In English:
Review of the main events of the Belarusian propaganda about the war in Ukraine for March 23 by Hajun Project
На русском языке:
Обзор основных событий беларусской пропаганды о войне в Украине за 23 марта от Гаюна
Праект Гаюн апублікаваў агляд аб дзейнасці беларускай прапаганды на тэму вайны з Украінай за 23 сакавіка.
1. Працягваецца асвятленне нясення службы падраздзяленнямі УС РБ «па ўзмацненні ўчасткаў Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
Адзначаецца, што вайскоўцы ўзмацняюць ахову дзяржаўнай мяжы «з мэтай прадухілення магчымых правакацый і недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Беларусі дыверсійна-разведвальных груп, зброі і боепрыпасаў». Асобная ўвага была нададзена бытавому забеспячэнню вайскоўцаў. У прыватнасці — арганізацыі харчавання ў палявых умовах.
Праз падобныя рэпартажы дэманструецца няўдзел УС РБ у баявых дзеяннях ва Украіне. Узмацненне ж аховы дзяржаўнай мяжы прадыктавана выключна мэтамі нацыянальнай бяспекі, і мае абарончы характар.
2. Міністэрства абароны публікуе відэа пад хэштэгам #армія_тваёй_краіны, у якіх распавядаецца аб буднях Узброеных Сіл. Апошняе відэа дэманструе працу баявых плыўцоў. Такім чынам, фарміруецца станоўчы імідж Узброеных Сіл — сучасных, навучаных і здольных абараніць краіну ад любой ваеннай агрэсіі.
3. Вышэйшыя службовыя асобы здзяйсняюць паездкі не толькі па вайсковых часцях, але і па працоўных калектывах. Так, Дзяржсакратар Савета бяспекі А.Вольфавіч наведаў Гродзенскую вобласць, дзе сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім складам вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, і абмеркаваў «грамадска-палітычную і сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў рэгіёне».
Асаблівая ўвага была нададзена вайне ва Украіне, а таксама «дэзінфармацыі, якую распаўсюджваюць у інфармацыйнай прасторы дэструктыўныя сілы». А.Вольфавіч заявіў, што УС РБ не бяруць і не плануюць браць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. «Мы прыкрываем нашу паўднёвую мяжу ад пранікнення ў краіну дыверсійна-разведвальных груп, радыкалаў і зброі», — заявіў Вольфавіч. Адзначым, што выкананне названых задач з’яўляецца афіцыйным тлумачэннем прысутнасці УС РБ на мяжы.
Таксама А.Вольфавіч распавёў пра пачатак вясновай прызыўной кампаніі на тэрміновую ваенную службу, а таксама будучы прызыў на службу ва Узброеныя Сілы 150 афіцэраў запасу. І падкрэсліў, што гэта «планавыя мерапрыемствы, якія ладзяцца штогод. Ніякіх надзвычайных захадаў тут няма і быць не можа». Аднак варта звярнуць увагу, што ў папярэднія гады колькасць прызываных афіцэраў запасу складала да 100 чалавек. Гэта можа сведчыць аб дэфіцыце ва Узброеных Сілах малодшых афіцэрскіх кадраў.
Таксама варта звярнуць увагу на склад удзельнікаў сустрэчы — выкладалі ўстаноў адукацый (г.зн. пераважна адукаваныя людзі).
4. Быў апублікаваны відэарэпартаж аб учорашнім вяртанні 103 паветрана-дэсантнай брыгады ў пункт пастаяннай дыслакацыі пасля паспяховага выканання задач па ўзмацненні ўчасткаў Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Коратка:
- падраздзяленні праводзілі (у т.л.) разведвальна-пошукавыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне БПЛА;
- беларусы — гэта адзіная сям’я;
- мясцовае насельніцтва падтрымлівала і дапамагала вайскоўцам на мяжы;
- ахоўваючы мяжу, вайскоўцы адчуваюць сябе сапраўднымі абаронцамі Айчыны;
- родныя адчуваюць гонар за сваіх сыноў, якія праходзяць службу ва Узброеных Сілах.
Агляд падрыхтаваны маніторынгавай камандай Праекта Гаюн.