Час адпісак. Што адбываецца з папулярнымі тэлеграм-каналамі ў Беларусі

Фота: Jonas Leupe / Unsplash.com
9 хв.

In English: Unsubscribe time. What is happening with popular telegram-channels in Belarus
На русском языке: Время отписок. Что происходит с популярными телеграм-каналами в Беларуси

Больш за 360 беларускіх тэлеграм-каналаў, чатаў і суполак сёння ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Толькі за снежань спіс папоўніўся на 53 пазіцыі (каналы, суполкі і чаты). Пасля вялікага росту аўдыторыі ў папулярных тэлеграм-каналах летам-восенню 2020 года, зараз можна назіраць яе адток. Рэдакцыя motolko.help паглядзела, колькі людзей адпісаліся ад папулярных тэлеграм-каналаў.

Тэлеграм-канал NEXTA-Live доўгі час застаецца адным з самых папулярных беларускіх тэлеграм-каналаў. Ягоная аўдыторыя яшчэ 6 кастрычніка 2021 года перавышала адзін мільён падпісчыкаў. У жніўні 2020 года тут публікаваліся ўнікальныя фота і відэа з пратэстаў, а таксама заклікі выходзіць на маршы. Але 20 кастрычніка 2020 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў тэлеграм-канал NEXTA-Live і лагатып NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі. Распаўсюджванне гэтых матэрыялаў цягнула за сабой адміністратыўную адказнасць. Многім беларускім СМІ давялося тады рэдагаваць старыя матэрыялы, прыбіраючы ў іх згадку пра экстрэмісцкі рэсурс.

Вялікая хваля адпісак пракацілася па тэлеграм-каналах 13 кастрычніка 2021 года. У гэты дзень у тэлеграм-канале ГУБАЗ з’явілася інфармацыя, што адказнасць, аж да крымінальнай, можа наступіць не толькі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. За падпіску на экстрэмісцкі тэлеграм-канал можна атрымаць да сямі гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 361-1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). У гэты дзень тэлеграм-каналы масава гублялі сваіх падпісчыкаў:

  • NEXTA-Live — мінус 18 262 падпісчыкі;
  • Zerkalo.io навіны — мінус 17 267 падпісчыкаў;
  • NEXTA — мінус 13 063 падпісчыкі;
  • Беларусь галаўнога мозга — мінус 5 814 падпісчыкаў;
  • Матолька Дапамажы — мінус 3 538 падпісчыка.

З вясны 2021 года ў тэлеграм-каналах МУС, ГУБАЗ і іншых, звязаных з дзяржаўнымі СМІ, з’яўляюцца відэа, на якіх затрыманыя людзі на камеру прызнаюцца ў тым, што яны былі падпісаны на «няправільныя» тэлеграм-каналы, падвяргаліся іх уплыву і г.д. Як правіла, за гэта яны атрымліваюць адміністратыўнае пакаранне.

Рэдакцыя motolko.help вывучыла статыстыку на сэрвісе telemetr.ru і tgstat.com і выбрала 20 беларускіх тэлеграм-каналаў, якія больш за ўсіх страцілі аўдыторыю за месяц. 17 з іх сёння лічацца экстрэмісцкімі. Быць падпісаным на папулярныя тэлеграм-каналы ў Беларусі стала небяспечна. Даныя указаны па стане на 29 снежня 2021 года.

NEXTA-Live

Нягледзячы на вялікі адток аўдыторыі, NEXTA-Live па-ранейшаму самы папулярны тэлеграм-канал у беларускім сегменце. Яго аўдыторыя сёння складае 824 тысячы чалавек. За апошні месяц канал страціў 50,7 тысячы чалавек. У сярэднім пост праглядаюць 283,1 тысячы чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 34,4%.

У дзень, калі канал патрапіў у спіс экстрэмісцкіх, ад яго адпісаліся 24,9 тысячы чалавек. На наступны дзень — 21 тысяча. Потым тэмпы адпісак скараціліся.

Zerkalo.io навіны

Тэлеграм-канал Zerkalo.io (былы TUT.BY) займае другі радок у рэйтынгу папулярнасці і колькасці адпісак. На яго сёння падпісаны 413,9 тысячы чалавек. За апошні месяц ён страціў 35,5 тысячы падпісчыкаў. Адзін пост у сярэднім праглядае 191 600 чалавек. А каэфіцыент уцягнутасці аўдыторыі — адзін з самых высокіх — 46,3%.

Рашэннем суда Цэнтральнага раёна ад 13 жніўня 2021 года, гэты тэлеграм-канал прызнаны экстрэмісцкім.

