На русском языке:
Меркаванне. Ларс Бюнгер і Libereco пра накіраванне амбасадара Швейцарыі ў Мінск, Наталлю Хершэ і палітвязняў
Ларс Бюнгер, прэзідэнт Libereco — незалежнай нямецка-швейцарскай няўрадавай арганізацыі, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне, выказаўся аб намеры МЗС Швейцарыі накіраваць свайго амбасадара ў Мінск. Заява з’явілася на сайце арганізацыі ў панядзелак, 31 студзеня.
Прыводзім заяву Libereco і Ларса Бюнгера.
МЗС Швейцарыі (FDFA) паведаміла швейцарскай газеце Tages-Anzeiger, што Швейцарыя хутка накіруе новага амбасадара ў Мінск. Яна сустрэнецца з Лукашэнкам і ўручыць яму даверчыя граматы як «кіраўніку дзяржавы». FDFA бачыць у гэтым спосаб дапамагчы Наталлі Хершэ. Аднак перадача даверчых грамат пасла фактычна азначае, што Швейцарыя прызнае Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі.
Ларс Бюнгер, прэзідэнт Libereco, рэзка крытыкуе такі падыход: «Гэтая відавочная прадузятасць да Лукашэнкі — аплявуха больш за 1000 палітвязням у Беларусі. Гэта ўжо сапраўды не ў духу Наталлі Хершэ. Афіцыйнае прызнанне гэтага жорсткага дыктатара з’яўляецца абсалютным правалам у знешняй палітыцы Швейцарыі. Прэзідэнт Касіс нясе відавочную долю адказнасці за 500 дзён зняволення Наталлі Хершэ. Таму што замест дзейсных захадаў у дачыненні да Беларусі мы ўжо 500 дзён назіраем правал з боку міністра замежных справаў Швейцарыі, які зараз завяршаецца ганебным прызнаннем Лукашэнкі кіраўніком беларускай дзяржавы».
Прызнаючы Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, Швейцарыя падрывае агульную палітыку ЕС і іншых заходніх дэмакратый у дачыненні да Беларусі.
У той жа час гэтае дзеянне супярэчыць ідэалам Федэральнай канстытуцыі Швейцарыі, паводле якой знешняя палітыка Швейцарыі павінна ў першую чаргу ўмацоўваць свабоду і дэмакратыю. Больш за тое, прызнаючы Лукашэнку, Швейцарыя парушае ўласны прынцып, паводле якога Швейцарыя прызнае толькі дзяржавы, але не ўрады і прэзідэнтаў.
Пакуль верагодную пераможцу прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Святлану Ціханоўскую прымаюць кіраўнікі ўрадаў і кіраўнікоў дзяржаў дэмакратычных краін усяго свету, Федэральная рада Швейцарыі адмаўляецца з ёй сустракацца.
Гэтай адмовай ад перамоваў і непазбежным прызнаннем Лукашэнкі прэзідэнтам, Швейцарыя ў аднабаковым парадку і насуперак сваім каштоўнасцям дэмакратыі і свабоды ўстае на бок дыктатара, які нясе адказнасць за крадзеж самалёта дзяржаўнымі тэрарыстамі, тысячы выпадкаў катаванняў і палітычныя злачынствы, забойствы.
Інтарэсы Швейцарыі ў Беларусі таксама можа абараняць часовы павераны ў справах, якому не трэба ўручаць Лукашэнку даверчыя граматы. На жаль, прысутнасць замежных паслоў у Беларусі не прадухіліла парушэнняў правоў чалавека і не прывяла да вызвалення ніводнага палітвязня. Падобна Францыі ды іншым дэмакратыям, Швейцарыя павінна адмовіцца ад прысутнасці амбасадара ў Беларусі, калі коштам будзе прызнанне дзяржаўна-тэрарыстычнага дыктатарскага рэжыму.