Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

KP.BY
Эксклюзіў
10 хв.

In English: Belarusian writer Ales Adamovich was one of the founders of Memorial
На русском языке: Одним из основателей «Мемориала» был беларусский писатель Алесь Адамович

7 кастрычніка 2022 году Нобелеўскую прэмію міру атрымалі беларускі праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна» ды палітвязень Алесь Бяляцкі, украінскі «Центр Гражданских Свобод» і расейская арганізацыя «Мемориал». Для беларускага народу – гэта ўжо другі нобель за апошнія некалькі гадоў, але справа ў тым, што беларусы маюць дачыненне і да яшчэ аднаго сёлетняга лаўрэата.

Беларускі журналіст, палітык і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1990–1996 гг. Сяргей Навумчык апублікаваў у сваім Telegram-канале архіўны здымак на якім за трыбунай стаіць вядомы фізік, праваабаронца ды палітычны дзеяч Андрэй Сахараў, а побач можна заўважыць беларускага пісьменніка-гуманіста і грамадскага дзеяча — Алеся Адамовіча.

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Другі злева – Алесь Адамовіч на фота з устаноўчага сходу «Мэмарыялу», 1989. / Navumcyk

Гэты здымак быў зроблены 28 студзеня 1989 г. — у той дзень распачалася канферэнцыя, на якой і была афіцыйна заснавана арганізацыя па даследаванні палітычных рэпрэсій у СССР — «Мемарыял».

Аб тым, што Алесь Адамовіч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні галоўнай арганізацыі па выяўленні імёнаў рэпрэсаваных у сталінскія часы сведчыць не толькі здымак. У інтэрнэце можна знайсці тэкст рэзалюцыі, што была прынятая падчас гэтай канферэнцыі і там наш суайчыннік узгадваецца не менш чым у трох пунктах, з якіх мы даведваемся, што Алесь Адамовіч:

  • Уваходзіў у склад грамадскай рады фонду «Мемарыял»,
  • Высоўваўся кандыдатам у Народныя дэпутаты СССР,
  • Уваходзіў у склад навуковай рады Навукова-даследчага цэнтру таварыства «Мемарыял».

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Юры Каракін, Алесь Адамовіч, Юры Афанасьеў на ўстаноўчай канферэнцыі таварыства «Мемарыял», 1989 г. / irinakiu

На сайце Мемарыялу таксама ёсць адсканаваная папера з падлікам галасоў за кандыдатаў у грамадскую раду Мемарыялу, сярод кандыдатаў і Адамовіч за якога аддалі 53 галасы.

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч сярод кандыдатаў падчас падліку галасоў у грамадскую раду Мемарыяла / prequel.memo.ru

Яшчэ адным архіўным доказам удзелу Адамовіча ў стварэнні арганізацыі з’яўляецца менавіта ягоны білет дэлегату на канферэнцыі па афіцыйнаму заснаванню «Мемарыялу».

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Білет дэлегата Адамовіча на канферэнцыі па афіцыйнаму заснаванню «Мемарыял» / irinakiu

Што яшчэ варта ведаць пра Алеся Адамовіча?

Адамовіч – гэта выбітны беларускі пісьменнік, а яшчэ грамадскі дзеяч, кінасцэнарыст ды ўдзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х.

Менавіта Адамовіч стаў адным з першых, хто падняў у літаратуры тэму чарнобыльскай катастрофы, яе сапраўдных маштабаў. Больш за тое, тэма атаму хвалявала яго яшчэ задоўга да ЧАЭС, так у 1981 годзе ён пісаў:

«На планеце няма надпісу на нейкія дзверы: «запасны выхад». Няма куды будзе бегчы ў выпадку ядзернага пажару».

То-бок Адамовіч быў адным з першых, хто ўсвядоміў магчымасць гібелі чалавецтва і біў у званы. Пасля катастрофы ён апытваў навукоўцаў-фізікаў, медыкаў з Мінска і Масквы аб магчымых наступствах ЧАЭС. Сабраў сведчанні, напісаў ліст Міхаілу Гарбачову, каб данесці да яго ды сусветнай грамадскасці сапраўдныя маштабы бедства, які напаткаў Беларусь.

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Юрась Хадыка, Міхась Ткачоў на пасяджэньні Грамадзкага Чарнобыльскага трыбуналу. 1989 г. / Свабода

Але ж партыйнае кіраўніцтва БССР замест таго, каб выкарыстоўваць належным чынам інтэлектуальны патэнцыял і арганізатарскія здольнасці Алеся Адамовіча, арганізавала ў друку абструкцыю, абвінаваціўшы яго ў пацыфізме і панікёрстве. Праз гэта пісьменнік быў вымушаны пакінуць Мiнск і пераехаць на працу ў Маскву, дзе восенню 1987 года быў абраны дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва.

Прыкмента, што трагедыю Чарнобыля для Беларусі Адамовіч ставіў у адзін ланцуг з Курапатамі і Хатынню.

«Вінаватых Чарнобыля трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не выратуемся і ад Чарнобыля, і ад непазбежных новых катастроф», — пісаў ён.

Адамовіч даносіў праўду пра ЧАЭС усімі магчымымі метадамі, ён быў адным з ініцыятараў стварэння ў Беларусі Фонду «Дзеці Чарнобыля», дзякуючы якому мільёны дзяцей прайшлі аздараўленне за мяжой. А ў 1987 годзе ён скончыў сцэнар фільму «Імя гэтай зорцы Чарнобыль», які быў ухвалены кінакампаніяй Columbia Pictures, а рэжысёрам павінен быў стаць вядомы амерыканец Стэнлі Крамер, але на жаль Крамер не змог здымаць карціну з асабістых прычын.

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч на чале «Маршу міру-1982» / Яўген Коктыш

Але ж было шмат іншых карцінаў Адамовіча, якія пабачылі свет. Галоўнай можна назваць «Ідзі і глядзі» па кнігах пісьменніка «Хатынская аповесць» і «Карнікі». «Ідзі і глядзі» — лічыцца адным з найлепшых фільмаў пра вайну ў гісторыі кіно.

Адным з заснавальнікаў «Мемориала» быў беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч на здымках "Ідзі і глядзі" / nlb.by

У 1985 годзе фільм атрымаў першую прэмію і залаты прыз на XIV Маскоўскім кінафестывалі і абышоў экраны многіх краін свету, атрымаўшы велізарны рэзананс. Па ўспамінах Элема Клімава, замежнікаў карціна ўражвала настолькі, што падчас сеансаў за мяжой ля кінатэатраў дзяжурылі карэты «хуткай дапамогі». Творы Адамовіча пра Другую сусветную вайну, перакладзеныя на 21 мову і не пакінулі абыякавым нікога ў цывілізаваным свеце.

Вяртаючыся да грамадска-палітычнай дзейнасці Алеся Адамовіча нельга не адзначыць, што ў 1982 годзе ён быў у складзе дэлегацыі БССР на сесіі Генэральнай Асамблеі ААН, быў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, спрычыніўся да стварэння Беларускага Народнага Фронту і выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасць.

Папярэдні матэрыял
Як рэжым Лукашэнкі яшчэ больш можа ўвязацца ў вайну ва Украіне? Магчымыя сцэнары
Наступны матэрыял
«У некаторых не было вачэй, у кагосьці часткі мозгу»: лекар з Мазыра, які лячыў салдат ВС РФ, распавёў і паказаў, што адбывалася ў беларускіх шпіталях у пачатку вайны

Iншыя матэрыялы