Меркаванне. Серж Харытонаў пра новую справу супраць Ціханоўскай і Латушкі і «МЗС Макея»

2 хв.

На русском языке: Мнение. Серж Харитонов о новом деле против Тихановской и Латушко и «МИДе Макея»

Медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў у сваім тэлеграм-канале тлумачыць, чаму новая крымінальная справа супраць Ціханоўскай і Латушкі — гэта важная падзея і якія перспектывы «МЗС Макея». Прыводзім яго словы без зменаў.

Адкрыццё хунтай крымінальнай справы аб «прысваенні ўлады службовай асобы» ў дачыненні да Ціханоўскай і Латушкі — гэта фактычнае прызнанне палітычнай суб’ектнасці абодвух палітыкаў.

Гэта падзея можа быць недаацэненая шырокай аўдыторыяй, таму я лічу неабходным патлумачыць, што на самой справе адбылося сёння.

Лукашысты сёння фактычна прызналі, што за 14 месяцаў дэмсілы (гаворка тут не толькі пра Ціханоўскую і Латушку — хоць, у першую чаргу, пра іх) сфарміравалі асновы будучай дыпслужбы, органаў дзяржкіравання і бяспекі для пераходнага перыяду і мірнага транзіту ўлады.

Больш за тое, лукашысты прызналі, што суб’ектнасць альтэрнатыўных інстытутаў (фармальных і нефармальных), якія шырока падтрымліваюць беларусы ўнутры краіны і ў дыяспары, ужо шырока прызнаецца міжнароднай супольнасцю на ўзроўні замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый.

У той жа час, прадстаўнікі рэжыму фактычна распісаліся ў тым, што дэзінтэграцыя сістэмы знешніх палітычных кантактаў, якімі кіраваў былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей — гэта факт, які ўжо адбыўся.

Офісы так званага «МЗС Макея» не ў стане весці палітычную і эканамічную камунікацыю з урадамі краін, дзе яны размешчаныя, — калі толькі гаворка не ідзе пра Сірыю, Нікарагуа і падобных тэрыторыях, дзе дзейсныя рэжымы і самі адчуваюць дэфіцыт легітымнасці.

Гэты феномен прывядзе да далейшай эрозіі так званага «МЗС Макея» ў яго цяперашнім выглядзе — прыкладна па тым жа сцэнары, як рассыпалася дыпслужба СССР на этапе «параду суверэнітэтаў» былых савецкіх рэспублік.

Рызыкну выказаць здагадку, што наступным этапам беларускага палітычнага крызісу ў бліжэйшыя 18 месяцаў стане масавая адмова ад прызнання офісаў «МЗС Макея» ў якасці легітымных і легальных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь як дзяржавы — і з’яўленне альтэрнатыўнай сістэмы дыпламатычнай службы і дыппрадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь, якая будзе лаяльная да Святланы Ціханоўскай і будзе прызнавацца замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі.

Калі гэты прагноз пакуль здаецца вам нерэалістычным, рэкамендую паглядзець, як пачыналася фарміраванне альтэрнатыўнай мытні і памежнай службы ў Літве ў пачатку 1990-х. Сімвалічныя вагончыкі бяззбройных валанцёраў, на якія рэгулярна нападалі савецкія АМАПаўцы, за некалькі гадоў ператварыліся ў паўнавартасную мытную службу незалежнай дзяржавы.

Беларусь праходзіць той жа шлях, праз які прайшлі краіны Балтыі ў пачатку 1990-х. Гэта значыць, што без базы сацыяльнай падтрымкі рэпрэсіўная сістэма хунты (як і дзяржапарат СССР) будзе вымушана заводзіць усё больш і больш крымінальных спраў — пакуль, нарэшце, не стане відавочна, што крымінальныя справы неабходна завесці супраць большай часткі краіны.

Усе гэтыя працэсы прывядуць, у канчатковым рахунку, да паскарэння дэзінтэграцыі дзяржаўных інстытутаў пад кантролем рэжыму Лукашэнкі і паскораць узнікненне альтэрнатыўных фармальных інстытутаў дзяржкіравання на тэрыторыі самой Беларусі ў такім жа выглядзе, як гэта адбывалася ў пачатку 1990-х у краінах Балтыі.

Гэтыя працэсы ўжо незваротныя. Адзіная пераменная — гэта хуткасць развіцця падзей, якая цяпер будзе залежыць ад палітычнай волі ў ЗША, Вялікабрытаніі, ЕС, Канадзе, а таксама ў міжнародных арганізацыях, дзе гэтыя краіны і іх саюзнікі маюць вырашальнае значэнне.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Хрысціянская візія» пра рэакцыю цэркваў на трагедыю на вуліцы Якубоўскага
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Беларускі парадак» пра сапраўдны фашызм

Iншыя матэрыялы