базавага: як Васкрасенскі апынуўся ў Польшчы. Нагадаю, што ў Беларусі арыштаваныя два актывісты Саюза Палякаў Беларусі – Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Васкрасенскі мае дачыненне да перамоваў па іх вызваленні. Відавочна, што ён там выконвае задачу пасыльнага і не больш за тое. Канчатковыя перамовы будуць ужо на ўзроўні асоб, якія прымаюць рашэнні (уласна, Макея і Рау).
Кагосьці абурыла, што палякі вядуць непублічныя кансультацыі з рэжымам, але ў гэтым таксама няма нічога дзіўнага
Калі разважаць зусім цынічна, то польская дзяржава спрабуе абараніць у першую чаргу сваіх. Нам, як беларусам, такое стаўленне дзяржавы ў навіну, але любая нармальная краіна павінна так паступаць. Акрамя Польшчы ніхто пра палякаў не парупіцца. Як і акрамя Беларусі ніхто пра беларусаў клапаціцца не павінен. Але, на жаль, тут пакуль наша дзяржава з’яўляецца выключэннем. «Пяшчотная ўвага маёй Радзімы Праз сэксоўны пацалунак мянтоўскай дубіны». (С)
Калі перамовы ўсё ж скончацца вызваленнем польскіх закладнікаў, ці зможа гэта стаць першым крокам да разрадкі ўсяго крызісу? Не. Гэта рашэнне адносна невялікага прыватнага пытання Польшчы на фоне ўсяго, што нарабіў Лукашэнка.
Тут варта паглядзець на сітуацыю шырэй. Мігранты пры падтрымцы беларускай дзяржавы працягваюць штурмаваць мяжы ЕС, у тым ліку і з Польшчай. У краіне паўтары-дзве тысячы чалавек у турмах па палітычных матывах, і іх колькасць расце. Пытанне прымусовай пасадкі самалёта рэжыму таксама вырашыць не атрымалася.
У выніку куды не паглядзі, планка патрабаванняў з боку Лукашэнкі задрана настолькі высока, што ўмоўны Захад проста не можа прапанаваць хоць што-небудзь супастаўнае. І гэта я яшчэ не кажу пра тое, што калектыўнага Захаду не існуе, а ёсць ЗША, ЕС, нацыянальныя ўрады, і ў кожнага суб’екта ёсць свае пытанні і метады іх рашэння.
Усё самае цікавае пачнецца, калі рэжыму стане ясна, што сцэнар гандлю людзьмі ў абмен на паслабленне не праходзіць. Мы яшчэ ўбачым шмат істэрыі, перанос адказнасці, мярзотных пытанняў у стылі «Вы што, не хочаце, каб людзі выйшлі?». Тут трэба памятаць, што гэта ўсё хітрыкі тэрарыста, які спрабуе прымусіць выконваць яго патрабаванні. І хто будзе яму дапамагаць у гэтым – Пазняк, Васкрасенскі або хто-небудзь яшчэ, гэта не так важна.
Важна памятаць, што гэта гандаль людзьмі. Закладнікамі, якіх захоплівалі не мы. І нашы патрабаванні свабоды і справядлівасці насамрэч хвалююць толькі нас. І за нас нашы праблемы ніхто не вырашыць.