Меркаванне. Ягор Лебядок пра расійскіх бамбавікоў у небе над Беларуссю

Фота з асабістага архіву Ягора Лябедка
4 хв.

In English: Opinion. Yahor Lebiadok on Russian bombers in the sky over Belarus
На русском языке: Мнение. Егор Лебедок о российских бомбардировщиках в небе над Беларусью

Аглядальнік Ягор Лябядок у сваім тэлеграм-канале тлумачыць, што значыць патруляванне расійскімі бамбавікамі неба над Беларуссю, пры чым тут НАТА і якая роля Пуціна. Прыводзім яго словы без зменаў.

Учора два расійскія звышгукавыя бамбавікі Ту-22М3 «па рашэнні вайсковага ведамства Беларусі… выканалі задачы патрулявання ў паветранай прасторы Беларусі». Міністэрства абароны Беларусі зазначае, што «з сённяшняга дня яны будуць выконвацца на рэгулярнай аснове. Гэта меры адэкватнага рэагавання на наяўнае становішча».

Ту-22М3 ліквідавалі мэты на палігоне Ружанскі ў Беларусі 23 верасня 2020 года, калі вучэнне «Славянскае братэрства» было трансфармавана з дробнага трохбаковага, у сур’ёзнае расійска-беларускае. За дзень да гэтага аблёт заходняй беларускай мяжы выканалі расійскія стратэгічныя бамбавікі Ту-160. На наступны дзень, як дэманстратыўны адказ, амерыканскі стратэгічны бамбавік B-52 (б/н 60-0044) праляцеў праз Польшчу і ўпершыню (па адкрытых крыніцах) выканаў імітацыю ракетнага ўдару па тэрыторыі Беларусі. Паглядзім, ці будзе ў гэты раз такі «адказ».

Год таму перафарматаванне вучэнняў і пралёт расійскай авіяцыі былі паднесеныя як «ініцыятыва Лукашэнкі» і «ў адказ» на перакідванне амерыканскага батальёна, узмацненне палётаў авіяцыі і авіяразведкі ўздоўж беларускай мяжы. Сёння гучыць тая ж песня.

Узмацненне расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі (пралёты авіяцыі, размяшчэнне расійскіх С-400 і Су-30 і інш.) падаюцца выключна як ініцыятыва Лукашэнкі. Гэта дазваляе захаваць ягоны твар, маўляў, не ідзе на саступкі Пуціну пад ціскам, а сам ініцыюе (асабліва кантрастуюць такія «ініцыятывы» на фоне ягоных папярэдніх выказванняў).

Кажучы пра «адэкватнае рэагаванне», расійская і беларуская прапаганда заўсёды не кажа ў адказ на што пачынаюцца дзеянні паблізу межаў, і пра дынаміку сваіх сілаў там. Напрыклад, размяшчэнне расійскіх С-400 пад Гроднам падаецца як нешта ў рамках супрацоўніцтва, а перамяшчэнне польскіх СПА са звычайнымі ЗРК «Куб» называюць падрыхтоўкай да вайны.

Пралёт Ту-22М3 не варта звязваць са зменай ваеннай дактрыны СД [Саюзнай дзяржавы – заўв. рэд], міграцыйным крызісам, перамяшчэннямі войскаў Польшчы або ўзмацненнем разведавіяцыі НАТА. Гэта працяг пашырэння ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі, якая пачалася задоўга да гэтага. Гэтыя падзеі толькі добры інфармацыйны фон, якім можна прыкрыць такія дзеянні. Для Лукашэнкі гэта дазваляе захаваць твар, для Пуціна – падаваць гэта ў знешні свет як «адэкватную» меру па абароне саюзніка, а не ваенную экспансію.

Пераход на рэгулярную аснову пралётаў расійскай стратэгічнай авіяцыі над Беларуссю прывядзе да неабходнасці дзеянняў НАТА, якія потым прапаганда будзе паказваць як варожыя і пад соўсам якіх можна яшчэ нешта размясціць. Ту-22М3, Ту-160 здольныя несці ракетна-бомбавую ядзерную зброю. Абавязацельствы Беларусі і РФ па дамове аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі не забараняюць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі пад кантролем растйскіх вайскоўцаў, як і пралёт авіяцыі з ЯЗ. Гэты фактар ​​могуць раскручваць у ціску на ЕС як павышэнне ставак. Калі заходнія палітыкі будуць кансультавацца са сваімі вайскоўцамі, а не рэагаваць на такія хады выключна з палітычных меркаванняў, то пагроза не асабліва спрацуе. У любым выпадку, у такім палітычным ходзе ў цяперашніх умовах Лукашэнкі няма як палітычнага суб’екта, пытанне будзе вырашацца ЕС і ЗША з Расіяй. Як і па крызісе з мігрантамі Меркель тэлефануе Пуціну, пры тым што ў Расіі ідзе кампанія па дыстанцыі Пуціна ад дзеянняў Лукашэнкі з мігрантамі, учора і Макей адпрацаваў на гэтую тэму. Дзеянні РФ у дадзенай сітуацыі нагадваюць палітыку ў духу: «Самоса, можа быць, і сукін сын, але гэта наш сукін сын».

Пацешна сузіраць прапаганду ў пралукашэнкаўскіх ТГ-каналах на гэты конт: якая ў нас сіла, змагары зараз пачнуць верашчаць. Не ведаю дзе раслі гэтыя пісакі, але ў нармальных мужыкоў той, хто затуляецца абаронай старэйшага брата ці яшчэ каго моцнага, дастаючы ўсіх і паскуднічаючы, заўсёды лічыўся ссыклом і іншымі эпітэтамі. З той жа оперы: «галантарэйшчык і кардынал – гэта сіла!». Гэта сапраўды не паказчык мужнасці і гонару. Сумняюся, што нашыя сілавікі, у адрозненне ад прапагандыстаў, раслі ў іншых умовах, каб не разумець гэтага.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Міфалогія Беларусі» пра міграцыйны крызіс як форму шантажу Крамля
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Міфалогія Беларусі» пра «вайнатворчую» місію Лукашэнкі

Iншыя матэрыялы