Меркаванне. «Беларускі парадак» пра рэсентымент

хв.

Тelegram-канал «Беларускі парадак» апублікаваў меркаванне аб рэсентыменце. Прыводзім іх словы без зменаў.

Вельмі часта можна чуць заявы з нашага боку, што рэжым канчаткова страціў сувязь з рэальнасцю. Звычайна гэта суправаджаецца з’едлівымі жартамі ў адрас міністра адукацыі, які абвінавачвае ў рэвалюцыі прыватныя дзіцячыя сады. Або абурэннем Лукашэнкі, які задумаў канчатковае вырашэнне пытання праз рэформу адукацыі. Але гэта не адмаўленне рэальнасці, а фарміраванне і навязванне свайго парадку дня.

Што важна, гэтая дзейнасць не ініцыяваная рэжымам, а ёсць вытворная ад знешняга ўздзеяння або прысутнасці вонкавага суб’екта, які нібыта з’яўляецца прычынай уласных правалаў і няўдач. Для беларускіх уладаў гэта калектыўны Захад, які, скаціна такая, яшчэ і эканамічна паспяховы, у адрозненні ад сучаснай рэінкарнацыі БССР. Сукупна усё гэта выклікае злосць, зайздрасць і поўнае адмаўленне ўсяго, што звязана з гэтымі суб’ектамі.

Падобныя пачуцці ў рэжыма ў адносінах да апанентаў — нянавісць за перажыты мінулым летам страх паразы, накладзены на асцярогі новага выбуху. Усё разам прымушае круціць шасцярэнькі апарата рэпрэсій, нават калі ў гэтым няма неабходнасці.

Паралельна ствараецца новая рэальнасць, гэтак жа сама заснаваная на адмаўленні (пратэстуноў было 40 тысяч, усе з’ехалі, і г.д).

Усё вышэйпералічанае вельмі нагадвае канструкт рэсентыменту, уведзены Ніцшэ і апісаны дзесяткамі іншых аўтараў. Складаная выбуханебяспечная сумесь злосці, бяссілля і помсты ў адносінах да чагосьці вонкавага, якая спараджае змены ўнутраныя. Коратка пачытаць пра гэта можна тут, а доўга і занудна тут. Сутнасць — выбудоўванне сваёй ідэнтычнасці і маралі, грунтуючыся на нянавісці да таго, з чым не можаш справіцца. І чым даўжэй зацягваецца барацьба, тым ярчэй праяўляецца гэты рэсентымент.

У чым характэрная наша сітуацыя, у нас рэсентымент двайны. Ёсць Лукашэнка, які хоць і заяўляе што перамог, усё гэтак жа ненавідзіць Захад, ўмоўнае дэмграмадства і нацыянальныя сілы. Беларуская супольнасць, у сваю чаргу, ненавідзіць Лукашэнка і яго рэпрэсіўны апарат. Абодва пачуцці моцнай нянавісці вядуць да стварэння сваёй карціны свету, сваёй міфалогіі і свайго ўспрымання рэальнасці.

У выніку маем барацьбу двух меншасцяў — праўладнага і антыўладнага, дзе кожны фармуе нейкую сваю альтэрнатыўную рэальнасць, якая не адлюстроўвае рэальнае становішча сітуацыі.

Дзяржава спрэс ігнаруе праблемы і тое, наколькі яны адсталі ад часу. Дэмграмадства — тое, што нягледзячы на ​​жорсткасць і рэпрэсіі, жыццё ў Беларусі працягваецца. Ні ў той, ні ў іншай групы не хапае магутнасцяў, каб стварыць сваю, канчатковую і правільную версію рэальнасці, і накрыць ёй масавую свядомасць.

У свой час з гэтым не справіўся нават Савецкі Саюз, з яго рэсурсамі і татальнай машынай прамывання мазгоў. Пранікненне інфармацыі звонку падтачыла яго асновы і абвастрыла супярэчнасці, якія сталі фатальнымі. Цяпер з гэтым не спраўляецца пуцінская Расія, з яе сучаснымі тэхналогіямі медыяўплыву і прапаганды. Яны могуць ствараць сэнсы і напрамкі, але не могуць іх кантраляваць, і створаныя імі кадаўры ў выніку зжаруць іх саміх. Прапагандзе і нашым ізаляваным незалежным медыя ва ўмовах інфармацыйнай раздробненасці ўплываць на сітуацыю яшчэ больш складана.

У выніку, у нашай зацяжной барацьбе пераможа не самы злосны, не самы эмацыйны, не самы дасведчаны. А найбольш адаптыўны. Той, хто зможа знайсці і сфармуляваць схаваныя, часта супрацьлеглыя адно аднаму запыты беларускага грамадства:

— Мець права на помсту і права на рэабілітацыю.
— Права на грамадзянскую пазіцыю і на «ад’яб***ся ад нас».
— Права на абарону закону і на «свой метр мяжы».

Той, хто зможа сфармаваць падобную прапанова, патрапіць на лязо гістарычнага працэсу і зможа пераадолець і інфармацыйную ізаляцыю, і геаграфічныя межы. Інакш мы на доўгія гады і так і застанёмся нацыяй агульнага лёсу, але разадранай рэсентыментам.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Міфалогія Беларусі»: вялікая інтэграцыйная здзелка Лукашэнкі з Крамлём
Наступны матэрыял
«Падаткі 100% вырастуць, а рэпрэсіі даб'юць многія бізнэсы». Яўген Буры пра будучыню ІП у Беларусі

Iншыя матэрыялы