Меркаванне. iSANS пра ролю Беларусі ў сірыйскім канфлікце

iSANS
10 хв.

In English: Opinion. iSANS on the role of Belarus in the Syrian conflict
На русском языке: Мнение. iSANS о роли Беларуси в сирийском конфликте

Міжнародная ініцыятыва iSANS апублікавала ў сваім тэлеграм-канале пост, у якім аўтары аналізуюць заяву Лукашэнкі аб адпраўцы беларускіх вайскоўцаў і медыкаў у Сірыю, і чаму яна не адпавядае рэчаіснасці. Прыводзім словы аўтараў без зменаў.

У панядзелак у расійскіх СМІ з’явілася сенсацыйнае паведамленне аб тым, што ўрад РФ ухваліў праект пагаднення аб размяшчэнні воінскага кантынгенту Беларусі ў Сірыі.

«Адобрыць прадстаўлены Мінабароны РФ, узгоднены з МЗС і іншымі зацікаўленымі федэральнымі органамі выканаўчай улады, Вярхоўным судом, Следчым камітэтам і папярэдне прапрацаваны з беларускім бокам праект пагаднення паміж урадам РФ і ўрадам Беларусі [у самім дакуменце Беларусь называюць «Рэспублікай Беларусь»] аб супрацоўніцтве ў вобласці аказання гуманітарнай дапамогі Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы», — гаворыцца ў распараджэнні, падпісаным прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным. Поўны яго тэкст быў апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі РФ.

У дакуменце гаворыцца, што РБ і РФ «прынялі да ўвагі афіцыйнае запрашэнне» ўзяць удзел у місіі па аказанні гуманітарнай дапамогі на тэрыторыі Сірыі, якое Сірыйская Арабская Рэспубліка (САР) адправіла Беларусі, і падкрэсліваецца, што беларускі ВОІНСКІ кантынгент «колькасцю да 200 чалавек». будзе прыцягвацца да выканання мерапрыемстваў «выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў». Згодна з дакументам, планавалася, што беларускія вайсковыя спецыялісты будуць размешчаны ў месцах дыслакацыі расійскай авіяцыйнай групы, а таксама будуць «аператыўна падпарадкоўвацца» расійскаму Цэнтру па прымірэнні варагуючых бакоў і кантролі за перамяшчэннем бежанцаў на тэрыторыі САР, але пры гэтым заставацца пад камандаваннем упаўнаважанага органа беларускага боку. Варта звярнуць увагу, што ў дакуменце таксама прапісваецца забарона/абмежаванне на выкарыстанне «вырабаў асабістага карыстання, якія маюць пашыраныя мультымедыйныя магчымасці» (аўдыёзапіс, фота- і відэаздымка, вызначэнне геалакацыі).

Як вядома, «мір, спакой, стабільнасць» доўгі час быў папулярнай мантрай Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння. Ён неаднаразова абяцаў беларускім маці, што іх сынам ніколі не давядзецца ваяваць у трэціх краінах, адстойваючы чужыя інтарэсы, на што ўвесь час спасылаліся яго прыхільнікі; гэты пункт таксама быў ключавым падчас усіх перадвыбарных кампаній, у якіх ён удзельнічаў. Прымаючы да ўвагі гэты факт, цікава назіраць за развіццём дадзенай сітуацыі, бо пра меркаваную адпраўку беларускага вайсковага кантынгенту першай паведаміла «братэрская Расія», а не медыя, падкантрольныя Лукашэнку. Акрамя таго, у дакуменце, прадстаўленым Крамлём, згадваецца толькі запрашэнне, меркавана высланае рэжымам Башара аль-Асада беларускаму боку, але ніяк не пагадненне ці дамова Беларусі з Сірыяй аб такой адпраўцы. На сённяшні дзень няма звестак, што падобнае пагадненне ўвогуле калі-небудзь было падпісана.

Аднак, паводле інфармацыі некаторых крыніц, у тым ліку, звязаных з былымі «сілавікамі», беларусы ўжо знаходзяцца ў Сірыі з восені 2021 года. Прычым, размова ідзе не толькі аб ваенных урачах, але і ваеннаслужачых, якія нясуць службу на адной з расійскіх баз.

