Абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 6 раёнах, 5 з якіх – у прымежжы з Літвой

Мінлясгас
5 хв.

На русском языке: Ограничения на посещение лесов введены в 6 районах, 5 из которых — в приграничье с Литвой

Абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя ў Астравецкім, Смаргонскім, Воранаўскім, Лідскім, Ашмянскім і Ляхавіцкім раёнах. Пра гэта паведамляе міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.

Адзначым, што забарона на наведванне лясоў наўрад ці звязаная з магчымымі пажарамі: сярэдняя тэмпература паветра ў красавіку ў Беларусі складае каля 8°С, колькасць дажджлівых дзён – 21, а норма ападкаў – 38 мм. Гэтага дастаткова для адсутнасці пажараў, улічваючы, што за тры тыдні ападкаў ужо выпала больш за норму.

Абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 6 раёнах, 5 з якіх – у прымежжы з Літвой

Цікава, што ўчора, 19 красавіка, Мінлясгас абʼявіў аб абмежаванні на наведванне лясоў у Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці. Аднак праз чатыры гадзіны міністэрства назвала гэта «тэхнічнай памылкай» і абмежаванне з карты прыбралі.

«Інфармацыя, якая зʼявілася раніцай на асобных рэсурсах, стала вынікам тэхнічнага збою. Сапраўдныя ўмовы надворʼя і класы пажарнай небяспекі дазваляюць бесперашкодна наведваць лясны фонд», – пракаментавалі тады ў Мінлясгасе.

Аднак ужо на наступны дзень абмежаванні на наведванне лясоў увялі ў раёнах, якія мяжуюць з Літвой ці знаходзяцца блізка да мяжы. Таксама раніцай 21 красавіка абмежаванні ўвялі ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, які знаходзіцца ўнутры краіны.

З чым гэта можа быць звязана?

6 красавіка мы пісалі аб тым, што ў прыграніччы з Літвой перакінутыя танкі 120-й брыгады. На станцыю Гудагай Астравецкага раёна прыбыў эшалон з не менш як 20-цю адзінкамі тэхнікі УС РБ, сярод якіх як мінімум 10-15 танкаў Т-72Б/Б3, БТРы, БМП і МТ-ЛБ. Ёсць падставы меркаваць, што ў Гудагай быў перакінуты эшалон з тэхнікай 120-й брыгады ВС РБ (дыслакуецца ва Уруччы, Мінск). Таксама ў пачатку красавіка не менш як 15 БТРаў і 3 МАЗа брыгады здзейснілі марш у напрамку мяжы.

3 красавіка МА РБ абʼявіла аб пачатку чарговай праверкі боегатоўнасці аднаго са злучэнняў УС РБ. Сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вольфавіч тады паведаміў, што ў рамках праверкі адно з падраздзяленняў УС РБ будзе выведзена на палігоны і розныя ўчасткі мясцовасці. Плануецца выхад падраздзяленняў да дзяржаўнай граніцы, тэрміны праверкі абазначаліся як «на працягу месяца».

Воранаўскі і Астравецкі Гродзенскай вобласці, дзе ўведзены абмежаванні на наведванне лясоў, знаходзяцца ў прыграніччы з Літвой. Магчыма прычына абмежаванняў заключаецца менавіта ў вучэннях, якія праводзяцца ў красавіку.

Увесну 2022 г. былі ўведзеныя забароны на наведванне лясоў на поўдні краіны. Прычынай называлася напружаная пажаранебяспечная абстаноўка, што было нахабнай хлуснёй: у той час ішлі моцныя дажджы. Забароны і абмежаванні дзейнічалі толькі на поўдні краіны, практычна ва ўсіх прыгранічных раёнах з Украінай, дзе больш за 2 месяцы базавалася і дагэтуль часткова застаюцца войскі і тэхніка УС РФ.

Летам 2022 года ў Беларусі ўводзілі абмежаванні на наведванні адначасова 42 раёнаў, а пазней абмежаванні ўвялі ва ўсёй Магілёўскай і Гродзенскай абласцях.

Адзначым, што ў 2022 годзе абмежаванні і забароны на наведванне лясоў практычна да канца лістапада. Але і пасля гэтага пастанова Саўміна нумар 882 «Аб мерах па забеспячэнню пагранічнай бяспекі» абмежавала ўезд (уваход), часовае знаходжанне і перамяшчэнне ў пагранічнай паласе ў межах трох раёнаў Гомельскай вобласці: Лоеўскага, Брагінскага і Хойніцкага. Прычым у дакуменце не пазначаныя даты сканчэння забароны.

Папярэдні матэрыял
Сейм Літвы адмяніў вета Наўседы
Наступны матэрыял
У Мінск прыехаў Зюганаў для ўдзелу ў т.зв. «антыфашысцкім форуме»

Iншыя матэрыялы