На русском языке:
Мнение. «Рефлексия и реакция» о неудачном времени для забастовки
Тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя» апублікаваў пост пра абвешчаны з 1 лістапада ўсеагульны страйк, ініцыятарам якога стала ініцыятыва БАР, якую ўзначальвае Сяргей Дылеўскі. Прыводзім іх словы без зменаў.
На заблакаваным сайце Tribuna выходзяць інтэрв’ю з рознымі людзьмі, якія ходзяць альбо не ходзяць на футбол. Інтэрв’ю цікавыя тым, што гэта як правіла людзі «з зямлі» і цалкам сабе пралетарскага паходжання. І вось там пытанні страйку перыядычна закранаюцца. Дазволім сабе пару цытат.
Футбольны фанат з Бабруйска:
«Думаю, на» Белшыне» і «Бабруйскаграмашы» заробак 1000 рублёў, на «Легпрамразвіццё» – 600 рублёў. Мала хто пагодзіцца з цяперашнімі коштамі працаваць на гэтыя грошы. Многія мае знаёмыя з’ехалі за мяжу, бо які сэнс працаваць за 250-300 даляраў? Тое ж адбываецца і на іншых заводах. Напэўна, там засталіся тыя, хто «па-за палітыкай» і проста чакае, што пачнецца светлая будучыня.
Страйк? Мне здаецца, на дадзены момант ніхто на гэта не пойдзе. Так, год таму быў усплёск актыўнасці. Але непажаданых людзей улады папрыбіраюць, каб яны не трывожылі народ».
Фанат з Гомеля:
«Ці пойдуць на забастоўкі рабочыя на гомельскіх прадпрыемствах? За ўсіх не скажу, але на «Гомсельмашы», думаю, сапраўды не. Сярэдні абывацель, сярэднестатыстычны мужык, будзем аб’ектыўныя, не гатовы губляць тое, што ёсць. Нават калі яму плоцяць зусім капейкі. Такая вось цяпер у Беларусі кан’юнктура, такі менталітэт».
А вось цытата з інтэрв’ю з былым сустаршынёй страйкавага камітэта Беларуськалія Сяргеем Чаркасавым:
«Людзі працуюць, атрымліваюць зарплаты. У іх дзеці, сем’і, бацькі – усё складана. Пакуль ёсць зарплата, будуць цярпець».
Наогул узнікае адчуванне што пратэстныя медыя зрабілі са страйку «срэбную кулю», якая павінна вырашыць усе праблемы. Логіка зразумелая: у адрозненне ад вулічных пратэстаў, разагнаць страйкоўцаў значна складаней арганізацыйна, прымусіць працаваць таксама складана, усіх не звольняць, калі страйкуюць ўсе.
Але гэта калі страйкуюць усе. Цытаты вышэй «з зямлі» добра паказваюць цяперашні стан спраў у розумах на прадпрыемствах. Масавы страйк не саспеў знізу, няма перадумоў у жабракоў рызыкаваць апошнім кавалкам хлеба. «Рабочы рух» не сабраў пакуль неабходных лічбаў у сваім боце і не робіць такіх заяў як Дылеўскі, хоць арганізацыйна ў іх працэс на галаву вышэй, па меншай меры, у значнай частцы.
Ілюстрацыя: Рэфлексія и рэакцыя
Страйк, які не спрацаваў, будзе дэматывацыйным ударам. Падобна таму, калі не спрацавалі страйкі ў жніўні і кастрычніку 2020 года. Вядома, магчыма ў БАРа ёсць нейкі хітры план, але пакуль усё гэта выглядае як чыстай вады авантура. Калі задума праваліцца, то гэта будзе добрая нагода для Лукашэнкі на лістападаўскіх сустрэчах з Пуціным сказаць: «Вось бачыце, у іх няма падтрымкі ў грамадстве». Лепшая стратэгія для пратэстных штабоў цяпер – выстаўляць усё гэта асабістай ініцыятывай БАРа і Дылеўскага, ні з кім не ўзгодненай, тактычнай і дробнай. Калі справа сапраўды пойдзе раскручвацца – ён стане палітычнай фігурай агульнанацыянальнага маштабу. Але, на наш погляд, шанцы гэтага вельмі нізкія. Хоць бы таму што ў большасці «на зямлі» ў галаве цяпер праблема хвалі кавіда, якая закранае ўсе сем’і.
Ці ёсць штосьці, што па папулярнасці б’е запыт на COVID-19 у Беларусі? Так, гэта пошук працы. Такія рэаліі ў Беларусі на сёння. Гэта важна ведаць і разумець, каб планаваць правільныя дзеянні.