Сябра эканамічнай каманды Офіса Святланы Ціханоўскай Мікалай Пракоф’еў распавёў, якія наступствы нясе спыненне адносін British American Tobacco (BAT) з гродзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман».
Па словах эксперта, BAT ужо спыніла практычна ўсе транзакцыі з ГТФ «Нёман», у тым ліку, размяшчэнне заказаў на вытворчасць цыгарэт. Такім чынам, ГТФ «Нёман» больш не можа вырабляць прадукцыю брэндаў BAT.
Ёсць два базавыя сцэнарыі:
- Прадукцыя гэтага брэнда альбо знікне з паліц у крамах;
- Або стане даражэй, бо яе будуць абыходнымі шляхамі завозіць з Расіі, або іншых краін, дзе акцызы істотна вышэй, чым у Беларусі. (У Расіі, у сярэднім, у 2-5 разоў вышэй у залежнасці ад катэгорыі прадукцыі).
«У далейшым асобы, набліжаныя да Лукашэнкі, якія мелі эксклюзіўныя правы на гандаль прадукцыяй вырабленай на фабрыцы Нёман, апынуцца ў сітуацыі, дзе заробак будзе істотна ніжэй», — кажа Пракоф'еў.
У дадзены момант ГТФ «Нёман» валодае больш як 70% доляй тытунёвага рынку Беларусі, а сама галіна ўваходзіць у топ падаткаплацельшчыкаў у Беларусі.
Толькі па афіцыйных звестках на 2016 год (пасля гэтага інфармацыя пра тытунёвую прамысловасць актыўна хаваецца) BAT прадала 186,5 млн пачкаў цыгарэт, у наступныя гады кампанія рэгулярна рапартавала пра пастаянны рост беларускага рынку.
Варта сказаць і тое, што BAT штогод давала дзясяткі мільёнаў еўра на мадэрнізацыю вытворчасці ў Беларусі, бо гэта было патрабаваннем уладаў. Толькі за 2020 год BAT інвеставала ў беларускага партнёра €20 млн. Без гэтых уліванняў якасць прадукцыі можа знізіцца.
Трэба разумець, што на фабрыцы ўжо і так ёсць сур’ёзныя праблемы з-за адмовы ад супрацоўніцтва еўрапейскіх пастаўшчыкоў сыравіны, араматызатараў, паперы і фірмы па пастаўцы і наладцы абсталявання.
Усе гэтыя фактары гэтак жа ўскладняюць вытворчасць цыгарэт для кантрабанды, бо любыя аналагі моцна зніжаюць характарыстыкі вырабу, а гэта ўжо адбіваецца на попыце дадзеных цыгарэт. Можна меркаваць, што прыбытак ад кантрабанды знізіцца даволі сур’ёзна.
«З досведу можна сказаць, што знайсці аналагі сыравіны для вытворчасці — вельмі няпростая задача», — кажа Пракоф’еў.
Самы відавочны выбар — кітайская сыравіна, але яе якасць ніжэй і за яе заўсёды трэба ўносіць перадаплату, а грошай на гэтыя перадаплаты не хапае. З захаваннем дынамікі на сённяшні дзень, вельмі высокая верагоднасць, што завод можа спыніць працу цягам некалькіх месяцаў, калі не змогуць знайсці сродкі. Можна казаць абсалютна ўпэўнена, сітуацыя на заводзе вельмі блізкая да поўнага краху.
Трэба яшчэ раз падкрэсліць важнасць тытунёвага промыслу ў Беларусі. Паводле статыстыкі за 2020 год, акцызныя адлічэнні (гэта паліва, алкаголь і тытунь), склалі больш за $1 млрд.