In English:
Opinion. Yahor Lebiadok on sending of Belarusian specialists to Syria
На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок об отправке беларусских специалистов в Сирию
Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале апублікаваў пост, дзе разважае пра адпраўку беларускіх вайсковых спецыялістаў у Сірыю. Прыводзім меркаванне без зменаў.
Праект Пагаднення паміж Урадам Расійскай Федэрацыі і Урадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне аказання гуманітарнай дапамогі Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы рэгулюе пытанні ўдзелу беларускага вайсковага кантынгенту сумесна з падраздзяленнямі Расіі па аказанні гуманітарнай дапамогі на тэрыторыі Сірыі. Размова не аб дастаўцы гуманітарнай дапамогі, якой Беларусь за 2017 — 2021 гг. паставіла на суму як мінімум 2,6 млн. рублёў, а аб адпраўцы «спецыялістаў Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці па аказанні гуманітарнай дапамогі» (такое вызначэнне «беларускага воінскі кантынгенту» ў Пагадненні).
У Пагадненні ўказана, што беларускі вайсковы кантынгент колькасцю да 200 чалавек будзе прыцягваецца да выканання мерапрыемстваў выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў, пры гэтым кантынгент размяшчаецца ў месцах дыслакацыі расійскай авіягрупы (цяпер гэта база ў Хмеймім, аэрадромы і Эш-Швін Тыяс у Пальміры, база ў Эль-Камышлы).
Гуманітарная дапамога — гэта, перш за ўсё, гуманітарнае размініраванне і медычнае забеспячэнне воінскіх кантынгентаў і грамадзянскага насельніцтва.
З падобнай місіяй у 2019 годзе Арменія накіравала спецыялістаў, пры гэтым, з улікам палажэння Канстытуцыі Арменіі, Міністр абароны гэтай краіны адзначаў: размовы аб прымяненні войскаў Узброеных сіл Арменіі за яе межамі не ідзе, нават у выпадку з сапёрамі размова ідзе не аб вайсковых сапёрах, а аб спецыялістах па гуманітарным размініраванні. Беларускі кантынгент хаця і ўтрымлівае слова вайсковы, тым не менш у азначэнні ўтрымоўваецца толькі «спецыялісты», грамадзяне Беларусі.
Падставай для адпраўкі беларускага кантынгенту з’яўляецца запрашэнне сірыйскага боку, таксама Беларусь можа спасылацца ў гэтым пытанні на рэзалюцыі Савета бяспекі ААН, у прыватнасці, 2018 года №2401. Цікавае пытанне са статусам беларускага кантынгенту ў Сірыі: паводле Пагаднення ён вызначаецца асобнымі міжнароднымі дагаворамі Беларусі з Сірыяй. Цяпер у прававой базе дагаворы з Сірыяй, якія вызначалі б статус беларускага кантынгенту, адсутнічаюць, як няма і праектаў названых дагавораў або НПА, якія ўпаўнаважваюць орган на падпісанне. З апошніх сустрэч прадстаўнікоў Беларусі і Сірыі за мінулы год характэрна толькі сустрэча Р. Галоўчанкі з міністрам грамадскіх прац і жыллёвага будаўніцтва Сірыі Сухейлем Абэд аль-Латыфам 28 студзеня 2022 г. Не паведамлялася, каб на гэтай сустрэчы гаворка ішла пра дамову, якая рэгламентуе статус беларускага.
Што да колькасці беларускага кантынгенту, то яна цалкам магчымая для Беларусі. Для параўнання, Арменія ў 2019 годзе адпраўляла 83 спецыялісты. З 2010 года больш за 50 вайскоўцаў Беларусі набылі практычны досвед у ходзе выканання міратворчых задач у складзе Часовых сіл ААН у Ліване, большая частка з іх медыкі. Таму ў Сірыю могуць быць накіраваны медыкі з вопытам міратворчай дзейнасці, а таксама, у прыватнасці, з Рэспубліканскага цэнтра па лячэнні агнястрэльных раненняў і мінна-выбухных траўм. Арменія адпраўляла ў Сірыю тэрапеўтаў, гінеколагаў, педыятраў і медыкаў іншых спецыяльнасцей, верагодна, і ад Беларусі могуць паехаць такія грамадзянскія спецыялісты.
1 лістапада 2019 годзе на базе супрацьміннай службы 2-й інжынернай брыгады (Сосны) быў сфарміраваны супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл, які прызначаны для падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ваенных спецыялістаў да выканання задач па размініраванні, у тым ліку гуманітарным. За два гады функцыянавання цэнтра падрыхтоўку прайшлі 703 ваеннаслужачыя. Размовы аб адпраўцы ў Сірыю беларускіх вайскоўцаў актыўна ўзніклі каля года таму. І тут дарэчы ўспомніць, што ў снежні 2020 года створаны атрад гуманітарнага размініравання. Сіламі атрада абясшкоджана і знішчана амаль 25 тысяч выбухованебяспечных прадметаў, праведзена суцэльная ачыстка звыш 100 га тэрыторый Беларусі (для параўнання, за амаль тры гады знаходжання ў Сірыі спецыялісты Цэнтра гуманітарнага размініравання і экспертызы Арменіі выявілі і абясшкодзілі 594 неразарваныя боепрыпасы і 88 га тэрыторыі; хоць адна справа размініраваць склад з тысячамі аднатыпных адносна бяспечных боепрыпасаў, на якіх могуць быць пасткі, і з верагоднасцю быць абстраляным).
