На русском языке:
Активисты лукашенковского союза офицеров тренируют российских мобилизованных?
30 сакавіка прадстаўнікі грамадскага абʼяднання «Беларускі саюз афіцэраў» наведалі палігон «Лепельскі», дзе прынялі ўдзел у правядзенні заняткаў з расійскімі вайскоўцамі, якія ўваходзяць у склад так званай «рэгіянальнай групоўкі войскаў», падзяліліся сваім баявым досведам і ўручылі каштоўныя падарункі. Пра гэта паведаміў канал 19-й механізаванай брыгады УС РБ.
Судзячы па апублікаваных фота, на палігоне расійскія вайскоўцы асвойваюць мінамёт 2Б9 «Васілёк» калібра 82 мм. Дарэчы, у РБ такія мінамёты перададзены на ўзбраенне тэрытарыяльных войскаў.
Тое, што спецыялісты з УС РБ рыхтуюць расейскіх мабілізаваных на палігонах у РБ – гэта ўжо даўно не навіна. Але бачна ўсё настолькі дрэнна з інструктарамі, што даводзіцца прыцягваць ваенных пенсіянераў папрацаваць бясплатна.
Дарэчы, у пятніцу Лукашэнка заявіў, што на тэрыторыі РБ «расейскія падраздзяленні навучаюцца пяццюстамі беларускімі афіцэрамі». Магчыма, ён проста забыўся дадаць «і пенсіянерамі»?
Нагадаем, што расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць палігон «Лепельскі» для падрыхтоўкі асабовага складу з кастрычніка 2022 года. Фотасправаздача наведвання актывістамі саюза афіцэраў палігон паказвае, што УС РФ выкарыстоўваюць яго да гэтага часу ў сваіх мэтах.