Агляд асноўных падзеяў беларускай прапаганды аб вайне ва Украіне за 17 красавіка ад Гаюна

Фота: Міністэрства Абароны РБ
5 хв.

Беларускі Гаюн апублікаваў агляд аб дзейнасці беларускай прапаганды на тэму вайны з Украінай за 17 красавіка.

У нядзельнай праграме «Арсенал» рубрыка «Развод» (гл. з 10:27) была прысвечана «ўкраінскаму неанацызму».

Асноўныя тэзы:

  • ва Украіне квітнее неанацызм. Яму ўласцівы многія атрыбуты нацысцкай Германіі. Напрыклад, лозунг «Україна понад усе!» у сюжэце атаясамліваецца з нямецкім «Deutschland über alles»;
  • аксіёма: украінскае войска выкарыстоўвае грамадзянскае насельніцтва ў якасці жывога шчыта;
  • неанацызм праяўляецца ў барацьбе з савецкімі помнікамі Другой сусветнай (Вялікай Айчыннай) вайны;
  • нацызм, атрымаўшы «падсілкоўванне» крывёй ва Украіне, распаўсюджваецца па Еўропе;
  • разглядаюцца праявы неанацызму ў Латвіі са стандартным наборам прэтэнзій — ушанаванне латвійскіх легіянераў СС, знос помнікаў і інш.;
  • вядучая паказвае на ўдзел нацыянальных паліцэйскіх фармаванняў, якія складаюцца з украінцаў і латышоў, у карных аперацыях на тэрыторыі Беларусі. Як следства — сёння Латвія актыўна падтрымлівае Украіну.

Пасля прагляду сюжэту дарэчы будзе працытаваць Лермантава: «Змяшаліся ў кучу коні, людзі». Спекуляванне на Другой сусветнай (Вялікай Айчыннай — у афіцыйнай савецкай і беларускай гістарыяграфіі) вайне з’яўляецца базісам афіцыйнай ідэалогіі ў Беларусі.

Для беларусаў слова «нацызм» мае выключна негатыўную канатацыю. І гэта нядзіўна — бо ў гады Другой сусветнай вайны па розных ацэнках загінуў кожны 3 жыхар БССР. Магчыма таму так папулярна ў беларускіх чыноўнікаў і прапагандыстаў называць усіх вакол «нацыстамі», то бок у часткі аўдыторыі такія заявы знойдуць водгук. Яшчэ гэта дазваляе першапачаткова заняць мацнейшую маральную пазіцыю: «не вучыце нас жыццю. Вы, фашысты, 80 гадоў таму нас нішчылі».

На жаль, беларускія прапагандысты не ведаюць, напрыклад, што ў 1940 годзе краіны Прыбалтыкі былі акупаваныя СССР. І для іх увесь перыяд савецкай улады можна ахарактарызаваць, мякка кажучы, якая набіла ў апошні час аскому фразай «не ўсё так адназначна».

У сюжэце прымяняецца стандартная схема пабудовы прычынна-выніковых сувязяў, заснаваная на вырыванні фактаў з кантэксту. Напрыклад, «украінскія вайскоўцы прыкрываюцца грамадзянскім насельніцтвам» падаецца як аксіёма. Як кажуць, верце на слова.

У гледача ТБ павінна фармавацца падсвядомае атаясамліванне наступных слоў: Захад, Украіна, дэмакратыя, неанацызм, фашысты — дрэнна. Адным стрэлам забіваюцца ўсе зайцы адразу.

Агляд падрыхтаваны маніторынгавай камандай Праекта Гаюн

In English: Review of the main events of the Belarusian propaganda about the war in Ukraine for April 17 by Hajun Project
На русском языке: Обзор основных событий беларусской пропаганды о войне в Украине за 17 апреля от Гаюна

Папярэдні матэрыял
Агляд асноўных падзеяў беларускай прапаганды аб вайне ва Украіне за 16 красавіка ад Гаюна
Наступны матэрыял
Google не будзе спыняць падпіскі беларусаў на Google One, калі ім працягне паступаць аплата за іхнія паслугі

Iншыя матэрыялы