Ваеннаслужачыя атрада праходзілі падрыхтоўку ў Міжнародным супрацьмінным цэнтры Узброеных Сіл Расіі (Нахабіна), які акумулюе вопытам размініравання ў розных краінах свету, у т.л. Сірыі. Групы беларускіх вайскоўцаў навучаліся ва ўказаным расійскім цэнтры ў 2019 годзе, апошняя група ў 27 чалавек скончылі навучанне па праграмах гуманітарнага размініравання і супрацьдзеяння самаробным выбуховым прыладам 25 студзеня 2022 года.
Таксама на базе супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ўзаемадзеянне па пытаннях размініравання з прадстаўнікамі іншых войскаў і воінскіх фармаванняў Беларусі. На базе супрацьміннай службы ВС праходзілі заняткі з групай Альфа КДБ, групай Алмаз МУС, Службай бяспекі Прэзідэнта.
Такім чынам, у Беларусі дастаткова персаналу з сур'ёзным тэарэтычным і практычным досведам для адпраўкі кантынгенту ў 200 чалавек у мэтах гуманітарнай місіі.
Але з гуманітарным кантынгентам ёсць адно пытанне — забеспячэнне яго бяспекі. Бяспека расійскай авіяцыйнай групы фармальна і афіцыйна забяспечвае вайсковая паліцыя РФ. Армяне накіроўвалі разам са сваімі медыкамі і сапёрамі таксама ілюдзей, якія забяспечвалі іх бяспеку. Для гэтых мэт у нас таксама без праблем знайсці вайскоўцаў — адмысловыя атрады ССА або афіцэры і кантрактнікі іншых падраздзяленняў ССО, падпадзяленні ўнутраных войскаў і іншых у залежнасці ад задач. У прынцыпе могуць падключыць, як робяць па свеце, і квазіпрыватныя структуры накшталт Гардсэрвіс.
Вядома ж, тэрміновай службы пасылаць ніхто не будзе. Ад іх няма толку там і канкурэнцыя кантрактнікаў на месца з гэтых 200 будзе не малой. Тут суцэль працуе расійскі вайсковы прынцып: камандзіроўка ў Сірыю ў не баявых падпадзяленнях, асабліва на высокіх пасадах, — гэта добрыя грошы, ільготы і лёгкі кар’ерны рост.
Дастаўка ў Сірыю, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне беларускага воінскага кантынгенту ажыццяўляецца па Пагадненні Расіяй на бязвыплатнай аснове. Таксама Расія па заяўцы беларускага боку ажыццяўляе падрыхтоўку беларускага воінскага кантынгенту, які плануецца да выбыцця ў Сірыю. Адметна, што і ваенна-палітычную працу з беларускім воінскім кантынгентам арганізуе расійскі бок.
Склад, колькасць, арганізацыйна-штатная структура беларускага воінскага кантынгенту ўзгадняюцца з Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі. Хаця беларускі воінскі кантынгент па Пагадненні знаходзіцца пад камандаваннем Міністэрства абароны Беларусі, але на тэрыторыі Сірыі ён аператыўна падпарадкоўваецца Цэнтру Расійскай Федэрацыі па прымірэнні варагуючых бакоў і кантролю за перамяшчэннем бежанцаў на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Гэта значыць, беларускі кантынгент у Сірыі будзе падпарадкоўвацца не ўраду або міністэрству абароны Сірыі, а цэнтру расійскіх узброеных сіл. Так бы мовіць, хто дзяўчыну вячэрае, той яе і танчыць. У адносінах да армянскіх спецыялістаў у 2019 годзе міністр абароны Арменіі адзначыў: «Хачу падкрэсліць, што група нашых спецыялістаў будзе дзейнічаць пад камандаваннем міністэрства абароны Арменіі. Натуральна, група будзе ўзгадняць свае дзеянні і з расійскім бокам, і з мясцовымі ўладамі».
Матывацыя Арменія па накіраванні свайго кантынгенту ў Сірыю была не толькі, і не столькі абумоўлена палітычным узаемадзеяннем з Расіяй, а падтрымкай вялікай армянскай абшчыны ў Алепа (там і размяшчаецца армянскі кантынгент спецыялістаў), якая апынулася ў цяжкім гуманітарным крызісе. Натуральна такой беларускай дыяспары ў Сірыі няма. Адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Казахстан у рамках АДКБ Лукашэнка матываваў наступным чынам: «Таму калі ў саюзе, то саюзам давядзецца і дзейнічаць, асабліва ў гэты гарачы час».
