На русском языке:
Зикрацкий о заявлении СК: «Сюрприза не случилось»
«Следчы камітэт завяршыў праверку па факце катаванняў і здзекаў, якія здзяйсняліся сілавікамі ў жніўні 2020 года. Сюрпрыз не адбыўся – ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена», – каментуе заяву СК Сяргей Зікрацкі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.
Следчы камітэт палічыў, што «абраныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў сродкі і спосабы былі суразмерныя, ужываліся з намерам прычынення найменшай шкоды ў адпаведнай сітуацыі».
Следчы камітэт таксама паведаміў, што былі «дбайна вывучаны довады ўсіх, хто звярнуўся, праведзеныя судовыя, медыцынскія і іншыя крыміналістычныя экспертызы, вывучаныя дакументы з месцаў ізаляцыі правапарушальнікаў, апытаныя відавочцы».
У сувязі з заявай СК у мяне ёсць некалькі пытанняў і пару напамінкаў. Але спачатку пытанні.
- Вы лічыце «суразмерным адпаведна сітуацыі» трымаць у душнай маленькай камеры дзясяткі чалавек больш за суткі без вады і ежы?
- Вы лічыце суразмернымі дзеянні супрацоўнікаў, якія пазначалі валасы людзей фарбай, потым стрыглі іх і збівалі?
- Найменшая шкода ў той абстаноўцы – гэта прагнаць праз калідор з дубінкамі, а потым ставіць на калені і біць тых, хто ўжо не мог стаяць, так? Бо не забілі – значыць, шкода меншая.
- Калі вы кажаце пра стараннае вывучэнне довадаў усіх заяўнікаў – ці бераце вы да ўвагі запісы тэлефонных гутарак сілавікоў, якія былі апублікаваныя кіберпартызанамі? Ці не там прамое прызнанне ў намеры здзяйсняць гвалт з прычыны палітычных перакананняў?
А зараз ннагадваю. Пачытайце заўвагу да артыкула 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Там ёсць вызначэнне катаванняў. Тое, што было на Акрэсціна, – гэта катаванні. І ўсе, хто мае дачыненне да гэтых катаванняў, сілавікі ўчынілі асабліва цяжкае злачынства – злачынства супраць бяспекі чалавецтва.
Адказнасць па артыкуле 128 КК РБ – гэта пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў або пажыццёвае пазбаўленне волі, або нават смяротнае пакаранне. Нагадаю, што тэрмін даўніны па асабліва цяжкіх злачынствах – 15 гадоў. Нагадаю таксама, што ў адпаведнасці з артыкулам 83 Крымінальнага кодэкса пытанне аб прымяненні тэрмінаў даўнасці да асобы, якая ўчыніла злачынства, за якое яму можа быць назначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі або пакарання смерцю, вырашаецца судом. Гэта азначае, што нават праз 15 гадоў тэрміны даўнасці па гэтым злачынстве не скончацца. Гэта значыць, што нават праз 15 год суд і толькі суд будзе вырашаць, ці прыцягнуць вінаватых да адказнасці, і якое пакаранне прызначыць.
Я хачу нагадаць таксама і тое, што ўсе бездапаможныя спробы схаваць сляды злачынства таксама з’яўляюцца злачынствам і будуць расследаваны асобна. Ужо зафіксавана дастаткова доказаў учынення злачынстваў і работа па іх фіксацыі працягваецца.
Мы абсалютна ўпэўненыя, што кожны, хто мае дачыненне да ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, панясе справядлівае пакаранне.