NEXTA

NEXTA — трэці па папулярнасці ў беларусаў тэлеграм-канал. Сёння на яго падпісаны 383,2 тысячы чалавек. За месяц канал страціў 31,5 тысячу падпісчыкаў. Адзін пост у сярэднім праглядае 142 600 чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі на канале NEXTA вышэй, чым на NEXTA-Live і трымаецца ў раёне 37,2%.

Тэлеграм-канал NEXTA прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 20 кастрычніка 2020 года.

Беларусь галаўнога мозгу

На чацвёртым месцы па папулярнасці і колькасці адпісак — тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», аўдыторыя якога складае 175,2 тысячы чалавек. За месяц канал страціў 14,9 тысячы падпісчыкаў. Ахоп аднаго поста — 60,5 тысяч чалавек, а ўцягнутасць аўдыторыі — 34,5%.

Аўтар гэтага тэлеграм-канала – блогер, кансультант-фрылансер беларускай службы Радыё «Свабода» Ігар Лосік. Канал быў прызнаны экстрэмісцкім 19 красавіка 2021 года. А 14 снежня Ігара Лосіка прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі.

МатолькаДапамажы

На пятым месцы па колькасці адпісак за месяц — тэлеграм-канал блогера Антона Матолькі «МатолькаДапамажы». Сёння на канал падпісаныя 103,9 тысячы чалавек, а адпісаліся за месяц — 11,7 тысячы чалавек. У сярэднім ахоп аднаго поста — 88,9 тысячы чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 85,5%.

23 сакавіка 2021 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў інфармацыйную прадукцыю канала экстрэмісцкай. У гэты дзень канал не толькі не страціў падпісчыкаў, але і набыў 92 новыя. А ўжо 2 красавіка стала вядома, што блогер знаходзіцца ў Спісе арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Пасля гэтай навіны толькі 324 карыстальнікі вырашылі адпісацца ад канала.

Чай з малінавым варэннем

Тэлеграм-канал «Чай з малінавым варэннем» расказвае пра навіны Беларусі з гумарам і іроніяй, посціць мемы і рэальныя гісторыі. Колькасць падпісчыкаў канала — 109,8 тысячы чалавек. Але і тут заўважны адток аўдыторыі — за апошні месяц ад канала адпісаліся 9,3 тысяч чалавек. Ахоп аднаго поста — 61,2 тысяч чалавек. А ўцягнутасць аўдыторыі — 55,7%.

Званне «экстрэмісцкага» тэлеграм-канал атрымаў 31 жніўня 2021 года.

Святлана Ціханоўская

Афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай публікуе апошнія навіны ў дзейнасці палітыка і расказвае пра работу яе каманды і дружалюбных ініцыятыў. Сёння на яго падпісаны 91 тысяча чалавек. За апошні месяц адпіскі склалі 8,7 тысячы чалавек. Ахоп аднаго поста — 72,1 тысячы карыстальнікаў. Уцягнутасць аўдыторыі — адна з самых высокіх — 79,1%.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў канал экстрэмісцкім 15 кастрычніка 2021 года.

Наша Ніва

Аўдыторыя тэлеграм-канала найстарэйшай беларускай газеты «Наша Ніва» сёння – 64,1 тысячы чалавек. За месяц аўдыторыя паменшылася на 8,5 тысяч чалавек. У сярэднім азін пост на канале бачаць каля 26 тысяч чалавек. А ўцягнутасць аўдыторыі дастаткова высокая – 40,4%.

Па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска, тэлеграм-канал «Наша Ніва» ўваходзіць у лік экстрэмісцкіх з 23 лістапада 2021 года.

ПЛАТФОРМА ГОЛАС | навіны

На тэлеграм-канал платформы «Голас» падпісаныя 77 тысяч чалавек. Паведамленні тут з’яўляюцца не так рэгулярна, як у каналах навін. У асноўным гэта навіны праекта, спасылкі на ініцыятывы. За апошні месяц канал страціў 8,1 тысячы падпісчыкаў. Адзін пост бачыць каля 41 200 карыстальнікаў. Уцягнутасць аўдыторыі складае 53,5%.

15 кастрычніка 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала экстрэмісцкай.

LUXTA

Тэлеграм-канал LUXTA — яшчэ адзін праект ад каманды NEXTA. Сябе яны называюць «Легендарны цэнтр псіхалагічнага прыгнёту». На канал падпісаныя 85,2 тысячы чалавек. Адпісаліся за месяц – 7,9 тысяч чалавек. Адзін пост на канале бачаць у сярэднім 39,2 тысячы чалавек. Пры гэтым уцягнутасць аўдыторыі – 46%.

У шэрагах экстрэмістаў Тэлеграм-канал LUXTA – з 23 лістапада 2020 года.

МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ

Дзясятае месца па колькасці адпісак за месяц займае тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь». У апісанні паказана, што гэта «навінавы патрыятычна-гістарычны канал з элементамі забавы». Сёння на яго падпісаныя 79,6 тысяч чалавек, а за месяц ад яго апісаліся 7,5 тысяч карыстальнікаў. Ахоп аднаго поста — 22,5 тысячы карыстальнікаў. Уцягнутасць аўдыторыі — 25,2%.

Канал прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 22 сакавіка 2021 года.

Белсат

Тэлеграм-канал «Белсат» публікуе важныя навіны ад аднайменнага тэлеканала. На тэлеграм-канал зараз падпісаны 55,5 тысяч чалавек. Адпісак за апошні месяц было 6,3 тысячы. Ахоп аднаго поста — 14 тысяч карыстальнікаў. Уцягнутасць аўдыторыі — 25,2%.

27 ліпеня 2021 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю гэтага канала экстрэмісцкай. А 3 лістапада МУС надзяліў статусам «экстрэмісцкага фарміравання».

Тыповая Беларусь

На тэлеграм-канал «Тыповая Беларусь», дзе публікуюцца навіны з Беларусі, забаўляльны кантэнт і рэклама, падпісаны 75,1 тысячы чалавек. За месяц колькасць адпісак склала 6,3 тысячы. Адзін пост бачаць 20,1 тысячы чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 26,8%.

У студзені 2021 года гэты і іншыя тэлеграм-каналы былі заўважаныя ў публікацыі матэрыялаў, якія абяляюць дзеянні АМАПа. Там жа можна было знайсці паведамленні аб дзейнасці Юрыя Васкрасенскага, рэпосты дзяржаўных СМІ і рэкламу тэлеграм-каналаў, якія звязваюць з атачэннем Лукашэнкі.

Нік і Майк

У апісанні тэлеграм-канала «Нік і Майк» сказана, што тут публікуюць тое, «пра што гавораць у калідорах беларускай улады». Тут можна знайсці інсайды, развагі і аналітыку. У канала 58,5 тысячы падпісчыкаў. Цягам месяца ад яго адпісаліся 5,8 тысячы чалавек. У сярэднім адзін пост бачаць 66 тысяч чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 112,6%. Гэта можна растлумачыць тым, што посты з гэтага канала публікуюць у сябе тэлеграм-каналы з большай аўдыторыяй.

30 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў тэлеграм-канал экстрэмісцкім.

Баста!

У тэлеграм-канала «Баста!» сёння 58,6 тысяч падпісчыкаў. За апошні месяц канал страціў 5,7 тысяч падпісчыкаў. Ахоп аднаго поста — 17,9 тысяч чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 30,6%.

16 жніўня 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў інфармацыйную прадукцыю канала экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Беларусь у шоку!

Змест тэлеграм-канала «Беларусь у шоку!» вельмі падобны да таго, што публікуе «Тыповая Беларусь»: навіны, забаўляльны кантэнт і рэклама. У некаторых пастах адрозненне з «Тыповай Беларуссю» можна знайсці толькі ў часе публікацыі. Сёння на гэты канал падпісаны 66,7 тысяч чалавек, за месяц адпісаліся — 5,7 тысяч. Ахоп аднаго поста — 15 тысяч чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 22,5%.

Разам з тэлеграм-каналам «Тыповая Беларусь», гэты канал у студзені 2021 года быў заўважаны ў публікацыі матэрыялаў, якія абяляюць дзеянні АМАПа, распавядаюць пра дзейнасць Юрыя Васкрасенскага, а таксама рэпосты дзяржаўных СМІ і рэкламу тэлеграм-каналаў, якія звязваюць з асяроддзем Лукашэнкі.

Кібер-Партызаны

У тэлеграм-канале «Кібер-Партызаны» публікуюць эксклюзіўную інфармацыю з праслушкамі сілавікоў і важныя навіны ад сяброўскіх каналаў. Сёння на канал падпісаныя 66,7 тысячы чалавек. За апошні месяц ад яго адпісаліся 5,5 тысяч карыстальнікаў. Ахоп аднаго поста — 81,3 тысячы чалавек – больш, чым падпісчыкаў. Уцягнутасць аўдыторыі — 121,7%. Такія даныя можна растлумачыць рэпостамі ў іншыя папулярныя каналы.

17 жніўня 2021 года рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска канал быў прызнаны экстрэмісцкім.

Беларусь Цяпер

Тэлеграм-канал «Беларусь Цяпер» можна назваць братам каналаў «Тыповая Беларусь» і «Беларусь у шоку!». Такая ж аднолькавая рэклама і некаторыя посты. Аўдыторыя канала — 64 тысячы чалавек. Нягледзячы на ​​тое, што канал, як і два падобныя, не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх, ён таксама губляе сваю аўдыторыю. За апошні месяц мінус 5,4 тысячы. Ахоп аднаго поста — 14 тысяч чалавек. Уцягнутасць аўдыторыі — 21,8%.