З Сірыяй мы ў саюзах не знаходзімся і міратворчай (гуманітарнай) місіі АДКБ у Сірыі няма. Сёння Лукашэнка заявіў, што «сірыйскі кіраўнік, урад Сірыі папрасілі нас лекарамі дапамагчы» (ці толькі лекарамі, пытанне, вядома; тут дарэчы згадаць, што па дамове расейцы забяспечваюць беларускі вайсковы кантынгент ракетамі, боепрыпасамі, вайсковай тэхнікай). Гэта значыць, беларускія спецыялісты паедуць, як агучыў Лукашэнка, па просьбе Сірыі. Наколькі патэнцыйна магчымая смерць у Сірыі беларускіх спецыялістаў (хоць такая малаверагодная) апраўданае — пытанне. Расказваючы пра рэферэндум на паседжанні Савета бяспекі, Лукашэнка адцягнуў увагу ад паперкі і пракаментаваў адпраўку беларускіх спецыялістаў у Сірыю. Ён паднёс гэта ў класічным стылі захавання асобы пры дрэннай гульні. Маўляў, дзеля ўздзеяння на рэферэндум і Лукашэнку стварылі фэйк, што ледзь не Расія адпраўляе беларускіх вайскоўцаў у Сірыю, а гэта без рашэння прэзідэнта Беларусі немагчыма і ён нікога не адпраўляў. Потым Лукашэнка заяўляе, што тут такога, размова аб дапамозе ўрачамі ідзе даўно і маўляў, дапаможам як зможам. Усе асноўныя «бандыцкія» СМІ цалкам адэкватна напісалі навіну на базе прадстаўленага праекту Пагаднення, для якіх мэт, хто і на якіх умовах адпраўляе, проста перадрукавалі вытрымкі з Пагаднення, ніякіх фэйкаў, што гэта Расія адпраўляе ці яшчэ што не пісалі. Гэта ўжо далёка не першы раз, калі аб вайскова-палітычным супрацоўніцтве і іншых пытаннях узаемадзеяння з Расіяй, якія закранаюць тэрыторыю Беларусі або беларускіх вайскоўцаў, беларусы даведваюцца з прававой базы Расіі ці ад расійскіх афіцыйных асоб, а не ад беларускіх. Так і ў гэтым выпадку. Замест таго, каб да з’яўлення такога дакумента абмеркаваць з беларускім грамадствам мэтазгоднасць такой адпраўкі нашых спецыялістаў, усё замоўчваецца, а калі раптам з’яўляецца навіна, ідуць заявы пра фэйкі, каб адвесці ўвагу ад замоўчвання. Тое ж датычыцца і вучэнняў бягучых. Замест асвятлення танцавулек і песенек перад расійскімі вайскоўцамі на палігонах, прэс-службе Міністэрства абароны добра было б асвятляць сапраўды важныя ваенна-палітычныя навіны з апярэджаннем, а не хаваць усё. Тады і ў прынцыпе фэйкі мінімізуюцца. Але тут вядомая праблема аўтарытарных рэжымаў: прэс-службы дзяржорганаў у такіх сістэмах не могуць паўнавартасна функцыянаваць у прынцыпе, паколькі ўпіраюцца ў адну асобу або групу асоб, а гэта абумоўлівае і час рэакцыі і абмежаванне інфармацыі.
Найбольш выгадна прысутнасць беларускага воінскага кантынгенту ў Сірыі для Расійскай Федэрацыі.
Гэта надасць большую, скажам так, палітычную вагу і легітымнасць на міжнародным узроўні яе дзеянням у Сірыі, г.зн. пакажа не аднаасобны, а калектыўны характар прымаемых ёю мер у Сірыі, паколькі гэта ўжо будуць тры краіны — Расія, Арменія і Беларусь — усе краіны блока АДКБ. Такое прадстаўніцтва краін дае магчымасць перафарматаваць расійскія дзеянні ў Сірыі ў міратворчую (гуманітарную) аперацыю АДКБ, што будзе мець такое неабходнае палітычнае значэнне для арганізацыі і як бы працягам «міратворчай дзейнасці», распачатай у Казахстане.
Для Лукашэнкі выгада можа быць ускосная, г.зн. нейкія палітыка-эканамічныя прэферэнцыі з боку Пуціна для Лукашэнкі за такую падтрымку ў Сірыі. Гэтак жа гэта дазволіць беларускім спецыялістам атрымаць добры досвед. Для сірыйскага народа выгада будзе ў размініраванні тэрыторый і аказанні меддапамогі. Паколькі запланаваны кантынгент сіл Беларусі ў Сірыі малы і накіраваны на гуманітарную дзейнасць, гэта не зменіць хоць неяк прыкметна ваенна-палітычны расклад сіл у сірыйскім канфлікце.