«Нашы грошы»: Дзяржава занялася ўраўнілаўкай, страціўшы 350 млн і зарабіўшы 10

Нашы Грошы
10 хв.

In English: «Nashy Groshy»: The state engaged in equalization, losing 350 million and earning 10
На русском языке: «Нашы грошы»: Государство занялось уравниловкой, потеряв 350 млн. и заработав 10.

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, дзе прааналізаваў, як за год змянілася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, малых і мікраарганізацый. Ну і галоўнае, які вынік бясконцых праверак прыватнага бізнэсу і змен сістэмы падаткаабкладання, у грашовым эквіваленце. Публікуем пост без зменаў.

Сёння мы пагаворым аб тым, што адбываецца ў краіне з прыватнай ініцыятывай, і як гэтыя перамены напрамую паўплываюць на наша з вамі жыццё ўжо ў бліжэйшым часе. Гэта гісторыя пра Шарыкавых, якія вырашылі ўсіх зрабіць роўнымі. Пры гэтым галоўным арыенцірам, да якога яны імкнуцца, з’яўляецца беднасць. Чаму мы прыйшлі да такіх высноў? Нядаўна былі апублікаваныя даныя аб тым, што адбывалася з прыватнай ініцыятывай у краіне ў 2021 годзе, сярод іх — колькасць прадпрымальнікаў, малых і мікраарганізацый. Некалькі месяцаў таму мы ўжо пісалі, што бізнэс у Беларусі закрываецца і драбнее, і вось свежая статыстыка не толькі пацвердзіла асцярогі, але і пагаршае прагнозы.

«Нашы грошы»: Дзяржава занялася ўраўнілаўкай, страціўшы 350 млн і зарабіўшы 10

Суб'екты малога прадпрымальніцтва Беларусі на 1 студзеня 2022 года / Нашы грошы

Сумарна суб’ектаў малога прадпрымальніцтва за мінулы год у краіне стала менш амаль на паўтары тысячы адзінак. Ужо сам па сабе гэты факт выклікае турботу, але, калі паглядзець на змены дэталёва, становіцца зразумела, што ўсё нашмат больш сумна, чым выглядае на першы погляд.

У краіне стала менш на 391 малую арганізацыю (у кожнай з якіх працавала ад 16 да 100 чалавек), колькасць мікраарганізацый (у іх можа быць занята да 15 чалавек) стала менш на 4670. Але затое на 3619 адзінак прыбыло ў палку індывідуальных прадпрымальнікаў.

Пра што гавораць усе гэтыя лічбы?

Для пачатку варта звярнуць увагу на адзіную пазітыўную навіну — павелічэнне колькасці ІП. Насамрэч, калі паглядзець дынаміку мінулага года, стане зразумела, што цешыцца зусім няма чаму. Калі да жніўня яшчэ можна было назіраць выразны «пульс», у выніку якога прадпрымальнікі, якія зарэгістраваліся, значна перавышалі колькасць тых, хто завяршыў сваю дзейнасць. Але з верасня пачынаецца суцэльны «мінус», прычым па нарастальнай (у снежні, напрыклад, стала менш на 1070 ІП). Пульс спыніўся. І прычыны відавочныя – гэта намаганні ўрада па змене падаткаабкладання.

І вось зараз мы падыходзім да самога і цікавага. Відавочна, што кашмарыць прыватны бізнэс праверкамі, змяняючы сістэму падаткаабкладання, дзяржава хоча з канкрэтнай мэтай — забраць з бізнэсу як мага больш грошай. Ці атрымалася гэта? Зыходзячы са статыстыкі на графіцы, можна палічыць прыблізны кошт «рэформаў» на сённяшні момант.

Улічваючы, што ў сярэднім ІП прынёс краіне ў 2021 годзе 2,8 тыс рублёў падаткаў, можна меркаваць, што выплаты ад іх у бюджэт вырастуць прыблізна на 10 млн рублёў. Але страціўшы амаль чатырыста малых арганізацый, кожная з якіх прыносіла ў сярэднім 483 тыс. рублёў у год — атрымліваем мінус 189 млн рублёў. А страта 4670 мікраарганізацый, кожная з якіх у сярэднім прыносіла 34 тыс. рублёў у год — гэта яшчэ мінус 158 млн рублёў. Разам: у плюсе 10 млн, у мінусеамаль 350 млн. Пагадзіцеся, рэформы не ўражваюць, а хутчэй палохаюць.

Бізнэс-саюзы небеспадстаўна асцерагаюцца, што, не маючы магчымасці легальна весці сваю справу, але валодаючы прадпрымальніцкімі талентамі, людзі ці пачнуць працаваць у шэрую ці з’едуць за мяжу. І гэта адбываецца ўжо сёння. Бо галоўны рэсурс прадпрымальніка — гэта ён сам. Зарабіўшы ў Беларусі, ён, напэўна, зможа праявіць сябе і ў іншай краіне.

2022 год будзе для эканомікі Беларусі вызначальным. Стане зразумела, ці апраўдаюцца шматлікія негатыўныя прагнозы. Мы зразумеем, што яны апраўдаліся, нават па ўскосных прыкметах, напрыклад — крутых зменах у папулісцкай рыторыцы ўладаў: усё менш будзе чуваць надуманых гісторый пра «поспехі» і «прарывы», і ўсё часцей чутныя апраўданні за правалы, якія ўжо ніяк не схаваць.

Гэта ўжо нават не гісторыя пра Шарыкава, які быў проста ініцыятыўным дурнем, які жадаў «катоў душыць». Усё нашмат горш і страшней, беларускі Шарыкаў імкнецца выгнаць прафесара Праабражэнскага з кватэры, не задумваючыся, што лячыць яго будзе няма каму.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Нік і Майк» пра дэградацыю Акадэміі навук
Наступны матэрыял
Меркаванне. Серж Харытонаў пра «рэферэндум» як імітацыю дэмакратычнай працэдуры

Iншыя матэрыялы