«Нашы грошы»: балота з пазыкаў засмоктвае. Чаму чыноўнікі сёння баяцца глядзець на год-два наперад

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Нашы грошы»
4 хв.

In English: «Nashy Groshy»: sinking into the debt swamp. Why officials are afraid to look ahead a year or two today
На русском языке: «Нашы грошы»: долговое болото засасывает. Почему чиновники сегодня боятся смотреть на год-два вперед

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, у якім піша пра дзярждоўг і як для вырашэння пытання давядзецца выбіраць паміж некалькімі вельмі дрэннымі варыянтамі. Публікуем пост без зменаў.

Дзяржаўная пазыка для Беларусі з кожным днём становіцца ўсё больш істотнай праблемай. Пры гэтым палітыка працы з гэтым доўгам зводзіцца да двух вельмі простых формул. Першая: «нам бы дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца». Другая: «пасля мяне — хоць патоп».

Ужо ўсе, у тым ліку нават высокапастаўленыя чыноўнікі, прызнаюць, што краіна блізкая да пазыковай пасткі, а можа быць, ужо знаходзіцца ў ёй. Крэдытаў, па якіх даводзіцца плаціць, у краіны шмат, яны дарагія, і ў канчатковым выніку гэта тыя грошы, якія адбіраюцца з нашай эканомікі, не ўкладваюцца ў развіццё. Гэта тармозіць без таго слабы рост.

Па меры павелічэння даўгавой нагрузкі ў Беларусі зніжаюцца магчымасці для капіталаўкладанняў у асноўныя сродкі, гэта прыводзіць да росту іх зносу. У канчатковым выніку мы не зможам вырабляць якасныя прадукты, бо не маем фінансавых рэсурсаў на абнаўленне абсталявання. Ды і чарговай мадэрнізацыяй па старых лякалах праблему не вырашыць. Эфект ад мінулых аказаўся вельмі сумніўны.

Замест рашэння, пытанне з даўгамі адкладаецца, а брэшы, якія ўзнікаюць, затыкаюцца новымі запазычаннямі, якія робяць і без таго абцяжарвальны доўг усё больш небяспечным для эканомікі. Што робяць чыноўнікі ў гэтай сытуацыі? Мяркуючы па рашэннях, якія яны прымаюць, проста імкнуцца не думаць, што будзе заўтра.

«Нашы грошы»: балота з пазыкаў засмоктвае. Чаму чыноўнікі сёння баяцца глядзець на год-два наперад

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Нашы грошы»

У наступным годзе краіне давядзецца выплаціць па дзяржаўных даўгах 10 млрд рублёў або каля $4 млрд. Нават міністр фінансаў адзначае, што гэта на 2 млрд больш, чым у 2021-ым. Але гэта толькі пачатак складанасцей, якія нас чакаюць. Гэты год быў адзначаны «экспартным цудам», які паступова здзімаецца, і санкцыямі, якія пакуль не пачалі працаваць на поўную сілу. А што будзе ў наступным?

У 2022, відавочна, сыдуцца адразу некалькі негатыўных фактараў. Падзенне экспарту, якое намецілася, будзе пагоршана санкцыямі. І ў гэтых умовах аддаваць па атрыманых раней крэдытах трэба будзе значна болей!

Надрукаваць грошы, каб аддаць даўгі не выйдзе, таму што крэдыты ўрад браў у валюце. Выдаткі рэспубліканскага бюджэту на наступны год — 30 млрд руб (бюджэт фармуецца з дэфіцытам у 3 млрд). Для супастаўлення — на выплаты па дзярждоўгу сыдзе сума, эквівалентная траціны рэспубліканскага бюджэту (на практыцы з бюджэту выплачваюцца толькі працэнты па крэдытах, у 2022 годзе гэта 3,5 млрд).

Калі зазірнуць у 2023 год і пазней, становіцца зразумела, што будзе толькі горш. Гэта нагадвае карціну «Дзявяты вал», калі за адной страшнай хваляй нас накрывае яшчэ большая. Напрыклад, у 2023 годзе Беларусі спатрэбіцца выплаціць яшчэ больш — каля $4,7 млрд.

Беларусам давядзецца аддаваць усё большую долю заробленага, каб выплачваць крэдыты, якія набраў урад. Без змен працэс і далей будзе закальцоўвацца па формуле «ўзяць крэдыт, каб аддаць крэдыт».

У выніку выходзіць, што адна з галоўных фінансавых клопатаў урада ў найбліжэйшыя гады — праца па пастаянным рэфінансаванні даўгоў. Пры гэтым магчымасці знайсці сродкі недзе яшчэ, акрамя як у Расіі, наўрад ці знойдуцца.

А гэта мы яшчэ не згадалі даўгі, якія набралі дзяржпрадпрыемствы пад дзяржаўныя гарантыі. Пры пагаршэнні стану эканомікі расце верагоднасць таго, што і дзяржпрадпрыемствы не змогуць вяртаць запазычанні, і яны немінуча лягуць на бюджэт. І пра гэтыя даўгі з турботай пачынаюць гаварыць у Расіі, разумеючы, што перспектыва атрымаць свае грошы назад становіцца ўсё больш нявызначанай.

Ці ёсць добрыя навіны? На гэты раз — ніводнай. У любым выпадку давядзецца выбіраць паміж некалькімі вельмі дрэннымі варыянтамі. Палітычная незалежнасць Беларусі ўжо сёння выглядае як насмешка, вялікая небяспека, што вельмі хутка ў Маскву адыдуць і ўсе эканамічныя рычагі ўплыву.

Папярэдні матэрыял
«Нашы грошы»: Саюзная дзяржава марнуе грошы на войска, службоўцаў, міліцыю і праўладныя СМІ
Наступны матэрыял
Час адпісак. Што адбываецца з папулярнымі тэлеграм-каналамі ў Беларусі

Iншыя матэрыялы