Расія і Беларусь ужо 25 гадоў рыхтуюцца да інтэграцыі. За гэтую перспектыву Беларусь атрымлівае танныя газ і нафту і пазбаўляецца спадзяванняў на эканамічныя і палітычныя рэформы. Цяжка зразумець, што на самой справе адбываецца ў галіне расійска-беларускага збліжэння: мала таго, што не раскрываецца змест «дарожных карт», улады дзяржаў нават не могуць вызначыцца з іх колькасцю. Калі ў 2019-м годзе гаворка ішла пра 31 карту, то ў 2021-м іх чамусьці засталося 28.
Эксперт ISANS Belarus Андрэй Елісееў напісаў вялікі артыкул, дзе распавёў, што для захавання расійскай падтрымкі Лукашэнка за мінулы год пайшоў на здачу суверэнітэту Беларусі адразу ў некалькіх сферах. А за сухімі пунктамі ў некалькі радкоў, што паказалі грамадскасці, крыюцца шырокія дакументы аб перапісванні законаў Беларусі на расійскі манер.
Па словах эксперта, для захавання свайго становішча Лукашэнка за апошні год здаў адразу некалькі сфер суверэнітэту Беларусі:
- Інфармацыйную. Цяпер на дзяржТБ у Беларусі знакавыя падзеі каментуюць прапагандысты з Расіі і Украіны.
- Самастойную знешнюю палітыку і абарону. З кабінетаў ужо гучаць заклікі выкрэсліць з Канстытуцыі фармулёўкі пра імкненне да нейтралітэту.
- Незалежныя прававыя нормы. Акрамя таго, паскоранымі тэмпамі ідзе «інтэграцыя» Беларусі з Масквой у адукацыйнай сферы аж да планаў стварэння «агульных» падручнікаў гісторыі.
«Улічваючы вялікую ступень эканамічнай залежнасці Беларусі і тое, што яе эканоміка складае ўсяго каля 3% ад памераў расійскай, на практыцы, за выключэннем рэдкіх паказушных прыкладаў «раўнапраўя», гаворка будзе ісці аб маштабным пераходзе Беларусі на расійскія прававыя нормы практычна ва ўсіх сферах, з магутнай інстытуцыйнай прывязкай Беларусі да Расіі», — кажа Елісееў.
Важна сказаць і пра фармулёўкі так званых «саюзных праграм», якія сталі вядомыя людзям. Калі там гаворыцца пра «ўніфікацыю» права, маецца на ўвазе перапісванне беларускіх законаў пад расійскія літаральна пад капірку, а там дзе пра «гарманізацыю» — пра максімальна магчымае іх прывядзенне да агульнай асновы, пераважна зыходзячы з патрэб і пажаданняў расійскага боку.
Экс-амбасадар РФ Дзмітрый Мезенцаў, яшчэ ў канцы 2020-га казаў, што інтэграцыйныя дамоўленасці будуць азначаць «выданне, дапаўненне, асучасненне больш за 700 нарматыўна-прававых актаў».
Гэта значыць, што многія (калі не большасць) беларускіх міністэрстваў і ведамстваў будуць скарочаныя, бо для капіявання расійскіх законаў проста не трэба столькі людзей.
Эксперт таксама падкрэслівае, што «інтэграцыю» нельга параўноўваць з практыкай ЕС, бо эканоміка Германіі там складае 22%, а не 97% як у выпадку параўнання з РФ.
«Інтэграцыю» можна параўнаць са Зборам законаў Расійскай імперыі, калі адмянілі дзеянне Статута ВКЛ у 1840 годзе. Або з БССР, калі Мінск меў толькі намінальны суверэнітэт, а ўсе рашэнні прымала Масква.
То бок беларускія ўлады вядуць сакрэтныя ўзгадненні і лічаць неабходным дзяліцца інфармацыяй не з беларускім народам, а выключна з расійскімі калегамі.