In English:
Opinion. Serge Kharytonau on the «referendum» as imitation of a democratic procedure
На русском языке:
Мнение. Серж Харитонов о «референдуме» как имитации демократической процедуры
Медыяэксперт iSANS Серж Харытонаў у сваім тэлеграм-канале апублікаваў пост, дзе тлумачыць, чаму абмеркаванне выбарчых участкаў за мяжой падчас «рэферэндуму» бессэнсоўна, што абмяжоўвае правы беларусаў, і як доўга можа праіснаваць сістэма Лукашэнкі. Прыводзім яго словы без зменаў.
Я лічу зусім бессэнсоўнай дыскусію аб тым, будуць участкі для галасавання ў філіялах офісах Уладзіміра Макея за мяжой ці не — роўна як і абмеркаванне паперы, якую сабралі на каленцы ў офісе былога прэзідэнта.
Галоўны поінт цяперашніх падзеяў заключаецца ў тым, што ніякага «рэферэндуму» ў Беларусі не праводзіцца — праводзіцца выключна імітацыя гэтай дэмакратычнай працэдуры. Аднак і ўнутры краіны, і за мяжой многія эксперты называюць гэты недарэчны *** [чортаў] цырк з конямі «рэферэндумам», і на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць што напісана ў пункце А артыкула вось такога-та.
Я лічу, што зусім бессэнсоўна абмяркоўваць змест паперы, якая сфармуляваная групай людзей не толькі без якога-небудзь афіцыйнага статусу, але і адказных за ўзброены захоп улады, у выніку якога была цалкам дэвальваваная прававая сістэма.
«Гэты дакумент вызначыць, як Беларусь будзе жыць далей», — скажуць крытыкі. Не, тое, як Беларусь будзе жыць далей, вызначыць адсутнасць у ёй законнасці і дзейных прававых механізмаў. Больш за 500 дзён гэта форма арганізацыі грамадства рэалізуецца на практыцы, але многія да гэтага часу шчыра дзівяцца з гэтага і апелююць да законаў, якія ніхто і да жніўня 2020 года асабліва не выконваў.
Больш за тое, зараз імітацыя галасавання праводзіцца людзьмі, у якіх няма паўнамоцтваў на правядзенне гэтай працэдуры ад імя Рэспублікі Беларусь.
І Аляксандр Лукашэнка, і Ігар Карпенка не маюць мандата на прадстаўленне Рэспублікі Беларусь (у статусе прэзідэнта і кіраўніка ЦВК, адпаведна) і ажыццяўленне паўнамоцтваў ад імя гэтай дзяржавы.
Юрыдычны факт: у дадзены момант у Рэспублікі Беларусь як дзяржаўнага інстытута няма ні прэзідэнта (або выконваючай яго абавязкі асобы, якая мае права на правядзенне рэферэндумаў), ні кіраўніка ЦВК. Таму што пасля зняцця з гэтай пасады Лідзіі Ярмошынай любы прызначэнец Лукашэнкі на гэтай пазіцыі не з’яўляецца кіраўніком ЦВК з той жа прычыны, з якой не прызнаюцца ўсе іншыя людзі прызначаныя Лукашэнкам пасля «сакрэтнай інаўгурацыі» 2020 года. Вось пра гэта трэба казаць.
Правы беларусаў за мяжой абмяжоўвае не адсутнасць участкаў для галасавання ў офісах Уладзіміра Макея за мяжой, а адсутнасць рэальных дыпламатычных прадстаўніцтваў нашай краіны за мяжой, адсутнасць электаральнай сістэмы і эрозія ўсіх дзяржаўных інстытутаў Рэспублікі Беларусь. А самае галоўнае — тое, што замест рэальнага рэферэндуму праводзіцца не зразумей што не зразумей кім.
Гісторыя ўсіх нацыянальных дзяржаваў у ХХ стагоддзі паказвае, што сістэма Лукашэнкі будзе існаваць да таго часу, пакуль, у першую чаргу, самі беларусы не перастануць лічыць яе ўладай. Пакуль будуць разглядаць шныроў Макея як беларускіх дыпламатаў, а офісы карпаратыўнай структуры, супраць якой самі ж выступаюць — як амбасады Рэспублікі Беларусь за мяжой. У той жа час рэальнай альтэрнатывы гэтым структурам за паўтара года так і не было прапанавана.
Для таго, каб старая сістэма перастала існаваць, для пачатку самім беларусам неабходна перастаць падыгрываць ёй і паўтараць ёю ж створаныя наратывы. Пакуль што я гэтага як масавай з’явы не назіраю нават за мяжой і, думаю, што бліжэйшым часам такой перазагрузкі прытомнасці не прадбачыцца.
Замест таго, каб цалкам абнуліць паняційную матрыцу і перастаць граць па правілах лукашыстаў, многія публічныя спікеры з лагера дэмсіл да гэтага часу працягваюць ментальна жыць унутры сістэмы, якая існавала да жніўня 2020 года: лукашыстаў па-ранейшаму называюць «нашай уладай», а прагаласаваўшых супраць былога прэзідэнта і прыхільнікаў дэмсіл, якія апынуліся ў большасці, — «апазіцыяй».
Такое адчуванне, што для многіх гэтых людзей падзеі апошніх паўтара года наогул прайшлі міма і месяцы, якія рушылі за 9 жніўня 2020 года, ператварыліся для іх у «рэвалюцыю знарок».
З такім жа поспехам, як цяпер у Беларусі абмяркоўваюць змест нікчэмнага ў юрыдычным сэнсе зборніка жаданак хунты, украінцы маглі б у 2014 г. абмяркоўваць дэталі «Канстытуцыі ЛНР» або «Канстытуцыі ДНР». Але чамусьці ўсе разам вырашылі гэтага не рабіць.