Чаму беларусы не перастануць атрымліваць зарплаты ў канвертах?

8 хв.

На русском языке: Почему беларусы не перестанут получать зарплаты в конвертах?

Ценявая эканоміка — праблема ўсіх дзяржаў. Але ў нейкіх краінах яна мінімальная, у той час як у іншых можа складаць больш за палову ўсёй эканомікі.

Літаральна ўчора стала вядома, што ў Беларусі створаны спіс з 12 000 «непажаданых» фірмаў, якія плацілі работнікам частку заробкаў у канвертах. Па інфармацыі канала Эканоміка Беларусі, да юрыдычных асоб са спісу ўжо рыхтуюцца наляцець з рэйдамі і далейшымі затрыманнямі дырэктараў або заснавальнікаў кампаній. А прычына ў тым, што ў ФСЗН утварыўся дэфіцыт і так званыя «ўлады» вырашылі папоўніць бюджэт знаёмымі метадамі.

Член эканамічнай групы Офіса Святланы Ціханоўскай Ірына Сазановіч распавяла, чаму беларусам не выгадна цяпер працаваць афіцыйна і што трэба зрабіць, каб гэта змяніць.

Чаму беларусы не перастануць атрымліваць зарплаты ў канвертах?

Вывесці ценявыя даходы насельніцтва ў афіцыйны даход — задача няпростая. Глабальна вырашыць яе можна двума метадамі — бізуна і перніка:

  1. «Бізун» або сілавы варыянт — запалохаць усіх, хто атрымлівае ценявыя даходы праверкамі, штрафамі і арыштамі. У цэлым працоўны варыянт, але патрабуе шмат намаганняў з боку падатковых органаў і выклікае ў людзей шмат негатыўных эмоцый, якія потым пераносяцца на дзяржаву ў цэлым.
  2. «Пернік» або матывацыйны — зрабіць так, каб наёмныя работнікі самі хацелі атрымліваць зарплату толькі афіцыйна і не згаджаліся на канверты, а наймальнікі былі зацікаўленыя ў выплаце 100% афіцыйных заробкаў.

Калі з сілавым метадам усё зразумела, бо ён ужо шмат гадоў ужываецца ў Беларусі, то матывацыйны падыход трэба разабраць падрабязней. Зробім гэта на прыкладзе развітых краін і разбяромся, чаму гэта не працуе ў Беларусі.

Асноўная прычына сыходу ў ценявую або напалову ценявую эканоміку — гэта адыход ад выплаты падаткаў

Таму, для вываду даходаў з ценю, трэба, каб перавагі ад працы «ў белую» былі большыя за боль ад выплаты падаткаў. І так, нават у развітых краінах ніхто не любіць плаціць падаткі.

Перавагі «белай» зарплаты ў развітых краінах і што з гэтага атрымліваюць працаўнікі ў РБ

• Высокая пенсія

Беларусі гэта не тычыцца, бо ўсе пенсіі прыблізна на адным узроўні. Выключэнне — пенсіі ваенных, чыноўнікаў і іншых прывілеяваных катэгорый.

• Высокая дапамога па беспрацоўі ў выпадку страты працы

Максімальны памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі складае 2 базавыя велічыні, або 58 рублёў у месяц.

• Высокая дапамога ў дэкрэце

На сённяшні дзень памер дэкрэтнай дапамогі ў Беларусі не залежыць ад даходу мамы перад выхадам у дэкрэт.

• Высокая выхадная дапамога пры скарачэнні з працы

У развітых краінах такая дапамога можа дасягаць памеру зарплаты за 2-3 гады, калі работнік адпрацаваў на адну і тую ж кампанію некалькі дзесяцігоддзяў. У Беларусі большасць працадаўцаў плоціць толькі патрабаваны мінімум па заканадаўстве — ад 2 тыдняў да 3 месяцаў зарплаты.

• Магчымасць атрымаць іпатэку пад малы адсотак

Гаворка ідзе аб іпатэцы пад 1-3% гадавых, у тым ліку для куплі інвестыцыйнай нерухомасці. На дадзены момант у Беларусі стаўкі па іпатэцы ад 10% і вышэй.

• Добрая медыцынская страхоўка

У перадавых дзяржавах Захаду сістэма медыцынскага страхавання існуе дзесяцігоддзямі. Страхоўка там пакрывае людзям у тым ліку дарагія аперацыі і працэдуры. У Беларусі ж адсутнічае сістэма медыцынскага страхавання для работнікаў, у нас работнік або сам на 100% аплочвае платныя паслугі, або звяртаецца ў дзяржаўныя медустановы.

• Субсідыі ад дзяржавы

На Захадзе аплата працы работнікаў афіцыйна дае працадаўцу магчымасць атрымання пэўных субсідый ад дзяржавы, у тым ліку падтрымку падчас крызісу. Так у некаторых краінах падчас пандэміі каранавіруса працадаўцы атрымлівалі ад дзяржавы субсідыю ў памеры 75% ад заробкаў сваіх работнікаў. Пра такі ўзровень падтрымкі дзяржавы беларускія бізнэсы могуць толькі марыць.

• Высокая афіцыйная зарплата

У рэшце рэшт, яна дазваляе работніку казаць «Я законапаслухмяны падаткаплацельшчык і маю права ведаць, куды ідуць мае падаткі!». Што да Беларусі, то пакінем гэты пункт без каментароў.

Падсумоўваючы

Матывацыі для сыходу ад заробкаў у канвертах у Беларусі пакуль няма, хутчэй наадварот — прыватны бізнэс і яго наёмныя работнікі з радасцю б цалкам выключылі дзяржаву са сваіх працоўных адносін як непатрэбнага і дарагога пасярэдніка.

Нагадаем, што з кожнай 1000 рублёў заработнай платы, наймальнік плоціць 340 рублёў у ФСЗН, а работнік 130 рублёў падаходнага падатку і 10 рублёў падатку ў фонд пенсіі. Нядзіўна, што гэтыя 480 рублёў, якія павінны сысці дзяржаве, многія работнікі і наймальнікі выбіраюць падзяліць паміж сабой, таму што ведаюць, што ў цяжкія часы ім трэба будзе разлічваць толькі на сябе.

Гэты артыкул падрыхтаваны пры падтрымцы Association of Belarusian Business Abroad (Варшава).

Папярэдні матэрыял
У Белавежскай пушчы нарошчваюць высечку лесу?
Наступны матэрыял
Маналог. Умовы працы на МТЗ і магчымыя прычыны гібелі рабочага ў кавальскім цэху

Iншыя матэрыялы