In English:
Opinion. Nashy Groshy: Belarus loses good roads and profit
На русском языке:
«Нашы грошы»: Беларусь теряет хорошие дороги и прибыль
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, дзе разважае, якая будучыня чакае дарогі Беларусі, што будзе з экспартам транспартных паслуг і чым абернецца страта надзейнай крыніцы валюты. Публікуем пост без зменаў:
Адной з галоўных прыродазнаўчых пераваг Беларусі з’яўляецца яе геаграфія. Мы гэтай перавагай карыстаемся актыўна, самі падаючы транспартныя паслугі ці даючы магчымасць перапраўляць грузы па тэрыторыі Беларусі кампаніям з іншых краін. Давайце сёння паглядзім, якую выгаду гэта прыносіць краіне і чым абернецца страта надзейнай крыніцы валюты.
Транспартныя паслугі доўгі час з’яўляліся галоўным драйверам сукупнага экспарту паслуг Беларусі, займаючы ў ім у 2021 годзе вялікія 43%. Экспарт транспартных паслуг заўсёды прыносіў краіне вельмі вялікія і, што важна, стабільныя паступленні валюты за кошт пастаяннага перавышэння экспарту над імпартам у гэтай сферы.
Вядома, было відаць, як вар’яцкія праекты нашага галоўнага эканамічнага партнёра і агульнасусветныя ўзрушэнні ўплываюць на паказчыкі: пасля «крымнаш» мы прыкметна ўпалі, страціўшы каля мільярда даляраў экспарту ў год, і аднаўляліся некалькі гадоў.
Нават у кавідны лакдаўн галіна працягвала прыносіць вялікія грошы. Мала таго, у 2021 годзе экспарт транспартных паслуг, дасягнуўшы рэкордных паказчыкаў у $4,4 млрд, па сутнасці «вывез» агульныя экспартныя паказчыкі краіны.
Не варта забываць і аб іншым аспекце. Менавіта нашае геаграфічнае падажэнне стала ўмовай для таго, каб міжнародныя кампаніі ахвотна выдзялялі выгадныя крэдыты пад будаўніцтва транспартнай інфраструктуры. Гэтыя крэдыты сталі прычынай таго, што дарогі ў Беларусі пачалі рэгулярна мадэрнізаваць. Упэўніцца ў гэтым будзе лёгка: час такіх крэдытаў скончыўся, паглядзім, што стане ў бліжэйшыя гады з дарогамі.
Што адбываецца зараз і што здарыцца ў хуткім часе?
Статыстыка паказвае, што ў сектары транспартных паслуг пачынаецца імклівае падзенне — эканоміка дадзенай галіны за студзень-красавік скарацілася на 7,8%, і, мяркуючы па ўсім, гэта толькі пачатак. Відавочна, што гэта адаб’ецца на прыбытковасці экспарту паслуг у прынцыпе, а значыць, і на балансе экспарту/імпарту, які беларускія ўлады да цяперашняга часу ўмудраліся ўтрымліваць у «плюсе».
Цалкам магчыма, што менавіта экспарт транспартных паслуг і стане той саломінкай, якая пераломіць хрыбет вярблюду, вядомаму як «беларускі эканамічны цуд».
Але гэта толькі частка наступстваў.
У бліжэйшыя гады якасць дарог імкліва і прыкметна пагоршыцца, вельмі вялікая верагоднасць працягу «мастападу», які становіцца ў нас у краіне звыклай з’явай. Судзячы па санкцыях, аўтапарк краіны будзе станавіцца ўсё горш, а ўлічваючы дрэнную якасць дарог, аўтамабілі будуць прыходзіць у непрыдатнасць значна хутчэй. Дадайце да гэтага, што вельмі хутка парк аўтацягнікоў, дапушчаных да перавозкі грузаў па ЕС, пачне скарачацца, пры гэтым папоўніць яго будзе няма чым. І нават калі мы прадставім нейкі пазітыўны варыянт развіцця падзей, і выкажам здагадку, што ўжо праз год-другі для беларускага аўтатранспарту адкрыюць межы ЕС, можа аказацца, што ехаць туды практычна не будзе на чым.
У заключэнне некалькі слоў пра трызненне, якое зараз нясуць з экранаў прапагандысцкіх каналаў, маўляў «можам замяніць!». Пераарыентацыя эканомікі — доўгі і складаны працэс, а ў беларускім выпадку — яшчэ і малаперспектыўны. Мы гандлявалі з Еўропай не таму, што нас нехта прымушаў, а толькі з прычыны, што пастаўляць туды паслугі было выгадна.
Дастаткова паглядзець на статыстыку, і стане бачна, што пераважную частку выручкі ў валюце ад экспарту транспартных паслуг нам дае Еўразвяз. У аўтамабільным транспарце на ЕС прыпадае 71% супраць 12%, якія адносяцца да Еўразійскага эканамічнага саюза. У чыгуначным транспарце ЕС займае 58%, у той час як ЕАЭС — толькі 22%. Тут нават дадаваць нічога не трэба, лічбы гавораць самі за сябе.