Варта адзначыць, што галоўнае агенцтва навін Беларусі БелТА апублікавала нечаканую навіну аб планаванай адпраўцы вайскоўцаў пазней, чым расейскія калегі і незалежныя СМІ, калі яна ўжо на ўсю моц абмяркоўвалася ў сетцы. Пры гэтым загаловак «Беларусь і Расія маюць намер падпісаць пагадненне аб аказанні гуманітарнай дапамогі Сірыі» акуратна абыходзіў сутнасць асноўнага меседжа і мог увесці чытача ў зман.

Па меры распаўсюджвання інфармацыі таксама назіралася актывізацыя пралукашэнкаўскіх экспертаў і ТГ-каналаў, якія рабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб апраўдаць такое рашэнне, а таксама ачарніць «істэрычных змагароў». У прыватнасці, сумна вядомы канал «Жоўтыя слівы» ў панядзелак увечары параіў супернікам Лукашэнкі хаця б «сунуць нос» у дакумент, каб пераканацца, што «воінскі кантынгент прыцягваецца да выканання мерапрыемстваў выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў». Але аўтары канала не даюць якіх-небудзь рэкамендацый тым, хто сумняваецца ў тым, што палажэнні дадзенага распараджэння будуць выконвацца ў рэальным жыцці.

Тым больш, што сам Аляксандр Лукашэнка ў аўторак раніцай назваў паведамленне «чарговым фэйкам». Па ягоных словах, інфармацыя аб рашэнні расійскага ўрада «паслаць нашых вайскоўцаў у Сірыю» стала для яго навіной, бо па законе гэта «немагчыма без прэзідэнта». Лукашэнка сцвярджае, што ён «нікога туды не пасылаў», але пры гэтым успамінае, што «даўным-даўно» ўрад Сірыі папрасіў яго «дапамагчы лекарамі», але канкрэтна цяпер гэта не ўяўляецца магчымым, бо ў саміх «праблем вышэй за дах. і пандэмія так званая не скончылася». Ён паўтарае, што беларускім вайскоўцам там няма чаго рабіць.

БелТА цытуе Лукашэнку: «Яшчэ раз падкрэсліваю: патрэбны будуць лекары — дапаможам. Выключна на добраахвотных асновах. Толькі пасля таго, калі ў нас спадзе напруга ў сваіх лякарнях. Не, пачынаюць раскручваць: «Урад Расіі прыняў рашэнне». З урадам Расіі ішла размова, калі мы будзем кагосьці туды пасылаць, каб Расія нас падтрымала. Калі нейкі шпіталь, пажадана, каб мы з расіянамі працавалі, у іх вялікі досвед. Вось і ўсё пытанне».

Пакуль да канца не зразумела, з якой мэтай расійскі бок паведаміў свету аб сваім жаданні ўцягнуць у сірыйскі канфлікт беларусаў. Магчыма, гэта ясны сігнал Аляксандру Лукашэнку, які ён прыняў з абурэннем (прынамсі, прадэманстраваў абурэнне для публікі, назваў паведамленне «фэйкам» і доўга апраўдваўся), бо нават у асяроддзі яго прыхільнікаў адпраўка вайскоўцаў у Сірыю выклікала б неадназначную рэакцыю. Як доўга Лукашэнка зможа супраціўляцца ціску Расіі, улічваючы тое, што дражніць Крэмль шматвектарнасцю пасля зачысткі грамадзянскай супольнасці ў 2020—2022 гг. і страты кантакту з Захадам ужо ня выходзіць? Ці прыйшоў час плаціць па рахунках? iSANS працягвае сачыць за развіццём сітуацыі.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Беларускі парадак» пра расплату Лукашэнкі за падтрымку, аказаную Пуціным
Наступны матэрыял
«Народны дэпутат» пра падзяку Ціханоўскай беларускаму чыноўніку

Iншыя матэрыялы