In English:
«You are similar to Stalin’s troika».How the Internet reacted to the verdict of the defendants in the «Tsikhanouski’s case»
На русском языке:
«Вы похожи на сталинские тройки». Как в интернете отреагировали на приговор участникам «дела Тихановского»
Сёння Гомельскі абласны суд вынес прысуд палітвязням Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакову і Дзмітрыю Папову. Суд палічыў даказанай іх віну па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў да тэрмінаў ад 14 да 18 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, фігурантам «справы Ціханоўскага» неабходна выплаціць 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі прычыненай імі шкоды.
Рэдакцыя motolo.help сабрала рэакцыю на прысуд актывістам і блогерам.
Стыў Розенберг, журналіст Бі-бі-сі
У лістападзе журналіст рускай службы Бі-бі-сі Стыў Розенберг браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Сёння ў сваім Twitter журналіст напісаў: «У мінулым месяцы Аляксандр Лукашэнка сказаў мне: «Я не з тых, хто помсціць». Сёння ў Беларусі яго палітычны супернік Сяргей Ціханоўскі прысуджаны да 18 год калоніі строгага рэжыму».
Last month Alexander Lukashenko told me: “I’m not the kind of man to exact revenge.” Today in Belarus his political rival Sergei Tikhanovsky was sentenced to 18 years in a maximum security prison.
— Steve Rosenberg (@BBCSteveR) December 14, 2021
Аляксандр Фрыдман, гісторык
У сваім тэлеграм-канале Аляксандр Фрыдман напісаў: «18 гадоў узмоцненага рэжыму Сяргею Ціханоўскаму – самы жорсткі прысуд па палітычнай справе ў Еўропе пасля завяршэння камуністычнай эпохі. Гэтым прысудам рэжым Лукашэнкі не толькі наглядна паказвае свой неасталінісцкі характар, але і робіць Ціханоўскага самым вядомым палітвязнем Еўропы.
Жудасныя тэрміны пакарання Ціханоўскаму і яго паплечнікам, зрэшты, маюць толькі сімвалічнае значэнне: Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч (14 гадоў), Ігар Лосік (15 гадоў), Арцём Сакаў (16 гадоў), Уладзімір Цыгановіч (15 гадоў) і Дзмітрый Папоў (16 гадоў) ), як хутчэй за ўсё і Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава і Максім Знак, пры Лукашэнку з турмы не выйдуць. Волю прынясе ім толькі крушэнне дыктатуры.
Самі ж драконаўскія штрафы – плён жывёльнага страху рэжыму Лукашэнкі перад будучыняй, асабістай нянавісці кіраўніка да Святланы Ціханоўскай і неспатольнай смагі помсты за падзеі 2020 года і іх наступствы».
Аляксей Лявончык, сузаснавальнік і кіраўнік By_help
На сваёй старонцы ў Facebook Лявончык напісаў: «Я зычу ўсім суддзям і пракурорам, якія намалявалі сёння па 14-18 гадоў Ціханоўскаму, Лосіку і ўсім астатнім, добрага здароўя і сто лят. Вам трэба дажыць да суда і адсядзець гадоў дваццаць. Таму што ў адрозненне ад мяса з АМАПа, вы ведаеце, што робіце.
Вы падобныя да сталінскіх троек, якія малююць па дваццаць пяць у пачатку 1953 года. З дваццаці пяці людзі тады не адсядзелі і года. Сістэма пачала сыпацца ўжо на наступны дзень пасля таго, як Сталіна знайшлі на падлозе яго кабінета ў лужыне. Калі не верыце, пачытайце хаця б Гінзбург. Як трэсліся рукі ў каменданта на Магадане на сустрэчы з ёй. «Я ж проста выконваў загады».
І яшчэ раз нагадаю: мяса з АМАПа можа ад суда сыдзе. Але вы занадта ярка свяціцеся на радары».
Пазней у гэты ж дзень МУС прызнала ініцыятыву By_help экстрэмісцкім фармаваннем.
Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча
«Хлопцы трымаліся і выглядалі цудоўна. Не суд, а менавіта яны вызначалі ход гэтага паседжання. Ніхто з іх не скарыўся, усе яны абсалютна перакананыя ў сваёй праваце. Сяргей Ціханоўскі прасіў асабліва зазначыць, што ніводны чалавек за 6 месяцаў судовага працэсу не даў супраць іх ніякіх паказанняў», – расказала ў жывым эфіры на сваёй старонцы ў Facebook Марына Адамовіч.
Віталь Шкляроў, палітычны аналітык
«Тое, што мы бачым — гэта жудасна, а з іншага боку прадказальна. Улада ідзе тым маршрутам і тым метадам, якім яна заўжды ішла. А зараз асабліва ідзе, нягледзячы ні на што, транслюючы сігнал, што так будзе з кожным, хто пакусіцца, гэта па-першае. А па-другое, мне здаецца, гэты прысуд — гэта пэўны знак помсты Святлане Ціханоўскай і таму поспеху, якога яна за паўтара года дасягнула, і той працы, якую яна робіць. Гэта можна нават разглядаць як адзнаку яе дзейнасці. Па-трэцяе, рэжым усё ж зыходзіць з таго, што ён затрымаецца на нейкі час, і рэжым спадзяецца, што гэта будзе, як і раней, магчымасць гандлявацца гэтымі тэрмінамі, можа наступнаму прэзідэнту ці адміністрацыі, з Захадам», — распавёў Шкляраў у інтэрв’ю радыёстанцыі «Рэха Масквы».