Меркаванне. «Беларускі парадак» пра дыскусію ў грамадстве пасля слоў Клінава і Краўцова

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Беларускі парадак»
4 хв.

In English: Opinion. «Belarusian order» on discussion in society after the words of Klinov and Kravtsov
На русском языке: Мнение. «Белорусский порядок» о дискуссии в обществе после слов Клинова и Кравцова

Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, у якім разбірае пазіцыю Артура Клінава і прадстаўніка штаба Бабарыкі — Івана Краўцова, чые інтэрв’ю і жаданне выйсці на дыялог з рэжымам выклікалі бурную рэакцыю ў грамадстве. Прыводзім меркаванне без зменаў.

Тэзісны разбор пазіцыі Клінава прывёў у сваім канале журналіст Аляксей Карпека. У кароткім пераказе: пратэсты падаграваў Крэмль, супрацьстаянне зайшло ў тупік, грамадства павінна пайсці насустрач рэжыму, неабходна новая грамадская дамова.

Гэта значыць прапанова вярнуцца ва ўмоўны 2019-ты, калі можна было з аглядкай займацца грамадска-культурнай дзейнасцю, а жэсць была кропкавай: у дачыненні да абаронцаў Курапатаў, анархістаў, Грамады Статкевіча і г.д.

Пазыцыя Краўцова ў нечым развівае тэму. Уціскаючы ўсё сказанае, атрымліваем а) ​​дыялог трэба пачынаць без папярэдніх умоў, б) у якасці кампрамісу прыбраць патрабаванне новых выбараў, в) рэжым клапоціць нешта акрамя захавання ўлады (ха-ха) і там ёсць кантакцёры для дыялогу. Гэта суправаджаецца крытыкай санкцыяў і пазіцыянаваннем сябе як канструктыўнай апазіцыі на фоне «радыкалаў». Такое Гавары праўду 2.0.

Абодва спікеры шукаюць выйсце з зацягнутага крызісу і вераць у формулу мірнага суіснавання з рэжымам. Што пасля яе рэалізацыі частку людзей вызваляць, а рэпрэсіі спыняць. Гэта ўсё грунтуецца на двух міфах:

  • рэжым мог дазволіць нацыянальнай буржуазіі і грамадзянскай супольнасці эвалюцыянаваць дастаткова доўга, каб назапасіць сіл для хуткай перамогі. А вылучэнне Бабрыкі было памылкай. Так лічылі многія, я ў тым ліку.
  • рэжым пойдзе на нейкае адкручванне гаек, якое дасць беларусам перадышку і магчымасць збіраць рэсурсы да наступнага разу.
Але тут крыюцца дзве памылкі. Першая: колькі б сіл не назапасіла беларускае грамадства, сярэдні клас і інтэлігенцыя наўрад ці паехалі б на лясныя вышколы рыхтавацца да герыльі. Беларусы рыхтаваліся да выбараў, а Лукашэнка адразу рыхтаваўся да вайны. Так што калі б ні адбылося сутыкненне, годам пазней ці двума, мы б усё адно аказаліся не гатовыя.

Другая тычыцца суіснавання з рэжымам. Гэтая формула імі ўжо даўно знойдзена і пазначана: параненых дабіваць, палонных ламаць, уся актыўнасць строга пад кантролем ідэолагаў і адпаведных органаў. Усе кропкі ўваходу ў палітыку замыкаюцца на Юры і новых «патрыётах» з найбольш заўзятых ябацек. Астатніх — на нары ці прэч з краіны.

Было б наіўна меркаваць, што рэжым настолькі тупы, каб у выніку перамоваў даць апанентамі перадышку. Луй і яго банда ўжо чорт ведае колькі разоў казалі, што не дапусцяць паўтарэння 2020-га, дзе вінаватымі ў падзеях прызначаныя грамадзянская супольнасць і сярэдні клас. Гэта артыкуляваў Лукашэнка, прагаворваў Дзермант, Азвяронак і астатнія. Гэта іх логіка і прынцып існавання.

Але добрая навіна заключана ў тым, што пайшла жывая дыскусія. Мяркуючы па рэакцыі аўдыторыі, палітычна актыўныя беларусы не гатовыя абмяркоўваць умовы капітуляцыі. Але тады ўзнікае заканамернае пытанне: окей, калі не капітуляцыя зараз, то тады што далей?

І тут ёсць набор опцый, прапанаваных рознымі актарамі:

  • Актыўны супраціў і паўстанне, за што топяць Супраціў, Пракоп’еў, збольшага Bypol (план Перамога).
  • Эканамічная блакада і знешні ціск для правакавання памылак рэжыму і прымусу да новых выбараў (Офіс Ціханоўскай, НАУ).
  • Гнуткая дыпламатыя (назавём гэта так). Прапануе частка штаба Бабарыкі (цікава, што думае Віктар Дзмітрыевіч), частка экспертнай супольнасці і нацыянальнай інтэлігенцыі, а таксама Зянон Станіслававіч Пазняк.

Першыя дзве опцыі не выключаюць адна адну і ў чымсьці дапаўняюць. Кожная мяркуе пэўную мадэль паводзін. Трэцяя ж патрабуе вызначанай гнуткасці пазіцыі і мыслення, якую неабходна выявіць абодвум бакам. Мяркуючы па тым, што словы «Лукашэнка» і «гнуткасць» знаходзяцца недзе на розных краях кантынента, а яго апанентам няма чаго прапанаваць, гэты трэк дакладна застанецца нявыкарыстаным.

P.S. Калі хтосьці пачуў пра Артура Клінава ўпершыню, вельмі рэкамендую пачытаць яго «Шалом». Выдатная кніга, асабліва для цяжкіх часоў.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Арцём Шрайбман пра ідэю «тактычнага адступу» дэмакратычных сіл
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Беларускі парадак» пра новага пасла РФ у Беларусі, бізнэс-імперыю і інтэграцыю

Iншыя матэрыялы