Разам з каналамі «Тыповая Беларусь» і «Беларусь у шоку!», у студзені 2021 года гэты канал быў заўважаны ў публікацыі матэрыялаў, якія абяляюць дзеянні АМАПа, што распавядаюць аб дзейнасці Юрыя Васкрасенскага, а таксама рэпосты дзяржаўных СМІ і рэкламу тэлеграм-каналаў, якія звязваюць з атачэннем Лукашэнкі.

Як правіла, падобныя каналы з’явіліся на хвалі «каранахайпу» ўвесну 2020 года і потым пачалі адпрацоўваць палітычны парадак дня. У іх практычна няма свайго кантэнту.

Кулуары KYKY

«Кулуары KYKY» — тэлеграм-канал праекта KYKY.org. На канал сёння падпісаны 43,8 тысячы чалавек. Адпіска ў месяц складае 5,1 тысячу чалавек. Ахоп аднаго поста — 25,6 тысячы чалавек. Пры гэтым у канала дастаткова высокая ўцягнутасць аўдыторыі — 58,3%.

Судом Цэнтральнага раёна Мінска канал прызнаны экстрэмісцкім ад 24 верасня 2021 года.

Выбары бачыш? | Zerkalo.io Палітыка

На тэлеграм-канал «Выбары бачыш? | Zerkalo.io Палітыка» сёння падпісаныя 36,2 тысячы чалавек. За месяц ад яго адпісаліся 4,7 тысяч карыстальнікаў. Ахоп аднаго поста тут — 21,2 тысячы чалавек. А ўцягнутасць аўдыторыі складае 58,4%.

Згодна з рашэннем суда Цэнтральнага раёна ад 13 жніўня 2021 года, сацыяльныя сеткі праекта Zerkalo.io (былы TUT.BY) прызнаныя экстрэмісцкімі.

Што гэта ўсё значыць?

Месенджар Telegram не дазваляе даведацца, з якой краіны аўдыторыя ў таго ці іншага тэлеграм-канала. Ускосна зразумець, які адсотак з актыўнай аўдыторыі чытае рэсурс з Беларусі, можна з дапамогай анлайн-апытанняў у канале, дзе ёсць варыянты адказу, якія прадугледжваюць, што людзі, якія чытаюць канал, знаходзяцца не ў Беларусі. Напрыклад, тэлеграм-канал NEXTA-Live больш арыентаваны на расейскамоўную аўдыторыю, чым канкрэтна на беларускую. І цалкам верагодна, што беларусаў больш падпісана на тэлеграм-канал NEXTA, чым на NEXTA-Live.

У адпісках ад папулярных тэлеграм-каналаў ёсць некалькі фактараў: першы і самы свежы — гэта пастаянныя арышты людзей і з’яўленне відэа з «прызнаннямі», дзе іх на камеру прымушаюць прагаворваць, што яны былі падпісаныя на тыя ці іншыя тэлеграм-каналы, таму, нібыта, іх і затрымалі. Людзі імкнуцца засцерагчы сябе і адпісваюцца ад каналаў. Але яны працягваюць іх чытаць, перыядычна заходзячы на ​​рэсурсы, якія іх цікавяць.

Другі фактар ​​— гэта ў цэлым стомленасць ад палітычнай тэмы, асабліва ў кантэксце патоку негатыўнай інфармацыі, арыштаў. Падзеяў, на якія чытач не можа паўплываць сваімі дзеяннямі. Такога роду адток карыстальнікаў пачаўся яшчэ з сярэдзіны восені 2020 гады. Гэта можна заўважыць па буйных каналах тыпу NEXTA або «Беларусь галаўнога мозгу». Гэта абсалютна натуральны працэс, і ён наўпрост з адсутнасцю нейкіх падзеяў.

І трэці фактар ​​адпісак — тэхнічны. Тэлеграм перыядычна выдаляе старыя акаўнты, ботаў, спам-акаўнты, якія могуць веерна падпісвацца адразу на 10-30 каналаў, незалежна ад фармату каналаў. Верагодна, у лістападзе-снежні гэтага года Тэлеграм выдаляў вялікую колькасць падобных акаўнтаў, што і паўплывала на такія графікі з адпіскай у топ-каналах. Калі звярнуць увагу, тэмпы адпіскі рэзка затармазіліся недзе пасля 18 снежня 2021 года.

Папярэдні матэрыял
«Нашы грошы»: балота з пазыкаў засмоктвае. Чаму чыноўнікі сёння баяцца глядзець на год-два наперад
Наступны матэрыял
Параўнанне з Беларуссю і падтрымка агрэсіі. Як праўладныя тэлеграм-каналы асвятляюць падзеі ў Казахстане

Iншыя матэрыялы