На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок о российском военном присутствии в Беларуси
Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале разважае пра расійскія вайсковыя комплексы на тэрыторыі Беларусі. Прыводзім яго словы без зменаў.
Сёння на баявое дзяжурства заступілі расійскія С-400 у Гродне і Су-30СМ у Баранавічах. Тым самым, з улікам слоў Лукашэнкі пра тое, што «магчыма» для Беларусі набудуць С-400, цырк з прыстаўкай «вучэбна-» стаў відавочным. Раней можна было меркаваць, што цэнтры будуць навучальнымі, а баявы складнік будзе толькі як рэзерв (па аналогіі з іншымі ваеннымі навучальнымі цэнтрамі, якія ў ваенны час пераўтвараюцца ў баявыя часткі), то сёння стала канчаткова зразумела, што расійская ваенная прысутнасць баявых часцей у Беларусі фіналізавалася на дадзеным этапе.
Пацешна было чытаць аргумент некаторых вайскоўцаў, што Расія не паставіць у 5 км ад мяжы С-400 на баявое дзяжурства, маўляў, гэта комплекс сур’ёзнага значэння, які апынецца ў межах дасяжнасці ствольнай артылерыі суперніка.
- Па-першае, размяшчэнне С-400 – гэта больш не вайсковы, а палітычны крок на дадзеным этапе. Сутнасць яго – пашырыць сваю прысутнасць у Беларусі і стварыць дадатковы пункт пранікнення, на якім можна далей пашырацца.
- Па-другое, С-400 – гэта не РЛС «Баранавічы», па вайне яго можна перамясціць у іншы раён.
- Па-трэцяе, уразлівы раён толькі пры раптоўным нападзе на тэрыторыю, пры наступальнай аперацыі, дзе найблізкія сродкі паразы суперніка будуць знішчацца, у тым ліку тактычным дэсантам і авіяцыяй пад прычыненнем гэтага комплексу, ён ужо не гэтак уразлівы.
Па-ранейшаму няма інфармацыі пра статус расійскіх вайскоўцаў ва УБЦ. Падпарадкоўваюцца яны відавочна Расіі. Паколькі іх статус не вызначаны, то нават з Пагаднення аб адзінай рэгіянальнай сістэме супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь не зразумела каму яны будуць падпарадкоўвацца ў мірны час у выпадку неабходнасці знішчэння аб’екта. Самае цікавае будзе, калі РФ саб’е самалёт на тэрыторыі Польшчы ці Літвы, фармальна заявіўшы аб пагрозе нападу, напрыклад. Атрымаецца, Беларусь дала тэрыторыю для нанясення расійскага ўдару па тэрыторыі Польшчы з усімі вынікаючымі.
Наяўнасць расійскіх С-400 паблізу ад беларускай мяжы пашырае пералік магчымых правакацый, у тым ліку і па ўцягванні Беларусі ў рэгіянальны канфлікт.
Пастаноўка С-400 на баявое дзяжурства ў дзень адкрыцця актыўнай фазы вучэнняў «Захад-2021», вельмі характэрна. Стварылі лішні спосаб напружыць суседзяў. Хаця я раней казаў, што пакуль эскалацыя не ў інтарэсах Расіі з-за перадвыбарчага перыяду і месяц-другі ёсць час адносна спакойны. Тым не менш, рызыка застаецца. Звязана ён можа быць з падзеннем рэйтынгаў Адзінай Расіі, адной з асобаў якой прасоўваюць Шайгу. Для ўзняцця рэйтынгу – непасрэдна перад выбарамі або пасля для адводу ўвагі ад падзення рэйтынгу – могуць у чарговы раз пабракаць зброяй, іншыя спосабы ў выглядзе ўзняцця пенсій і да г.д. ужо выкарыстоўвалі. Хаця сам факт пашырэння ваеннай прысутнасці ў Беларусі – ужо плюсік для ўладаў РФ і ЕР.
Наяўнасць С-400 — гэта і спосаб далейшага пашырэння прысутнасці. Напрыклад, можна як у выпадку з расійскім вузлом сувязі ў нас у Вілейцы — узмацніць комплексамі РЭБ. Далей, для гарантавання бяспекі ад дыверсійных груп можна даслаць роту аховы і гэтак далей. У канчатковым рахунку, як у выпадку з расійскімі вайсковымі аб’ектамі ў Кіргізіі ў 2017 годзе, магчыма аб’яднанне двух расійскіх аб’ектаў у нас і гэтых навучальна-баявых цэнтраў у адзіную расійскую базу. Дарэчы, ніколі не бачыў сэнсу ў адрозніванні расійскіх вайсковых аб’ектаў і вайсковых баз – гэта ўсё фармалістыка для прававой публіцыстыкі, важная толькі сутнасць — знаходжанне расійскіх войскаў. У той жа час гэтыя цэнтры могуць быць і згорнуты ў хуткім часе, усё залежыць ад гандлю Лукашэнкі і Пуціна.