На русском языке:
Мнение. Татьяна Щитцова о столетии БГУ
Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, выпускніца БДУ, доктар філасофскіх навук Таццяна Шчытцова падзялілася меркаваннем пра ток, што БДУ мог бы стаць пляцоўкай для абмеркавання наспелых рэформ, але замест гэтага рэпрэсуе студэнтаў і выкладчыкаў. Прыводзім яе словы без зменаў.
Святлана Ціханоўская і Таццяна Шчытцова / tsikhanouskaya.org
Сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначае сваё 100-годдзе. У яго гісторыі шмат значных дасягненняў у розных галінах ведаў і шмат вядомых імёнаў – вучоных і выкладчыкаў, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі і навукі ў Беларусі. Але ці здолеў універсітэт стаць сапраўды сучаснай нацыянальнай ВНУ – як пра гэта марылі многія пасля здабыцця нашай краінай незалежнасці?
У нас было 30 гадоў на правядзенне рэформаў, на выбудоўванне новай дзяржаўнай палітыкі ў сферы вытворчасці ведаў, – 27 з іх прыйшліся на перыяд праўлення Лукашэнкі. Сёння мы вымушаныя з сумам канстатаваць, што сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі і БДУ, у прыватнасці, так і не сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі Балонскай сістэмы. Гэтая інтэрнацыяналізацыя ўніверсітэта аказалася немагчымай, паколькі не адбылося сур’ёзнага рэфармавання інстытутаў адукацыі і самога падыходу да кіравання вышэйшай адукацыяй.
Няма сумненняў, што БДУ са сваім кадравым патэнцыялам мог бы стаць галоўнай пляцоўкай для кваліфікаванага абмеркавання і прасоўвання наспелых рэформ, але не стаў.
Пытанне «чаму?» будзе рытарычным. Адказ на яго загадзя ўсім вядомы: улада цалкам кантралюе ВНУ і не зацікаўлена ў іх мадэрнізацыі і інтэрнацыяналізацыі. Усё, на што хапае ўяўлення і палітычнай волі ў дзяржчыноўнікаў, – гэта пасільнае стымуляванне прыкладных сфер ведаў і даследаванняў, здольных прыносіць прамы эканамічны прыбытак. Што ж тычыцца фундаментальнай навукі, тэарэтычных распрацовак, яны не разглядаюцца ў якасці прыярытэтнага напрамку. Гэта адносіцца нават да фізіка-матэматычных навук, што ўжо казаць пра сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.
Сітуацыю з сацыягуманітарнымі даследаваннямі без перабольшання можна назваць крытычнай. І прычына тая ж: дзейная ўлада ніколі не была зацікаўлена ў аб’ектыўным асэнсаванні сацыяльных працэсаў у Беларусі, у адкрытым публічным абмеркаванні дыскусійных пытанняў, якія тычацца нашай гісторыі, культуры і грамадства. У выніку замест таго, каб стаць месцам генеравання і назапашвання інтэлектуальных рэсурсаў для свабоднага рэфлексіўнага асэнсавання праблем сучаснага свету і месца Беларусі ў ім, БДУ стаў інстытуцыяй, якая абслугоўвае дзяржідэалогію.
Ці мае права называцца ўніверсітэтам навучальная ўстанова, якая няздольная быць пляцоўкай для фарміравання незалежнай навуковай экспертызы, для развіцця здольнасці крытычнага мыслення і яго прымянення ў кантэксце актуальных задач і выклікаў сучаснага жыцця?
Да свайго стогадовага юбілею ўніверсітэт прыйшоў з вельмі падарванай рэпутацыяй, красамоўным сведчаннем чаму стаў нядаўні разрыў партнёрства з БДУ з боку Брэменскага ўніверсітэта. У адсутнасць універсітэцкай аўтаноміі, БДУ сёння стаў месцам, дзе кіраўніцтва – пры маўклівым ухваленні з боку значнай часткі акадэмічнай супольнасці – дапамагае незаконнай уладзе ажыццяўляць рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў і выкладчыкаў, якія мелі смеласць заявіць адкрыта аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, выказаць сваю нязгоду з гвалтам і парушэннем закону.
На сайце БДУ напісана: «хто не мае гісторыі, той не мае будучыні». Трэба спытаць у сённяшніх «бдушнікаў» – пачынаючы з рэктара: вы памятаеце сваю гісторыю? Памятаеце, напрыклад, што 29 кастрычніка 1937 года пасля катаванняў органамі НКВД у Мінску быў расстраляны рэктар БДУ, вучоны-педагог Язэп Пятровіч Каранеўскі? Калі памятаеце, якую будучыню вы выбіраеце?